Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Gazeta Wyborczа” адзначыла 10-годзьдзе прэзыдэнцтва Лукашэнкі публікацыяй артыкулу пад назвай “Дырэктар саўгасу Беларусь”


Альгерд Невяроўскі, Менск Напярэдадні 10-й гадавіны прыходу да ўлады ў Беларусі Аляксандра Лукашэнкі найбуйнейшае польскае выданьне “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул публіцыста Аляксандра Фядуты пра 10 гадоў кіраваньня беларускага прэзыдэнта. Наш карэспандэнт зьвязаўся з намесьнікам рэдактара аддзелу публіцыстыкі “Gazety Wyborczej” Рышардам Хальцэрам, які патлумачыў, у чым прычына зацікаўленьня ягонага выданьня беларускай праблематыкай.

У артыкуле пад красамоўнай назваю “Дырэктар саўгасу Беларусь” Аляксандар Фядута даволі падрабязна распавядае польскім чытачом пра тое, як цягам 10 гадоў Аляксандар Лукашэнка стварыў у Беларусі сыстэму асабістай улады. Вось цытата: “Лукашэнка не прызнае ніякіх іншых спосабаў кіраваньня, акрамя тых, якім навучыўся ў саўгасе. А саўгас – гэта найбольш разьвітая форма савецкай сыстэмы прыгону”.

Чаму памянёная тэма так зацікавіла польскае выданьне? Я спытаўся пра гэта ў намесьніка рэдактара аддзелу публіцыстыкі “Gazety Wyborczej” Рышарду Хальцэру. Вось што ён адказаў:

(Хальцэр: ) “Тое, што адбываецца ў нашага бліжэйшага суседа, мусіць быць для нас цікава. І потым, ведаеце, кіраваньне Лукашэнкі таксама павінна быць нам нейкай навукай. Лукашэнка ішоў да ўлады з рознымі абяцаньнямі. У нас таксама ёсьць палітыкі, якія ахвотна складаюць розныя пэрспэктыўныя абяцаньні. Я думаю, – гэта тэкст, які чытаецца шырэй. Бо ён пра Беларусь, пра нашага блізкага й важнага суседа, і ён можа быць нейкім урокам для палякаў. Мне гэты тэкст цікавы, бо Фядута быў блізкім супрацоўнікам Лукашэнкі, які разам зь ім ішоў. Ён паверыў гэтаму чалавеку, але людзі могуць памыляцца. Для мяне з гэтага тэксту вынікае такая навука, што структуры й праграмы, зь якімі кандыдат ідзе на выбары, важней за тое, якое гэты чалавек робіць – лепшае ці горшае – уражаньне”.

На сайце газэты зьмешчаны меркаваньні больш чым 20 чытачоў пра артыкул. Думкі падзяліліся. Адны пішуць: пададзена сапраўдная карціна таго, што адбывалася зь Беларусьсю цягам 10 апошніх гадоў. А іншым Аляксандар Лукашэнка здаецца вельмі добрым кіраўніком, які дбае пра сваю краіну. Сам Рышард Хальцэр лічыць артыкул праўдзівым, і дадае: падобныя публікацыі будуць зьяўляцца на старонках газэты й надалей.
XS
SM
MD
LG