Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці патрэбны псыхоляг беларускім атлетам у Афінах? Ці сапраўды Ўладзімер Самсонаў моліцца перад матчамі?


Міхал Стэльмак, Менск Адным з найважных складнікаў спартовага посьпеху лічыцца псыхалягічная ўстойлівасьць спартоўцаў. Як ні цяжка спрагназаваць, на Алімпійскіх гульнях у Грэцыі пераможцамі стануць найперш тыя, хто, апроч спрыту ды фізычнай выносьлівасьці, прадэманструе на галоўным спартовым іспыце апошняга чатырохгодзьдзя яшчэ й цьвёрдасьць духу. Пра некаторыя аспэкты псыхалягічнай падрыхтоўкі беларускіх спартоўцаў і павядзецца гаворка.

Беларуская спартовая гісторыя мае не адну старонку сумнага досьведу, зьвязанага з псыхалягічнымі праблемамі спартоўцаў. Гаворыць вядомы беларускі самбіст, неаднаразовы ў мінулым чэмпіён сьвету Міхаіл Баранаў:

(Баранаў: ) “Мог у моцнага выйграць, а слабому прайграць з-за таго, што ня меў псыхалягічнай устойлівасьці”.

У савецкі час большасьць спартоўцаў абыходзілася без спэцыялістаў у сфэры спартовай псыхалёгіі. Прыгадвае колішняя чэмпіёнка Савецкага Саюзу ў сямібор’і, удзельніца Алімпійскіх гульняў у Сэуле Сьвятлана Бурага:

(Бурага: ) “Асабліва тады й не было. Можа, у зборнай яны й прысутнічалі, але ніхто з намі не працаваў, ніхто з намі не праводзіў бяседы”.

Муж Сьвятланы Маркс Бурага ў 1980-90-я гады выступаў у дзесяцібор’і. Паводле яго, многія тагачасныя спартоўцы з адсутнасьці належнай псыхалягічнай дапамогі прайгравалі важныя спаборніцтвы. Ці патрэбны псыхолягі цяперашнім беларускім спартоўцам? Вось што мяркуе на гэты конт спадар Бурага:

(Бурага: ) “Для спартоўцаў – абавязкова. Таму што перагрузкі вялікія. У любой камандзе павінен быць псыхоляг. Таму што перагрузкі і фізічныя, і нэрвовыя. З псыхолягам будзе нейкі клімат псыхалягічны ў камандзе”.

Ці будуць псыхолягі гартаваць дух беларускіх спартоўцаў, якія маюць выступаць на Алімпійскіх гульнях у Грэцыі? Дакладны адказ на гэтае пытаньне мяркуецца атрымаць пасьля зацьвярджэньня складу беларускай алімпійскай дэлегацыі. Пакуль жа можна толькі разважаць пра пляны накіраваньня псыхолягаў у Афіны. Але й калі насамрэч іх залічаць у дэлегацыю, то, відавочна, гэта будуць адзінкі. Інакш кажучы, пра асабістых псыхолягаў адносна беларускіх спартоўцаў на цяперашніх Алімпійскіх гульнях гаварыць наўрад ці варта. Напрыклад, вядома, што патэнцыйным кандыдатам на паездку ў Афіны лічыцца псыхоляг Мікалай Волкаў.

Як паведаміў мне спадар Волкаў, калі пытаньне зь ягонай паездкай у Грэцыю вырашыцца станоўча, то на алімпійскіх спаборніцтвах ён будзе аказваць псыхалягічную дапамогу вялікай колькасьці беларускіх спартоўцаў. У паасобку, алімпійцам, што выступяць у настольным тэнісе, у так званым вялікім тэнісе, у боксе, у грэка-рымскай і вольнай барацьбе, дзю-до. Між тым, паводле спадара Волкава, спартоўцам патрэбна не калектыўная, а пэрсанальная дапамога:

(Волкаў: ) “Тут ужо канкрэтна з кожным. З кожным канкрэтныя пытаньні, канкрэтныя заданьні. У залежнасьці ад стану спартоўцы, у залежнасьці ад сытуацыі, якая складзецца там”.

(Карэспандэнт: ) “Вы бачыце шмат праблем?”

(Волкаў: ) “Праблемы, як правіла, узьнікаюць раптам, нечакана. Наагул трэба быць гатовым да ўсяго”.

Відочна, адзін спадар Волкаў воз магчымых псыхалягічных праблем у Грэцыі наўрад ці пацягне. Таму большасьць беларускіх алімпійцаў плянуюць вырашаць іх самастойна. Прычым, адрозна ад маладзейшых, вядомыя спартоўцы, як мне падалося, ставяцца да псыхалягічнай падрыхтоўкі больш сур’ёзна. Вось, напрыклад, лідэр зборнай Беларусі па настольным тэнісе Ўладзімер Самсонаў. У яго ёсьць некалькі сакрэтаў загартоўкі духу. І найперш – малітва, якую спартоўца прамаўляе перад спаборніцтвамі. У размове са мной ён патлумачыў гэта наступным чынам:

(Самсонаў: ) “Я насамрэч імкнуся знайсьці час для малітвы. Гэта вельмі важна. Я ня ведаю, калі гэта прыйшло”.

(Карэспандэнт: ) “Вы лічыце сябе вернікам? Так?”

(Самсонаў: ) “Я сам праваслаўны. Быў хрышчаны ў праваслаўнай царкве. Мая жонка каталічка. Малітва як сродак можа дапамагчы кожнаму чалавеку”, сказаў пяцікратны чэмпіён Эўропы па настольным тэнісе Ўладзімер Самсонаў.
XS
SM
MD
LG