Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міністэрства транспарту пачало караць прадпрымальнікаў, якія не паставілі касавыя апараты ў маршрутных таксоўках


Юлія Шарова, Менск Днямі інспэкцыя Міністэрства транспарту зьдзейсьніла рэйд-праверку – за рознага кшталту парушэньні, у тым ліку й за адсутнасьць касавых апаратаў 39 прадпрымальнікаў пазбавіліся ліцэнзійных картак. Між тым яшчэ месяц таму адзін з гомельскіх прадпрымальнікаў здолеў давесьці ў судзе сваё права не ўсталёўваць у машыне апарат. Чаму гэта ня стала юрыдычным прэцэдэнтам для ўсёй краіны?

Удача гомельскага прадпрымальніка Ўладзімера Голуба сталася надзеяй для іншых уладальнікаў маршрутных таксовак. На сёньняшні дзень 3,5 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў маюць ліцэнзіі на пасажырскія перавозкі ў маршрутках, тут задзейнічаныя амаль 8 тысяч транспартных сродкаў. Але толькі 2.715 зь іх абсталяваныя касавымі апаратамі. Такім чынам, значная частка прадпрымальнікаў знаходзіцца пад пагрозай страты ліцэнзіі. Кіроўцы неаднаразова скардзіліся на тое, што гэтыя апараты ўскладняюць працу ды не прыносяць карысьці, аднак чынавенства не прыслухоўвалася.

У Міністэрстве транспарту заяўляюць: справа спадара Голуба хутчэй за ўсё будзе толькі адзінкавым выпадкам. Тлумачыць прэсавы сакратар Міністэрства Эсьміра Гоман.

(Гоман: ) “Гэта дэкрэт № 17. Якраз паводле гэтага дэкрэту патрэбная ліцэнзія для ажыцьцяўленьня гэтай дзейнасьці. А ліцэнзію выдаём мы толькі тым, у каго ёсьць касавы апарат. Гэта таксама па законе. І мы ня ведаем, чаму Голубу гэты суд сказаў, што ён меў рацыю”.

Юрыст Беларускага саюза прадпрымальнікаў Сяргей Стрэльчык таксама лічыць, што перамога кіроўцы таксоўкі ў судзе хіба выпадковая. Але стаць судовым прэцэдэнтам для ўсёй краіны яна ня можа.

(Стрэльчык: ) “Прэцэдэнт судовы не зьяўляецца ў нас крыніцай права. У нас не ангельска-саксонская, у нас гэтак званая кантынэнтальная сыстэма. У нас крыніцамі права зьяўляюцца нарматыўныя прававыя акты. Таму я рады за прадпрымальніка гомельскага, які выйграў справу ў судзе, але тым ня менш прэцэдэнтам гэта ня можа стаць”.

Зрэшты, 23 ліпеня рашэньне Гомельскага абласнога суду будуць пераглядаць: Міністэрства транспарту падало касацыйную скаргу, і, як сказалі мне ў прэсавай службе, мае ўсе шанцы выйграць.
XS
SM
MD
LG