Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францыя пратэстуе супраць выказваньня Арыэля Шарона, які заклікаў францускіх габрэяў эміграваць у Ізраіль


Ганна Соусь, Прага Прэм’ер-міністар Ізраілю Арыэль Шарон заклікаў францускіх габрэяў эміграваць у Ізраіль, каб унікнуць антысэмітызму. Урадоўцы й габрэйскія лідэры Францыі скрытыкавалі заяву ізраільскага лідэра. Парыж патрабуе тлумачэньняў з нагоды гэтага “недапушчальнага камэнтара”.

У нядзелю ў часе паседжаньня Амэрыканскай габрэйскай асацыяцыі ў Ерусаліме Арыэль Шарон заклікаў францускіх габрэяў неадкладна пакінуць Францыю, каб пазьбегнуць беспрэцэдэнтнай хвалі антысэмітызму.

(Шарон: ) “Я павінен сказаць, што францускі ўрад прымае крокі супраць антысэмітызму. Але я магу параіць нашым братам у Францыі толькі адно: ад’яжджайце ў Ізраіль як мага хутчэй. Гэта я кажу габрэям ва ўсім сьвеце, але я бачу, што ў Францыі гэта трэба рабіць неадкладна”.

Мусульманская грамада ў Францыі налічвае 5 мільёнаў чалавек. Шарон абвінаваціў іх у распальваньні антыізраільскіх настрояў у краіне, дзе, паводле ізраільскага прэм’ера, антысэмітызм заўсёды існаваў.

Гэтая заява ізраільскага прэм’ера прыпала на 62-ую гадавіну арыштаў дзесяткаў тысяч габрэяў у часе Другой Усясьветнай вайны. Выказваньне Шарона выклікала пратэст у францускім грамадзтве. Міністэрства замежных справаў назвала яго недапушчальным і патрабавала тлумачэньняў ад ізраільскага ўраду.

Габрэйскія лідэры ў Францыі гэтаксама скрытыкавалі заяву Арыэля Шарона. Ганаровы прэзыдэнт прадстаўнічай рады габрэйскіх інстытутаў Францыі Тэа Кляйн упэўнівае Шарона ня ўмешвацца ў справы 600 тысячаў францускіх габрэяў. Былы прэзыдэнт габрэйскай асацыяцыі студэнтаў у Францыі Патрык Клюгман кажа, што Шарон ня ведае рэальную сытуацыю ў Францыі.

Прэзыдэнт ніжняй палаты Нацыянальнага сходу Жан-Луіс Дэбрэ назваў заяву Арыэля Шарона “недапушчальнай, непрымальнай і безадказнай”. Прадстаўнік апазыцыйнай сацыялістычнай партыі Жульен Дрэ абвінаваціў ізраільскага лідэра ў тым, што ён хоча ўскласьці адказнасьць на мусульманскую грамаду ў Францыі за нядаўнія антысэміцкія інцыдэнты.

Паводле міністэрства замежных справаў Францыі, колькасьць антысэміцкіх нападаў ў першай палове 2004 году крыху павялічылася ў параўнаньні гэткім жа пэрыядам леташняга года. Згодна са статыстыкай, павялічылася таксама колькасьць нападаў і супраць арабаў-мусульманаў, хаця агульная іх колькасьць была меншай.

У сувязі з пратэстамі ў Францыі Арыэль Шарон заявіў, што ягоныя словы былі няслушна зразуметыя. Як адзначаў прадстаўнік Шарона Аві Пазнэр, ізраільскі прэм’ер-міністар меў на ўвазе, што габрэі Францыі ёсьць часткай Ізраілю, як і габрэі ва ўсім сьвеце.

Колькасьць габрэяў, якія эмігруюць з Францыі ў Ізраіль, рэзка павялічылася за апошнія некалькі гадоў. У 2003 годзе іх было болей за 2 300 чалавек. Аднак, як адзначыў памочнік Галоўнага рабіна Францыі Джозэф Сітрак, большасьць францускіх габрэяў адчувае сябе “часткай душы Францыі” і ня плянуе пакідаць гэтую краіну з найбольшай у Заходняй Эўропе габрэйскаю грамадой.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG