Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наглядальнікі не выключаюць магчымасьці таго, што на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка абвесьціць аб сваім рашэньні застацца на трэці тэрмін


Ігар Карней, Менск Сёньня Аляксандар Лукашэнка тэрмінова склікае прэсавую канфэрэнцыю. Паведамляецца, што на яе запрошаныя шматлікія журналісты. Аднак пра тое, што Лукашэнка вырашыў сустрэцца з прэсай, многія даведаліся толькі ўчора – у тым ліку і наша рэдакцыя. Натуральна, мы адразу зрабілі захады, каб акрэдытаваць свайго карэспандэнта, але, як выказаўся адзін з супрацоўнікаў прэсавага цэнтру Лукашэнкі, "ускочыць у апошні вагон" не ўдалося.

Адмову нашаму Радыё ўдзельнічаць у мерапрыемстве патлумачылі толькі тым, што мы спазьніліся з заяўкай на акрэдытацыю. На пытаньне, а калі яе трэба было падаваць і чаму мы не атрымалі запрашэньня ці хоць бы інфармацыі, што гэтая канфэрэнцыя адбудзецца ўвогуле, і менавіта сёньня, супрацоўнік прэс-цэнтру Павал Лёгкі сказаў:

(Лёгкі: ) “Увогуле, усё пачалося некалькі дзён таму, наколькі мне вядома. Мне складана гэта сказаць з той простай прычыны, што я па камандзіроўках “матляўся”, і ўсё для мяне адбывалася праз тэлефон. Шчыра кажучы, вы наўрад ці пасьпееце скокнуць у вагон. Да 12-й мы вялі акрэдытацыю, а потым усё спынілі. Таму калі на гэтым этапе прэсавая сакратарка сваёй рукой у сьпісы вас уключыць, тады так і будзе”.

Мы, як параіў спадар Лёгкі, даслалі факсам заяўку, але на тым баку адразу ж сказалі, што ўжо позна. Пры гэтым, розныя супрацоўнікі прэсавага цэнтру называлі розныя даты, калі сьпіс ужо быў закрыты: то ўчора, то ў суботу. Кропку ў спадзяваньнях на ўдзел карэспандэнта Свабоды ў прэсавай канфэрэнцыі паставіла сама прэсавая сакратарка Лукашэнкі Натальля Пяткевіч.

(Пяткевіч: ) “Акрэдытацыя калі была скончаная? Яна была скончаная ў чацьвер. У мяне ўжо ўсе месцы… Ну, усё… Разумееце, ну куды?”

Мы запыталіся ў сваіх калегаў зь незалежных беларускіх газэтаў, ці атрымалі яны запрашэньні на прэсавую канфэрэнцыю. Цікава, што міністэрства замежных справаў, якое дасылала запрашэньні, зрабіла свой выбар. Так, запрашэньні атрымалі “Белорусская газета” і “Народная воля”. А вось “Белорусская деловая газета”, “Свободные новости”, “Наша ніва”, “Салідарнасьць”, “Время” – не запрошаныя.

Можна сказаць, што экстранная прэсавая канфэрэнцыя выклікае вялікую цікавасьць. Справа ў тым, што менавіта сёньня спаўняецца 10 гадоў ад дня першай інаўгурацыі Лукашэнкі на прэзыдэнцкую пасаду. Паводле Канстытуцыі, болей як 10 гадоў адна асоба ня можа працаваць прэзыдэнтам. Натуральна, ніхто не чакае, што Лукашэнка сёньня перад журналістамі заявіць, што ён пакідае сваё крэсла. А вось іншага – што ён можа пэўна выказацца пра свае пляны кіраваць краінаю ў трэці раз – наглядальнікі і палітыкі зусім не выключаюць.

Зрэшты, на леташняй прэсавай канфэрэнцыі ўпершыню публічна паўстала пытаньне пра магчымы трэці тэрмін. Яго задаў наш карэспандэнт, і Лукашэнка тады ня выключыў такой магчымасьці. А дэпутаты апазыцыйнай у парлямэнце групы “Рэспубліка” зьвязваюць нечаканае і тэрміновае скліканьне прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі яшчэ і з плянаванай на заўтра ў Менску масавай акцыяй пратэсту з нагоды завяршэньня 10-гадовага тэрміну кіраваньня краінай Аляксандрам Лукашэнкам. Вось што адказаў мне ўчора ўвечары кіраўнік групы “Рэспубліка” Сяргей Скрабец на пытаньне “што канкрэтна можа сказаць Лукашэнка?”:

(Скрабец: ) “На маю думку, гэта прымеркавана да абвяшчэньня трэцяга тэрміну. Лукашэнка ня пойдзе на сустрэчу са сваім народам, на мітынг, бо ён проста баіцца – пытаньняў баіцца”.

(Карэспандэнт: ) “Таму кантактаваць з народам будзе выключна праз тэлевізар?”

(Скрабец: ) “Натуральна. Прасьцей, калі ня бачыш вачэй, і калі сустрэча гэтая падрыхтаваная”.

(Карэспандэнт:) “Чаму, на ваш погляд, на сустрэчу запрошана так мала незалежных выданьняў?”

(Скрабец: ) “Таму што Лукашэнка ня ведае, што адказваць на пытаньні незалежнай прэсы. Асабліва калі будзе пытаньне: ці зьбіраецца ён ісьці на трэці тэрмін?”
XS
SM
MD
LG