Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкія арганізацыі Горадні сыходзяць у “падпольле”


Сяргей Астраўцоў, Горадня У мінулыя выходныя ў Горадні адбыўся з’езд Беларускай асацыяцыі рэсурсавых цэнтраў. У ім удзельнічалі прадстаўнікі з 30 гарадоў. Усяго ў Асацыяцыі 71 цэнтар, але палова зь іх сёньня незарэгістраваныя.

Беларуская асацыяцыя рэсурсавых цэнтраў аказвае дапамогу разнастайным грамадзкім ініцыятывам. Цяпер бальшыня арганізацый трэйцяга сэктару робяць спробы набыць афіцыйны статус. Аднак улады ўсё часьцей адмаўляюць ім у рэгістрацыі. На з’езьдзе гаварылі, што фактычна палова грамадзкіх суполак дзейнічаюць безь легалізацыі. Улады цяпер рэгіструюць пераважна толькі арганізацыі сацыяльнага накірунку, а таксама – спартовыя й турыстычныя. Меркаваньне старшыні Беларускай асацыяцыі рэсурсавых цэнтраў Аляксандра Мілінкевіча:

(Мілінкевіч: ) “Некаторыя накірункі дзяржаву наагул не цікавяць. Яна іх ня любіць і баіцца. Гэта, безумоўна, – адраджэньне нацыянальнай сьвядомасьці, гістарычнай памяці, моладзёвыя ініцыятывы, ініцыятывы па правох чалавека, па распаўсюдзе інфармацыі. Дзяржава праводзіць сэлекцыю грамадзкіх арганізацый. Наагул жа незалежны трэйці сэктар дзяржаве непатрэбен: ён разбурае піраміду абсалютнай улады, якая будуецца ў краіне. Ініцыятывы зьнізу такой уладзе непатрэбны.

На тэрыторыі краіны грамадзкія ініцыятывы распаўсюджаны неаднолькава. Найлепшы стан трэйцяга сэктару ў трох абласьцёх – Гарадзенскай, Віцебскай і Берасьцейскай. Затым ідуць Менская з Магілеўскай. Горш за ўсё – у Гомельскай вобласьці: у некаторых раёнах, пацярпелых ад Чарнобыльскай аварыі, няма ніводнай грамадзкай арганізацыі”.

Аляксандар Мілінкевіч гаворыць, што сябры Асацыяцыі рэсурсавых цэнтраў непасрэдна ня ўдзельнічаюць у палітычным жыцьці. Але яны займаюцца мабілізацыйнай і адукацыйнай працай, дапамагаюць актывістам партый вывучаць заканадаўства, распаўсюджваць інфармацыю.

(Мілінкевіч: ) “Мы гаварылі пра супрацоўніцтва з партыямі. Яно для нас выглядае так: мы кажам, што мы не дэпалітызаваныя, але – дэпартызаваныя. У тым сэнсе, што мы аднолькава гатовы дапамагаць усім партыям, якія жадаюць дэмакратычнага разьвіцьця Беларусі”.

Не зважаючы на супрацьдзеяньне ўладаў, трэйці сэктар краіны застаецца досыць масавай зьявай. Гэта можа азначаць, што ўладам не ўдалося дасягнуць сваёй мэты.

(Мілінкевіч: ) “Мы падлічылі: на адну арганізацыю, грамадзкую ініцыятыву прыпадае ў сярэднім да пяцідзесяці чалавек. Ёсьць такія, што разам з валантэрамі могуць сабраць да адной тысячы чалавек, іншыя ж – толькі пяць. Але разам – гэта ўжо даволі вялікі патэнцыял”.

Удзельнікі з’езду, адбытага ў Горадні, адзначалі, што праца ў нелегальным становішчы, вядома, адрозьніваецца ад нармальнай, але гэта не зьмяншае ўплыву трэйцяга сэктару ў рэгіёнах. Больш за тое, сёньня ў грамадзкія арганізацыі прыходзіць шмат моладзі. Асабліва – у малых гарадох.

Паводле афіцыйных лічбаў, трэйці сэктар фактычна не разьвіваецца. Аднак расьце колькасьць незарэгістраваных суполак. Афіцыйна ў Беларусі ёсьць 2800 грамадзкіх арганізацый. Ды прыблізна толькі трэйцяя частка зь іх створана зьнізу. На сёньня існуе таксама 646 незарэгістраваных арганізацыяў.
XS
SM
MD
LG