Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне на вуліцах: чым запомнілася 10-гадовае прэзыдэнцтва Лукашэнкі?


Галіна Абакунчык, Менск 20 ліпеня спаўняецца 10 гадоў першай інаўгурацыі першага прэзыдэнта ў гісторыі незалежнай Рэспублікі Беларусь. Якімі выказваньнямі альбо дзеяньнямі запомнілася прэзыдэнцтва Лукашэнкі грамадзянам краіны? На пытаньне тыдня адказваюць жыхары Менску.

Пытаньне пра Аляксандра Лукашэнку – ці не адзінае, адказваць на якое вельмі многія адмаўляюцца. Некаторыя тлумачаць гэта сваёй прыналежнасьцю да дзяржаўных структур і страхам нэгатыўных наступстваў, іншыя асьцерагаюцца нават называць прычыну адмовы. Тыя, хто пагадзіўся размаўляць, стараліся выказвацца вельмі дыпляматычна. Пытаньне ж гучала наступным чынам:

(Карэспандэнтка: ) “Якія ўчынкі альбо заявы прэзыдэнта ўразілі найбольш, альбо паўплывалі на вашае жыцьцё цягам гэтых дзесяці гадоў?”

(Спадар: ) “Я наагул палітыкай прэзыдэнта незадаволены. Штосьці вылучыць асноўнае не магу, але як прэзыдэнт ён мне не падабаецца”.

(Спадарыня: ) “Вы маеце на ўвазе, што ўразіла ў дзеяньнях прэзыдэнта? Усеагульная галеча народу”.

(Спадар: ) “Дзесяць гадоў я яшчэ ў школе вучыўся. Але за апошнія гады магу сказаць, што ніякіх крокаў насустрач з боку таго ж прэзыдэнта няма. Наадварот – толькі й чуеш, што ўсё больш праблем”.

(Спадарыня: ) “Якія ўчынкі? Ведаеце што, я не прыхільніца ягоная. Але ён дасюль ня здаў нас Расеі. Прычыны, канечне, розныя. Але пакуль мы не з Расеяй. То я нават, у нейкім сэнсе, яго падтрымліваю”.

(Карэспандэнтка: ) “Якое дзеяньне ці якая заява Лукашэнкі паўплывалі на вашае жыцьцё?”

(Спадар: ) “Тое, што ён пра народ клапоціцца. Стараецца, каб людзям жылося лепш”.

(Карэспандэнтка: ) “Дык ці жывецца лепш?”

(Спадар: ) “Ня вельмі што”.

(Спадарыня: ) “У мяне тэлевізара няма, радыё я ня слухаю, і я настолькі далёка ад усіх гэтых палітычных падзеяў, што нават не магу вам нічога сказаць”.

(Спадар: ) “Гэтыя дзесяць гадоў на маё жыцьцё паўплывалі так: усе мужчыны за гэты час пакінулі школу. Я сам настаўнік, і сам пяць гадоў не працаваў у школе. Цяпер вярнуўся. Стала цяжэй, чым было. Думаю ізноў сыходзіць. А ягоныя дзеяньні – біятлён альбо хакей”.

(Спадарыня: ) “Не даюць магчымасьці разьвівацца прыватнаму бізнэсу. Як па-мойму, дык уся эканоміка й павінна будавацца на прыватным бізнэсе. Але ў нас гэтага няма. Усе канцы адразаюць – можна так сказаць. Таксама шмат было рэформ у адукацыі. Але, наколькі я ведаю, студэнты ня вельмі задаволены. Хапае там чаго няправільнага. Але ў народу, як кажуць, ніхто не пытаецца. Ува ўсялякім разе ня трэба забывацца, што мы ў Беларусі й што мы – беларусы”.

(Спадар: ) “Вельмі крыўдна, што мы ня можам размаўляць на сваёй роднай мове: я вось цяпер, каб сказаць, – думаю, ці правільна… Бо гэта вынік двухмоўя, зь якім я таксама ня згодзен. Што найбольш уразіла з прэзыдэнцтва? Тое, што сацыяльная й культурная палітыка мяне не задавальняе цалкам. І хацелася б таксама супольнасьці з эўрапейскімі заходнімі дзяржавамі. Таму ня думаю, што тады мы зрабілі правільны выбар”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG