Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: “Можа быць узьнятае пытаньне аб стварэньні грамадзкіх выбарчых камісіяў”


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня партыі БНФ, АГП і ПКБ падалі дакумэнты ў мясцовыя органы ўлады аб вылучэньні сваіх прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі. Партыйцы мяркуюць патрапіць ува ўсе 110 акруговых камісій, якія непасрэдна забясьпечваюць падрыхтоўку й правядзеньне выбараў у Палату прадстаўнікоў.

Вылучэньне ў склад акруговых выбарчых камісій завершыцца 30 ліпеня. БНФ, АГП і ПКБ правялі ў мінулыя выходныя паседжаньні кіроўных органаў і сёньня перадалі ў мясцовыя органы ўлады пратаколы з прозьвішчамі сваіх прадстаўнікоў. Колькасьць іх можа яшчэ павялічыцца – пасьля завяршэньня збору подпісаў сярод выбарнікаў і сходаў працоўных калектываў, якія таксама маюць права прапаноўваць кандыдатаў камісіі.

Партыя БНФ і грамадзкае аб’яднаньне БНФ “Адраджэньне” вылучылі больш за 80 прадстаўнікоў. Як ацэньвае іхныя шанцы патрапіць у склад камісій старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка?

(Вячорка: ) “Я сьцьвярджаю, што ёсьць права патрапіць у камісію, ёсьць абавязак уладаў улучыць прадстаўнікоў партыі БНФ і іншых дэмакратычных партый у камісіі. Гэта права тым большае, што нашыя абласныя кіраўнікі падалі патрэбныя пакеты дакумэнтаў у ліку першых. Напрыклад, у Берасьцейскай вобласьці партыі БНФ і БНФ “Адраджэньне” падалі пад нумарамі 1 і 2, па горадзе Менску – пад нумарамі 2 і 3, па Віцебскай – 3 і 4. Калі нашыя прадстаўнікі не патрапяць у акруговыя камісіі, – гэта будзе палітычным рашэньнем уладаў. І гэта будзе азначаць, што ўлады рыхтуюцца да нахабнага фальшаваньня”.

Аб’яднаная грамадзянская партыя вылучыла 69 чалавек у акруговыя выбарчыя камісіі. Патлумачвае старшыня АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Калі ўлада прыбегне да байкоту прадстаўнікоў дэмакратычных партый, мы будзем змушаны ўзьняць пытаньне аб стварэньні грамадзкіх выбарчых камісій. Гэткі крок будзе вымушаным. Але ў такім выпадку нам нічога не застаецца, як імкнуцца ствараць нейкую сыстэму кантролю за галасаваньнем і хаця б за нейкім частковым падлікам галасоў”.

Партыя камуністаў Беларуская, са словаў ейнага лідэра Сяргея Калякіна, вылучыла 78 чалавек. Пакуль што, паводле Калякіна, ніякіх праблем не было.

(Калякін: ) ”Праблемы ўсе зьявяцца, калі будуць апублікаваны склады камісій. Гэта робіцца ня сёньня, дзён дзесяць яшчэ ёсьць”.

Паводле Міколы Статкевіча, БСДП (Народная грамада) мяркуе запрапанаваць каля 80 сваіх сябраў у склад акруговых выбарчых камісій, а Беларуская партыя працы – каля 20.
XS
SM
MD
LG