Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У недзяржаўных страхавых кампаніяў аднялі “зялёную карту”


Ігар Карней, Менск Ад сёньняшняга дня беларускія аўтаўладальнікі змогуць выяжджаць па-за межы краіны толькі з полісам міжнароднай сыстэмы страхаваньня "зялёная карта", набытым у дзяржаўных страхавых кампаніях. Паводле Ўказу Аляксандра Лукашэнкі, менавіта дзяржаўныя кампаніі фактычна сталі манапалістамі ў страхаваньні грамадзянскай адказнасьці аўтатранспарту.

У дзейнасьці страхавых кампаній страхаваньне аўтатранспарту займае 70%. Але ад 1 жніўня недзяржаўныя фірмы пазбаўляюцца права наагул страхаваць аўтамабілі. А сёньня ў іх аднялі ліцэнзіі на афармленьне полісаў “зялёная карта”, абавязковых у часе выезду за мяжу. У выніку з рынку выціснуты такія буйныя кампаніі, як “Белзьнешстрах”, “Альвэна”, “Беліндзяржстрах”, “Багач”, “Купава”, “Слаўполіс”, бальшыня зь якіх маюць у сваёй долі замежны капітал. А манапалістамі страхаваньня для выезду за мяжу сталі чатыры кампаніі: “Белдзяржстрах”, “ТАСК”, “Белнафтастрах” і “Прамтрансінвэст”.

Адзін з кіраўнікоў фірмы “Альвэна”, Сяргей Сасноўскі, лічыць, што рэвізію страхавога рынку пралабіравалі прадстаўнікі дзяржаўных кампаній, якія не вытрымлівалі канкурэнцыі з кампаніямі камэрцыйнымі.

(Сасноўскі: ) “Ёсьць лабісты зь дзяржаўных кампаній, якія ходзяць у розныя ўстановы, адчыняюць дзьверы нагамі й робяць, што хочуць. Усе ў шоку – асабліва краіны, зь якімі мы працуем. Бо страхаваньне – гэта міжнародная актыўная дзейнасьць. Атрымліваецца, што з замежнымі партнэрамі папросту ірвуцца сувязі; у адзін момант зьнікаюць безь якіх-небудзь падставаў”.

Страхавы бізнэс у сьвеце лічыцца вельмі прыбытковым. У Расеі яго нават параўноўваюць з гандлем зброяй: летась расейскія фірмы сабралі зь людзей 17 мільярдаў даляраў (пераважна – з абавязковага аўтастрахаваньня), а выплацілі за страхавыя выпадкі толькі 2 мільярды. Але такую дыспрапорцыю не палічылі за падставу, каб зачыніць прыватныя фірмы.

У Заходняй Эўропе страхавым кампаніям дзяржава не рэглямэнтуе, што яны могуць страхаваць, а што – не: умовы працы прыватных, акцыянэрных і дзяржаўных кампаній роўныя. У беларускіх недзяржаўных страхавых кампаній прыбыткі ня ёсьць вельмі вялікімі (прыкладам, абарачэньні кампаніі “Альвэна” складаюць каля мільёна даляраў), а цяпер іх і наагул абмежаваньнямі выціскаюць з рынку.

Спэцыялісты прагназуюць, што ў выніку новых правіл страты мецьмуць ня толькі страхавыя фірмы, але й уладальнікі аўто. Выехаць ў Эўразьвяз ці нават ува Ўкраіну безь “зялёнай карты” ўжо немагчыма. І калі дагэтуль набыць поліс можна было ў адной са шматлікіх страхавых фірм (35 эўра на два тыдні для Эўразьвязу й 5 эўра – для Ўкраіны й Малдовы), то цяпер давядзецца купляць “зялёную карту” толькі ў дзяржаўных установах. А таму трэба чакаць вялікіх чэргаў. Страты ад новага Ўказу Лукашэнкі адчуе й сама дзяржава – лічыць адзін з кіраўнікоў кампаніі “Альвэна”, Сяргей Сасноўскі.

(Сасноўскі: ) “Інвэстары ў галіне страхаваньня адназначна адсюль сыдуць, бо тое поле дзейнасьці, што было, цяпер абмежавана на 70%. Мы ўсё яшчэ спадзяваліся, што тут будзе панаваць розум і цывілізаваны падыход да страхавога рынку, індустрыя будзе разьвівацца. Але яе паступова хаваюць. Яе папросту ня будзе. Савецкія часы наступаюць. Ды мы ня думалі, што так хутка. Усе будуць стаяць у чэргах. І на вас яшчэ паглядзяць: хто вы й які вы. Усё зроблена насуперак здароваму сэнсу. Трэба сядзець і чакаць, што яшчэ нешта забяруць без усялякіх падставаў. Нехта захацеў – дамовіліся, зрабілі”.

А тым часам, нібы ў якасьці кампэнсацыі, дзяржаўныя чыноўнікі раяць недзяржаўным кампаніям, мусова пазбаўленым права страхаваць транспарт, заняцца страхаваньнем жыцьця ды асабістай маёмасьці грамадзян.
XS
SM
MD
LG