Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьць праблемаў вёскі Жанаўцы


Ягор Маёрчык, Жанаўцы /Ваўкавыскі раён, Гарадзеншчына Новая перадача сэрыі "Палітычная геаграфія".

Калі ў цёмную ноч вы заблукаеце ў Ваўкавыскім раёне на Гарадзеншчыне, і лясная дарога выведзе вас да маленькага паселішча, на ўезьдзе ў якое не відно нават шыльды з назовам, – цалкам верагодна, што патрапілі вы ў Жанаўцы. А як пагрукаеце ў дзьверы першай прыкмечанай хаты, то вельмі магчыма, што яна й акажацца жытлом самотнага пэнсіянэра Івана Трафімчыка.

Дык вось, калі ўсе гэтыя акалічнасьці зьбягуцца ў адно, раю вам насунуць на галаву жалезную каску, а цела аберагчы бронекамізэлькай.

(Трафімчык: ) “Завальваю дзьверы. Кладу сякеру ў сенцах. Калі будзе лезьці й ламаць дзьвер, жарну яму па галаве. Чалавек стары напакутуецца й ляжа спаць… Тады яны й зьяўляюцца на раварах і шуруюць па дамах. Праедзьце празь вёску й паглядзеце. Адно сьмецьце валяецца. Усё паабдзіралі. У дамах вокны паздымалі, пабілі ўсё, парвалі. Дык яны ўжо тут хадзілі ды павыбівалі ўсе вокны. Яны думаюць, калі хто дзе памёр, можна грошы ці золата знайсьці. А дзе ён знойдзе?”

(Карэспандэнт: ) “А хто гэта зрабіў?”

(Трафімчык: ) “Моладзь. Гімназісты гэтыя”.

(Карэспандэнт: ) “А адкуль яны ў вас?”

(Трафімчык: ) “А д’ябла іх ведае! Яна з Чырвонага Груду, з Шулеяк /суседнія вёскі/. Там хапае такога паскудзтва!”

(Карэспандэнт: ) І ніхто іх ня можа спыніць?

(Трафімчык: ) А хто іх спыніць? Міліцыянты ня спыняць і не дадуць рады! Вызвалі міліцыю. А што тая міліцыя? Пасьмяялася ды паехала”.

У Жанаўцах жыве меней за 2 дзясяткі чалавек. Налёты моладзі з суседніх вёсак і рабаўніцтва імі склепаў ды закінутых хат – гэта праблема №1.

А праблема №2 – п’янства.

Мая наступная суразмоўца – пэнсіянэрка са стажам некалькі год. Ніякай асаблівай гаспадаркі яна не трымае. А ўсё – праз здароўе. Сілы, кажа, зусім няма. А яшчэ й сын нэрвы псуе.

(Спадарыня: ) “Сын п’е. З сынам удвох жывём. І цяжкае нашае жыцьцё. А тут усе п’юць, нібы якая халера, як цамент ваду, п’юць”.

(Карэспандэнт: ) “А што людзі п’юць: сваё ці нейкі “Крыжачок” набываюць?”

(Спадарыня: ) “Сваё-та ня гоняць. Набываюць. Нейкі “Раяль” п’юць”.

(Карэспандэнт: ) “Што-што?”

(Спадарыня: ) “Раяль” нейкі”.

(Карэспандэнт: ) “А што гэта такое?”

(Спадарыня: ) “Ён у самалётах выкарастоўваецца”.

(Карэспандэнт: ) “А ў вас дзесьці тут самалёты ёсьць?”

(Спадарыня: ) “Няма самалётаў, ёсьць спэкулянты. То адзін прадае, то другі. Я ўсё пытаю, дзе той участковы? Ці ня мог бы ён праехацца па вёсцы? Зайсьці паглядзець, што-дзе-як. Крымінал вялікі!”

(Карэспандэнт: ) “А вы, можа, сына спрабавалі лячыць?”

(Спадарыня: ) “Ня хоча, не даецца”.

(Карэспандэнт: ) “А вы яго гвалтам”.

(Спадарыня: ) “А куды яго завезьці, калі я сама не магу. Я прыехала з Горадні з апэрацыі. Я не магу! Я прашу, каб ён ня піў… Але ён біць мяне ня б’е. Ён у мяне працуе – нічога не скажу”.

Праблема №3 – гэта соткі на палёх.

Калектыўная гаспадарка дае дзялкі без асаблівага разбору. Можа адразу за гародамі адвесьці, а можа - у балоце за суседняй вёскай. Бабульцы з прыгожым імём Леанарда й з прозьвішчам Савашчан не шанцуе ўжо каторы год запар. У свае 75 яна выпраўляецца на поле з бульбаю, як у далёкае падарожжа – трэба пераадолець не адзін кілямэтар. А падвезьці да загону, па праўдзе, няма каму, бо сваіх дзяцей спадарыня Леанарда не нажыла.

(Савашчан: ) “Соткі ў нас далёка ад хаты. Ужо два гады мы з мужыком выкапваем бульбу рукамі. Усе 30 сотак! І роварам возім”.

(Карэспандэнт: ) “А каня знайсьці?”

(Савашчан: ) “А дзе? Няма ў нас! І ў калгасе няма коней! Цягай роварам – як хочаш. А калі не – не садзі!”

(Карэспандэнт: ) “А дэпутат у вас ёсьць?”

(Савашчан: ) “Сімакова ў Чырвоным Грудзе”.

(Карэспандэнт: ) “Часта яна ў вас бывае?”

(Савашчан: ) “Ніхто яе ня бачыў. Як выбралі, так яе ніхто й ня бачыў. І бачыць ня будзем. І што? Яна ня можа калі-небудзь да нас праехацца?”

(Карэспандэнт: ) “А вы самі патэлефануйце й скажыце: “Спадарыня Сімакова, прыедзьце й павырашайце нашыя праблемы!”

(Савашчан: ) “А-га! На старых тут ніхто ня хоча глядзець. Тады яны лезуць, калі за іх трэба прагаласаваць. А калі прагаласавалі – забывайце”.

(Карэспандэнт: ) “Неаднойчы чуў, як той жа Аляксандар Лукашэнка казаў, што ў Беларусі самы галоўны клопат…”

(Савашчан: ) “… каб гэтак усё было, як Лукашэнка гаворыць, мы жылі б і волас з галавы ня ўпаў бы. Вось так!”

(Карэспандэнт: ) “Дык вось, ён казаў, што ў нас самы галоўны клопат – гэта пэнсіянэры”.

(Савашчан: ) “А хто на тых пэнсіянэраў зважае?”

Праблема №4 – …коні. А, дакладней будзе сказаць, адсутнасьць іх.

Адпачатку мне казалі, што коней у Жанаўцах няма. Калі ўбачыў такую жывёліну на падворку сядзібы Чэслава Адамовіча, нават разгубіўся. Ня ведаў, каму верыць болей: вяскоўцам альбо ўласным вачом.

(Карэспандэнт: ) “Колькі коней на вёску?”

(Чэслаў Адамовіч: ) “А няма ніводнага! І гэты – ня мой. Мне сын прывёў на пару дзён. Няма ніводнага каня. Летась бралі 7 тысяч за сотку, каб пасадзіць. Пасадзіць – пасадзяць. А калі трэба выгараць – капай рыдлёўкаю, насі на плячах. А сёлета сказалі, што апрацоўка адной соткі будзе каштаваць 15 тысяч, бо падаражэла ўжо салярка”.

(Карэспандэнт: ) “Адкуль возьмеце такія грошы?”

(Чэслаў Адамовіч: ) “За раз ня плацяць. Людзі просяць, каб расьцягнулі на два, на тры разы. І тады трэба тры месяцы рабіць дарэмна: атрымаеш пэнсію – нясі яе аддавай”.

(Карэспандэнт: ) “Можа, паскардзіліся б – ці ў сельсавет, ці ў райвыканкам?”

(Чэслаў Адамовіч: ) “Дырэктар саўгасу як скажа – так яно й будзе. Вось Лукашэнка езьдзіць у Магілёў, усё вёску адраджае… А тут ніхто да нас не загляне. Бардак у нас тут, бо ніхто нічога ня бачыць!”

Праблема №5 – сацыяльныя работнікі.

Большая палова жыхароў Жанаўцоў – самотныя пэнсіянэры. Засталіся яны адны, бо дзеці раз’ехаліся, а сужанцы – на тым сьвеце. Такім людзям мясцовыя ўлады прапануюць паслугі сацыяльных работнікаў. За пэўную плату тыя могуць даглядаць чужую гаспадарку.

Станіслаў Адамовіч некалі напісаў заяву, каб да яго прыставілі такога памочніка. А далей адбылося вось што:

(Станіслаў Адамовіч: ) “Зіма. Студзень. Яны дзесьці напалове былі. А пасьля да мяне два з паловаю месяцы ніхто ня глянуў. І ўначы ў няме зрабіўся прыступ сэрца. Я ледзь не дагарэў. Ухапіўся за зэдлік – і тады толькі здолеў сербануць халоднай вады. А каб я упаў, і не падняўся? І там бы са мною штосьці здарылася? Трэба толькі ўявіць, што магло б зрабіцца з чалавекам за два з паловаю месяцы!? Толькі косьці засталося б павыкідаць у цэляфанавы мех. Навошта мне такі дагляд? Я паглядзеў, што гэткі фокус. Я напісаў заяву, што адмаўляюся. І так мне гібель, і так. На пэнсіянэраў ніхто не зглядаецца. Я ніякай гаспадаркі не трымаю. Я атрымліваю недзе 100 тысяч пэнсіі. Мне трэба купіць: малако, сала, мука, крупа, папяросы. Я не дацягваю да пэнсіі!”

(Карэспандэнт: ) “Калі грошы заканчваюцца – што тады?”

(Станіслаў Адамовіч: ) “Звару бульбы ды якой ыбулі з воцатам набоўтаю. Вось так і жыву”.

(Карэспандэнт: ) “Цыбуля, воцат і вада – гэта атрымліваецца салата?”

(Станіслаў Адамовіч: ) “Папросту квас”.

(Карэспандэнт: ) “І смачны?”

(Станіслаў Адамовіч: ) “Мусіш яго есьці. А куды падзенесься?”

Праблема №6 – страх.

Уласна кажучы, гэта ня столькі праблема Жанаўцоў, колькі паўсядзённая цяжкасьць працы журналіста. Можна зразумець людзей з гарадоў і мястэчак. Часам яны баяцца кантактавацца без меркаваньняў бясьпекі. А раптам што пасьля здарыцца? У гэтым сэнсе зь вяскоўцамі значна прасьцей. Яны больш шчырыя й адкрытыя. Але ў Жанаўцах атрымалася неспадзяванка.

Яшчэ калі я гутарыў з Чэславам Адамовічам, дыялёг разбавіла ягоная жонка.

(Жонка: ) “Ён тут нагаворыць, вы перадасьцё. А тады прыйдуць нас ды задушаць”.

Пасьля гэтага пайшло-паехала. Калі падсумаваць, пры мікрафоне згадзілася размаўляць толькі палова вяскоўцаў. Дый тыя выказваліся скептычна.

(Карэспандэнт: ) “А чаго вы баіцёся? Клаі гэта праўда, то што вам зробяць за праўду?” (Спадарыня: ) “А нашто вам гэта? Мы тут, старыя бабы, нічога вам ня скажам! Ці ўсё гэта, што вам тут старыя пераліваюць, людзі дзесьці будуць слухаць?”

(Карэспандэнт: ) “Будуць!”

(Спадарыня: ) “Усялякую гэтую ерунду?!”

(Карэспандэнт: ) “Ці гэта ерунда?”

(Спадарыня: ) “Мы як распавядзём пра праблему, нам зь ёй дапамогуць?”

(Карэспандэнт: ) “А можа, хто з начальства пачуе й скажа: “О! Трэба прыехаць і разабрацца!”

(Спадарыня: ) “Ой! Хто й чым тут нам дапаможа? Мы тут старыя сядзімо, як ваўкі ў лесе”.

На такім тле абураны паводзінамі сацыяльных работнікаў і дзеяньнямі мясцовых уладаў Чэслаў Адамовіч выглядае голасам праўды.

(Чэслаў Адамовіч: ) “Людзі ня хочуць гаварыць пра праблемы. Скажаш пра праблемы, а пасьля начальства будзе помсьціць: “Навошта ты так сказаў?” Я вам скажу, што праўды цяпер ня любяць. Ня любяць! Я не баюся. Я не махлюю, я кажу праўду. Але іншы можа паціснуць плячыма: “Ну, што я буду казаць?” І усё, на гэтым канец”.
XS
SM
MD
LG