Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэтэктар хлусьні хутка заменяць “адбіткі розуму”


Віталь Цыганкоў, Прага Праваахоўныя органы і суды ў многіх краінах выкарыстоўваюць дэтэктары хлусьні ўжо многія дзесяцігодзьдзі. Абвінавачаныя, аднак, часам могуць перахітрыць дэтэктар, які пабудаваны на прынцыпе вымярэньня стрэсу ў апытваемага. Але вынаходнікі новай тэхнікі, якую ўмоўна назвалі “адбіткі розуму” (brain fingerprinting), сьцьвярджаюць, што гэты мэтад не залежыць ад эмацыянальнага стану і эфэктыўны на сто працэнтаў.

Дэтэктар ілжы, альбо паліграф, быў вынайдзены ў 1921 годзе. Ён фіксуе людзкія трывогі праз пульс і крывяны ціск і грунтуецца на меркаваньні, што калі чалавек хлусіць, ён міжволі нэрвуецца. Але за апошнія гады было даказана, што некаторыя крымінальнікі могуць кіраваць сваімі рэакцыямі, каб надурыць дэтэктар. Лоўрэнс Фарвэл, вынаходнік новага мэтаду, “адбіткі розуму”, кажа, што ягоная тэхніка не залежыць ад суб’ектыўных чыньнікаў, а толькі ад таго, ці прысутнічала асоба на той ці іншай падзеі.

(Фарвэл: ) “Адбіткі розуму – гэта навуковая тэхніка для вызначэньня таго, ці захавалася ў галаве чалавека пэўная інфармацыя. Праводзіцца гэта замерваньнем рэакцыі розуму, электрычных хваляў мозгу. Для прыкладу, мы былі здольныя сказаць са 100-працэнтнай дакладнасьцю, ці была асоба агентам ФБР ці не. На экране мігцяць нейкія дэталі пра ФБР. А мы адмерваем рэакцыю дасьледаваных, каб убачыць, ці пазнаюць яны гэта ці не”.

Фарвэл тлумачыць, што ягоная тэхніка ніяк не зьвязаная з тым, наколькі ўзбуджаны апытваемы і ці жадае ён хлусіць. Мэтад аб’ектыўна адлюстроўвае, ці існуе тае ці іншая інфармацыя ў мозгу кліента. Гэты мэтад ужо быў выкарыстаны для вызваленьня Тэры Гарынгтана, які быў асуджаны за забойства і прасядзеў 23 гады ў турме. “Адбіткі розуму” даказалі, што Гарынгтан ня быў на месцы злачынства. У іншым выпадку было разбурана алібі аднаго злачынцы, які быў асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне.

Фарвэл падкрэсьлівае, што ягоны мэтад сам па сабе ня можа вызначыць, ці зрабіў хто злачынства, і ня можа замяніць суд і журы прысяжных. Але ён дае надзейную інфармацыю наконт пэўных аспэктаў сьледзтва. У ЗША, дзе кожны штат самастойна вырашае, якую тэхніку прымяняць для допыту і пошуку доказаў, запатрабуецца даволі шмат часу, перш чым уся краіна пяройдзе на мэтад “адбіткаў розуму”. Фарвэл, аднак, упэўнены, што рана ці позна гэта адбудзецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG