Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

19 ліпеня памёр Тамаш Зан, нарадзіўся Ўладзімер Маякоўскі


Ул. інф. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 18 й 19 ліпеня

Спачатку – пра каляндар учорашняе нядзелі.

18 ліпеня ў 1896 годзе пад Слонімам прыйшоў на сьвет кампазытар і хормайстар Антон Валынчык, што кіраваў харавымі капэламі ў Клецкай і Наваградзкіх гімназіях, а пасьля вайны працаваў хормайстрам у Маладзечне і Горадні. Антон Валынчык, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, пісаў харавыя кампазыцыі на вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа ды іншых паэтаў.

18 ліпеня ў розныя гады прыйшлі на сьвет ангельскі раманіст Уільям Тэкерэй, француская пісьменьніца Наталі Сарот, сапраўднае імя якой Натальля Чарняк, былы прэзыдэнт Паўночна-Афрыканскай рэспублікі і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Нэльсан Мандэла, а таксама расейскі паэт Яўген Яўтушэнка.

А яшчэ ў гэты дзень у 1909 годзе нарадзіўся Андрэй Грамыка, савецкі дзяржаўны дзеяч, якому ў Беларусі пастаўленыя ажно два бюсты – у Гомелі і ў вёсцы Старыя Грамыкі на Веткаўшчыне, дзе ён нарадзіўся. Пасьля Чарнобыльскае катастрофы гэты бюст застаўся адзіным жыхаром у адселенай вёсцы.

І цяпер некалькі памятных датаў дня сёньняшняга.

Сёньня спаўняецца 111 гадоў з дня нараджэньня расейскага паэта Ўладзімера Маякоўскага. Дарэчы, Маякоўскі шмат разоў гастраляваў у Беларусі, выступаў перад чытачамі ў Менску, Віцебску і Гомелі. Першы ягоны візыт у нашу краіну адбыўся яшчэ да рэвалюцыі, у 1914 годзе.

У беларускай гісторыі сёньняшні дзень памятны сьмерцю паэта і паўстанца Тамаша Зана ў 1855 годзе, нараджэньнем архітэктара Льва Вітан-Дубейкаўскага ў 1869 годзе, а таксама першымі арыштамі дзеячоў беларускага адраджэньня ў 1930 годзе. Чэкісцкая аблава мела на мэце захоп чальцоў арганізацыі “Саюз вызваленьня Беларусі”. Усяго за некалькі дзён было арыштавана 110 чалавек. Між іх акурат 19 ліпеня схапілі былога дзяржаўнага сакратара Беларускай Народнай Рэспублікі, палітыка Леанарда Зайца, які празь некалькі гадоў памёр у турме, і пісьменьніка Максіма Гарэцкага, які быў высланы ў глыбінную Расею, а пасьля зноў арыштаваны і расстраляны.
XS
SM
MD
LG