Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Недастатковае й несвоечасовае фінансаваньне беларускіх спартоўцаў можа адмоўна адбіцца на іхных алімпійскіх выніках


Ігар Карней, Менск Ці будуць залежаць вынікі выступаў беларускіх спартоўцаў на Алімпіядзе ад памераў іхнага фінансаваньня цягам папярэдніх гадоў? Спартовыя адмыслоўцы мяркуюць, што канцэнтрацыя грошай ў некалькіх відах спорту адмоўна рэзануе на “другасных” дысцыплінах, якія, ня маючы сталага фінансаваньня, ніяк ня ўздымуцца на прыстойны ўзровень. Якія сродкі і ў якіх спартовых галінах мелі беларускія атлеты цягам перадалімпійскага цыклю? Ці сапраўды ёсьць падзел паміж стратэгічнымі, важнымі для дзяржавы відамі спорту і, так бы мовіць, “дзяжурнымі”?

На адным зь нядаўніх перадалімпійскіх сходаў дзяржаўны куратар беларускіх алімпійцаў, віцэ-прэм’ер Уладзімер Дражын агучыў такія лічбы: летась фізычная культура была прафінансаваная на 98%, у той час як ахова здароўя на 88%, а сацыяльная сфэра – на 85%. Калі верыць афіцыйнай прапагандзе, спорт у Беларусі сапраўды ўзьведзены ў ранг дзяржаўнай палітыкі, але самі людзі спорту кажуць, што лічбы гэтыя ніяк не адлюстроўваюць рэальную сытуацыю. У адпаведнасьці з адмысловай “стратэгіяй падрыхтоўкі нацыянальных камандаў” дзяржаўныя сродкі не разьмяркоўваюцца ў гэтай сфэры прапарцыянальна паміж усімі відамі спорту, а канцэнтруюцца на прыярытэтных дысцыплінах.

У зьвязку з гэтым нaйбoльшы аб’ём фінансаваньня мае лёгкая aтлетыка, кулявая стральба, акадэмічная гpэбля, мастацкая і спартовая гімнacтыка ды асобныя віды адзінаборстваў. Усе астатнія жывуць, як кажуць, “з барскага стала”. І ў гэтым сэнсе спартоўцы трапляюць у зачараванае кола: дзяржава не фінансуе асобныя “непэрспэктыўныя” спартовыя галіны, паколькі там няма вынікаў. Але адкуль чакаць высокіх паказчыкаў, ня маючы крыніцы фінансаваньня? Сябра Кансультатыўнай рады НАК, алімпійскі чэмпіён у вэляспорце Уладзімер Камінскі кажа, што ў такой сытуацыі кіраўнікі фэдэрацыяў вымушаныя ісьці на хітрыкі.

(Камінскі: ) “Літаральна пасьля Сыднэя пачалася падрыхтоўка да наступных гульняў. І калі не даеш міністэрству спорту абавязацельствы на пэрспэктыўныя мэдалі, то чуеш адказ: а што цябе фінансаваць, калі ты не прэтэндуеш на мэдаль? Таму многія фэдэрацыі “замаўлялі” мэдалі дзеля таго, каб атрымаць фінансаваньне”.

Беларускі НАК плянуе, што мэдалі ў агульную скарбонку нацыянальнай каманды дадуць 16 відаў спорту. Але калі асноўнае фінансаваньне маюць 5-6 пэрспэктыўных відаў спорту, то якіх вынікаў чакаць ад тых, хто цягам папярэдніх гадоў быў увогуле па-за бюджэтам?

Той жа віцэ-прэм’ер Дражын неяк сказаў, што нікому ня будзе выціраць сьлёзы, калі чалавек узяў на сябе абавязацельствы і іх ня выканаў – пэўна, маючы пры гэтым на ўвазе, што прысуд будзе суровы. Дзяржаўныя асобы на чале з Лукашэнкам лічаць, што зрабілі для спартоўцаў усё магчымае і могуць патрабаваць аддачу – 25 алімпійскіх мэдалёў. Спартовыя ж адмыслоўцы тым часам адзначаюць, што ўвогуле фінансаваньне спорту рэзка згортваецца ў міжсэзоньне. Грошы пачынаюць выдаткоўваць не тады, калі трэба заваёўваць алімпійскія ліцэнзіі, а напярэдадні галоўных спаборніцтваў, калі дзяржаўныя чыноўнікі пачынаюць выклікаць на дыван старшыняў фэдэрацыяў і трэнэраў, ды сурова запытваць: дзе алімпійскія ліцэнзіі?

Вось некаторыя красамоўныя лічбы: калі фінансаваньне ў алімпійскі, 2000 гoд, узяць зa 100% (гэта 8 мільёнаў даляраў), тo ў 2001 яно склала 86% ад cумы, а ў 2002-м –толькі 73%. Сёлета фінансаваньне зноў наблізіцца да 8 мільёнаў даляраў, але многія лічаць, што схамянуліся зацікаўленыя асобы дастаткова позна: падрыхтоўка на фінансавым “пайку” дала свае адмоўныя вынікі.

Да таго ж, застаецца папулярнай і такая пазыцыя: маўляў, бальшыня спартоўцаў, якія маюць мэдалёвыя пэрспэктывы, падрыхтуюцца і безь дзяржаўнай дапамогі. Так, вясьлярка Кацярына Карстэн, гулец у настольны тэніс Уладзімер Самсонаў, плыўчыха Алена Попчанка, вэлясыпэдыстка Натальля Цылінская ды іншыя трэніруюцца за мяжой, на ўласным абсталяваньні і паводле індывідуальных плянаў. У дадзеным выпадку можна казаць пра далёка не спартовы дэвіз: “Меншымі сродкамі – большы вынік”.
XS
SM
MD
LG