Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што будзе адбывацца падчас акцыі 21 ліпеня?


Альгерд Невяроўскі, Менск 21 ліпеня ў Менску павінна адбыцца грамадзянская акцыя з нагоды 10-годзьдзя кіраваньня Беларусьсю Аляксандрам Лукашэнкам. Арганізатарамі гэтай сустрэчы з выбарцамі сталі дэпутаты групы “Рэспубліка”, а таксама шэраг вядомых у Беларусі людзей. 17 ліпеня адбылося паседжаньне аргкамітэту акцыі. Наш карэспрандэнт пацікавіўся у арганізатараў як ідзе падрыхтоўка да гэтага мерапрыемства, а таксама ці возьмуць у ім удзел палітычныя партыі.

Арганізатары акцыі дэпутаты Ўладзімер Парфяновіч, Сяргей Скрабец, Валеры Фралоў, а таксама Ірына Красоўская, Уладзімер Колас і Мікіта Сасім днямі атрымалі дазвол на правядзеньне сустрэчы з выбарцамі. Але шэсьце дазволенае ня з плошчы Якуба Коласа, як прасілі арганізатары, а з вуліцы Карастаянавай да плошчы Бангалор. Я задаў пытаньне генэралу Фралову, што ў гэтай сытуацыі будуць рабіць арганізатары? Вось што ён адказаў:

(Фралоў: ) “Галоўнае пытаньне, калі мы разглядалі гэтую акцыю пасьля сустрэчы ў Мінгарвыканкаме, у нас было – забясьпечыць добры парадак, каб уся акцыя прайшла ў тым фармаце, як нам дазволіла ўлада. Нейкая частка людзей, мне здаецца, прыйдзе на Якуба Коласа, і гэта будзе самы такі напружаны момант, каб мы ў добрым супрацоўніцтве з уладамі і зь міліцыянтамі арганізавалі праходжаньне тых людзей, якія ня ведаюць, што такое Кульман, ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Бангалор”.

Калега генэрала Фралова Ўладзімер Парфяновіч спадзяецца, што ва ўладаў хопіць розуму й вытрымкі каб не ўжываць супраць удзельнікаў акцыі сілу:

(Парфяновіч: ) “Людзі прыйдуць туды, куды ім падкажа сэрца. Асноўныя мерапрыемствы будуць на плошчы Бангалор. Мы дабіліся гэтага дазволу і мяркуем, што ніхто з нашых грамадзян не патрапіць ні пад якія дубцы, і што ва ўлады хопіць сумленьня, каб гэтага не зрабіць”.

Дэпутат Сяргей Скрабец распавёў аб праграме мерапрыемстваў на плошчы Бангалор:

(Скрабец: ) “Мы плянуем на Бангалоры мітынг і канцэрт. У канцэрце далі згоду ўдзельнічаць гурты “Крыві”, “Нэйрадзюбель”, “Палац” і “НРМ”. Жанчынам будуць даваць кветкі, дзецям – марозіва, балёнікі будзем надзьмуваць...”

Акрамя дэпутатаў групы “Рэспубліка” акцыю 21 ліпеня рыхтуюць актывісты шэрагу грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў. У апазыцыйных партыяў – іншая пазыцыя. Гаворыць намесьнік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) “Агульная пазыцыя партыяў такая, што мы вітаем ініцыятыву дэпутацкай групы “Рэспубліка” і грамадзкіх арганізацыяў, якія ладзяць гэтую акцыю, але ж афіцыйнага рашэньня аб прыняцьці ўдзелу нашай партыі ў гэтым мерапрыемстве мы не прымаем. Таму, каб не падстаўляць партыю і кандыдатаў, якія зараз пойдуць на выбарчую кампанію, мы не рэкамэндуем нашым кандыдатам удзельнічаць у несанкцыянаваным фармаце акцыі”.

Разам з тым намесьнік старшыні партыі БНФ дадаў, што апазыцыйныя палітыкі прыйдуць на дазволенае мерапрыемства на плошчы Бангалор.

Дэпутаты групы “Рэспубліка” зьбіраюцца падаць скаргу ў Савет міністраў у зьвязку за зьменай уладамі маршруту шэсьця.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG