Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Зялёнае сьвятло” расейскім броварам запаліцца толькі ў кастрычніку


Ігар Карней, Менск Пастановай Савету міністраў абавязковыя ліцэнзіі на імпарт расейскага піва будуць скасаваныя толькі ў кастрычніку – гэта на тры з паловай месяцы пазьней, чым было абвешчана адразу. Ува ўрадзе адтэрміноўку тлумачаць шэрагам дадатковых захадаў, якія давялося зрабіць на просьбу беларускіх вытворцаў піва. Прадстаўнікі расейскіх бровараў перакананыя, што афіцыйны Менск зноў зацягвае час, каб перагледзець ужо дасягнутыя беларуска-расейскія дамоўленасьці.

Ад ліцэнзаваньня імпарту расейскага піва ў Савеце міністраў абяцалі адмовіцца яшчэ 1 ліпеня. Аднак пад ціскам беларускіх вытворцаў гэтага напою “зялёнае сьвятло” расейскім броварам калі і запаліцца, то толькі 1 кастрычніка. Чаму расейцаў пускаць у Беларусь яшчэ рана, тлумачыць адзін з кіраўнікоў бровару ў Рэчыцы Аляксандар Гарай.

(Гарай: ) “Безумоўна, мы знаходзімся ня ў роўных умовах. Магчымасьці ў Расеі куды большыя – эканамічныя, фінансавыя, падаткавыя… Калі аддаць Беларусь расейскаму піву, то гэта сур’ёзна можа нам нашкодзіць нават дэмпінгам. Сёньня кошты пакуль крыху вышэйшыя на расейскае піва. Але ж у Менску расейскае піва ўжо практычна роўнае ў цэнах – з-за таго, што ня плацяцца падаткі, з-за таго, што працуюць наяўныя грошы…

Я, натуральна, ня сьледчы, і не зьбіраюся моцна ў гэтыя пытаньні ўлазіць. Але тое, што трэба, каб усе працавалі ў аднолькавых умовах – празрыста, без злоўжываньняў, без парушэньня закону – у гэтым няма сумневу. Іншая справа, якую сыстэму абраць, каб нікога не пакрыўдзіць, бо ёсьць дзьве дзяржавы, якія імкнуцца да аб’яднаньня. Зразумела, што павінна быць адзіная мытная прастора, эканамічная, падактовая й г.д.”.

Дзякуючы рэкамэндацыям беларускіх півавараў, урад захаваў мэханізм увозу напою праз склады часовага захоўваньня і абавязковую маркіроўку таварна-транспартных накладных у падатковых органах. Апроч таго, будуць больш жорсткія ўмовы атрыманьня кантрольных марак, запатрабуецца авансавы плацёж у памеры 100% сумы акцызаў і, самае галоўнае, карэктуюцца ўвозныя партыі: для оптавых гандляроў – ня меней 40 тысячаў даляраў, для прыватнікаў – на аб’ём болей за 50 літраў патрэбна будзе мець дакумэнты, якія б пацьвярджалі легальнасьць прадукцыі. Выканаўчы сакратар Расейскага Саюзу півавараў Вячаслаў Мамантаў канстатуе, што такія захады беларускага ўраду адсоўваюць ранейшыя дамовы на пазыцыі двухгадовай даўніны.

(Мамантаў: ) “Прыняцьцё беларускім бокам нетарыфных формаў абароны рынку вядзецца ўжо даўно. Тады, праўда, патрабаваўся яшчэ задатак пад вываз тары. Ліцэнзаваньне, маркіроўка, імпарт праз склады часовага захоўваньня так і не скасаваныя. Мы расцэньваем гэта як новую спробу беларускага боку нетарыфнымі мэтадамі абмежаваць пастаўкі расейскага піва”.

Вячаслаў Мамантаў дадае, што спыненае ў чэрвені ліставаньне з зацікаўленымі беларускімі ведамствамі пачнецца зноў.
XS
SM
MD
LG