Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: вынікі выбараў будуць залежаць ад таго, ці дапусьцяць прадстаўнікоў партый у склад участковых і акруговых выбарчых камісій


Алесь Дашчынскі, Менск З 16-га па 30-га ліпеня праходзіць вылучэньне прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісій. Адмысловыя дакумэнты павінны быць пададзеныя не пазьней за 30 ліпеня. 18 ліпеня ў Менску шэраг палітычных партый правядзе паседжаньні па вылучэньні сваіх прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі.

Узоры дакумэнтаў аб вылучэньні прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій Цэнтравыбаркам апублікуе толькі цягам наступнага тыдня. Дагэтуль не акрэсьлены сам мэханізм вылучэньня, а таму партыі пэўным чынам рызыкуюць, адзначае юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

(Стэфановіч: ) “Працэдура дагэтуль невядомая, таму што пастанова ЦВК ня выйшла, якая б растлумачвала парадак вылучэньня ў камісіі. Вылучаць у акружныя камісіі маюць права менавіта рэспубліканскія кіруючыя органы палітычных партый. Паколькі яны дагэтуль не атрымалі растлумачэньня Цэнтравыбаркаму, то цяжка сказаць як гэта будзе адбывацца. Агульная працэдура як бы вядомая, але тым ня менш могуць быць разнастайныя нюансы. Калі браць за базу папярэднія выбарчыя кампаніі, то партыі мелі права вылучыць у акруговую камісію толькі пры наяўнасьці арганізацыйнай структуры, зарэгістраванай на тэрыторыі акругі”.

Практыка мінулых выбарчых кампаній паказала: сяброў партый звычайна не ўключалі ў склад акруговых камісій. Прычым згодна з выбарчым заканадаўствам тлумачыць прычыны гэтаму не трэба. Абскардзіць такое рашэньне мясцовых уладаў таксама немагчыма.

(Стэфановіч: ) “Ясна, што партыі будуць сьпяшацца вылучаць як мага хутчэй, таму што часам кажуць, што яны спазьніліся, што камісіі сфармаваныя. У мінулым годзе яны казалі, што няма досьведу працы ў камісіях. А Ярмошына ўрэшце на адным з сэмінараў, якія ладзіла АБСЭ, заявіла, што прадстаўнікі партый ня маюць досьведу працы ў камісіях, а па-другое – яны “склочныя” людзі й перашкаджаюць працы камісій. Я думаю, што і ў гэтым годзе выключэньняў ня будзе. Ня будуць туды іх пускаць”.

Лідэр ПКБ Сяргей Калякін таксама згадвае вопыт мінулых выбараў:

(Калякін: ) “Раней дзесяткі людзей не ўключаліся ў акруговыя камісіі, і ніхто не тлумачыў прычыны. Іх проста не ўключалі, лічачы гэта немэтазгодным. А ўключаліся туды пераважна лаяльныя да ўладаў людзі, а прадстаўнікоў апазыцыйных партый там было літаральна адзінкі”.

Кіраўніцтва Цэнтравыбаркаму тлумачыць, што пастановы аб вылучэньні прадстаўнікоў у акруговыя камісіі ня будзе. Сяргей Калякін адзначае:

(Калякін: ) “У мяне адбылася гутарка з сакратаром Цэнтравыбаркаму Лазавіком, і ён казаў, што яны ня будуць вытвараць фармальных, новых нейкіх адступленьняў ад закону”.

У панядзелак партыя Калякіна зьбіраецца аднесьці ў Цэнтравыбаркам пратаколы аб вылучэньні сваіх прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі.

Тым часам у Цэнтравыбаркаме распрацоўваецца праект прэзыдэнцкага дэкрэта аб уключэньні прадстаўнікоў партый у склад Цэнтральнай выбарчай камісіі. Тлумачыць старшыня Лідзія Ярмошына:

(Ярмошына: ) “Пакуль мы яго не ўносілі, бо яшчэ не пачалося вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты. Я думаю, што ён зьявіцца ў жніўні, паколькі толькі з 8-га жніўня пачынаецца вылучэньне. Зараз яго наяўнасьць ці адсутнасьць нікога не стымулюе”.

У адрозьненьне ад акруговых камісіяў, у складзе Цэнтральнай камісіі прадстаўнікі партый будуць мець права дарадчага голасу. Юрыст Валянцін Стэфановіч лічыць, што гэты дэкрэт не вырашае праблемы.

(Стэфановіч: ) “Калі там і пусьцяць прадстаўнікоў партый у ЦВК, то гэта будзе толькі на месяц, пасьля таго як скончацца амаль усе выбарчыя этапы: рэгістрацыя і фармаваньне ўчастковых і акруговых камісій. Што яны там будуць рабіць? Прысутнічаць? Тым больш, што ЦВК непасрэдна працэс выбараў не праводзіць, як участковая камісія. Вельмі важна ва ўчастковыя камісіі прадстаўнікоў палітычных партый вылучыць і каб яны там былі. А ў ЦВК гэта вельмі фармальна і нікому непатрэбна. Патрэбна ўладам, каб сказаць, што яны лібэралізацыю заканадаўства правялі”.

Дарэчы, вылучэньне прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій пачнецца пасьля ўтварэньня ўчасткаў для галасаваньня, прыкладна ад сярэдзіны жніўня.
XS
SM
MD
LG