Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле афіцыйных дадзеных, прадпрымальнікаў сёлета паменела, але падаткаў яны заплацілі больш


Юлія Шарова, Менск Колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі зноў скарацілася – такія зьвесткі падае Міністэрства эканомікі. За першае паўгодзьдзе гэтага году дробных бізнэсоўцаў паменела на 2,5 тысячы. Скарацілася таксама колькасьць прыватных малых прадпрыемстваў, але ў той жа час падатковыя паступленьні ў бюджэт павялічыліся.

Згодна са станам на 1 ліпеня, індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі – 186 тысяч. Малых прадпрыемстваў, паводле сытуацыі на 1 красавіка – 27,5 тысяч. Найбольш прадпрымальнікаў ды дробных фірмаў – у Менску, у рэгіёнах малы бізнэс сканцэнтраваны пераважна ў абласных цэнтрах, у невялікіх жа гарадох ці на вёсцы ён разьвіты слаба. Усяго ў гэтай сфэры працуюць 13% беларусаў, занятых у эканоміцы.

Цікава, што на тле агульнага зьніжэньня лічбаў, менскія падаткавікі адзначаюць рост колькасьці індывідуальных прадпрымальнікаў. Вось што мне сказала прадстаўніца Менскай гарадзкой інспэкцыі Міністэрства падаткаў і збораў:

(Спадарыня: ) “У Менску цяпер 66.596 прадпрымальнікаў згодна са станам на 1 ліпеня. Калі параўнаць гэта з аналягічным пэрыядам мінулага году, то іх стала на 3.769 болей”.

Старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа ўдакладняе, што ў падатковых органах рэгіструюцца падаткаплацельшчыкі, а ня новыя суб’екты гаспадараньня. Не заўсёды рост колькасьці зарэгістраваных прадпрымальнікаў адпавядае росту колькасьці падаткаплацельшчыкаў і наадварот.

(Патупа: ) “Ёсьць панятак рэгістрацыі – гэта сытуацыя, калі пэўная колькасьць людзей зарэгістравана ў мясцовых органах. І ёсьць паняцьце, колькі зарэгістравана ў падатковай інспэкцыі, то бок, хто рэальна плаціць падаткі, гэта – працуючая колькасьць. Гэта два дастаткова розныя ўзроўні, бо шмат у каго ёсьць рэгістрацыя, але непасрэдна яны не працуюць. Яны застаюцца зарэгістраванымі нават тады, калі ляжыць заява пра ліквідацыю бізнэсу”.

Пры гэтым спадар Патупа не адпрэчвае, што ў Менску можа быць некаторы лякальны рост гэтага сэктара. Якраз у першай дэкадзе гэтага году ўзьнікла даволі шмат новых “індывідуалаў”: дэкрэт нумар 4 абмежаваў магчымую колькасьць наёмных працаўнікоў для іх. Таму зьявілася нямала падстаўных індывідуальных прадпрымальнікаў, якія насамрэч працягваюць працаваць на былых гаспадароў. Старшыня Саюзу прадпрымальнікаў з пэўным скепсісам кажа пра тое, што ў Беларусі ня трэба праводзіць лібэральныя рэформы, каб палепшыць паказьнікі.
XS
SM
MD
LG