Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Цяперашняя вэртыкаль набыла ўжо тэхнічна адшліфаванае ўменьне выбіраць самую сябе…”


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка-111”. Лісты слухачоў чытае і камэнтуе Ўладзімер Арлоў.

Сустракаючыся з заходнімі калегамі – літаратарамі й інтэлектуаламі, я калісьці ня раз зьдзіўляўся, наколькі моцныя ілюзіі шмат хто зь іх зьвязваў ня проста з сацыялізмам, а нават зь ягонай савецкай мадэльлю. Так – казалі мае суразмоўцы – мы ведаем, што былі ў вас і “варанкі”, і ГУЛаг, але затое колькі зроблена было дзеля сацыяльнай справядлівасьці, дзеля шчасьця простага чалавека!

Потым да мяне прыйшло разуменьне: гэтыя захопленыя сацыялізмам людзі проста ня мелі аніякага досьведу жыцьця пад сонцам ідэяў, якія ім гэтак падабаліся. Уяўленьні заходніх эўрапейцаў пра нашае існаваньне ў савецкай імпэрыі нярэдка прыводзілі да анэкдатычных сытуацый. Расейскі пісьменьнік Леў Разгон неяк расказваў, як ягоны францускі перакладчык пацікавіўся, на чым жа ён пісаў, калі сядзеў у сталінскім лягеры. “Ды на чым давядзецца”, – адказаў Разгон. “Божа мой, – жахнуўся француз.– Я зразумеў: вы пісалі на туалетнай паперы!”

Чамусьці гэтая трагікамічная гісторыя згадалася мне, калі чытаў адзін з апошніх лістоў нашага сталага слухача з Рыгі доктара тэхнічных навук Міхаіла Лекаха. Аналёгіі тут не наўпроставыя, але яны, безумоўна, напрошваюцца. Сп.Леках непахісна перакананы, што ў Латвіі груба парушаюцца ледзь ня ўсе нацыянальныя й сацыяльна-эканамічныя правы грамадзян. Гаворачы пра расейскамоўнае насельніцтва сваёй краіны, наш слухач малюе жудасную карціну.

“Сучасная Латвійская Рэспубліка, – піша ён, – зьяўляецца лябараторыяй фашызму XXIст.”.

Там, на думку сп. Лекаха, “квітнеюць” сэгрэгацыя, апартэід ды іншыя, як ён выказваецца, “безобразія”.

Вяртаньне Латвіі ў дэмакратычную Эўропу, напэўна, сапраўды сутыкаецца зь цяжкасьцямі. Але, здаецца, наш слухач надзвычай моцна згушчае фарбы. Відочна, ён карыстаецца такім прыёмам, каб сьцьвердзіць сваё меркаваньне пра тое, што ў Беларусі ўсе правы грамадзян забясьпечаны. Няма аніякіх праблем ні з выбарчым заканадаўствам, ні з мовай тытульнай нацыі, ні зь беларускай сярэдняй і вышэйшай школамі. Адметна, што ў сваіх разважаньнях аўтар лісту спасылаецца выключна на публікацыі нейкага Міхаіла Лекаха, які, дарэчы, таксама зьяўляецца доктарам тэхнічных навук. Падазраю, што гаворка ідзе пра адну й тую самую асобу.

Шаноўны сп.Леках, СМІ, дзе зьмешчаны гэтыя публікацыі, вы, напускаючы туману, чамусьці неакрэсьлена называеце “газэтамі Расейскай Фэдэрацыі”. Цікава, што гэта за газэты й якімі крыніцамі вы карыстаецеся, рыхтуючы свае матэрыялы да друку?

Прапаную вам прыехаць у Беларусь і пагаварыць, да прыкладу, з навучэнцамі й пэдагогамі адзінага ў краіне й у сьвеце Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, зачыненага летась уладамі. Зачыненага – падкрэсьлю – нават не з рашэньня Міністэрства адукацыі, але паводле адмысловай пастановы Савету міністраў. Раю вам, сп.Леках, таксама сустрэцца са старшынём ТБМ Алегам Трусавым і запытацца, які лёс напаткаў падпісаныя дзясяткамі тысяч беларусаў звароты з патрабаваньнем стварыць Беларускі нацыянальны ўнівэрсытэт. Варта было б вам для сваіх новых публікацый пагаварыць і зь сем’ямі зьніклых беларускіх палітыкаў…

Сьветлым ды амаль бясхмарным падаецца жыцьцё ў нашай краіне й Валянціну Захарчанку з Кіеўскай вобласьці, які бачыць ідэалам палітычнага лідэра на постсавецкай прасторы Аляксандра Лукашэнку.

“Ён ня даў разбурыць за кароткі час сацыялістычную эканоміку Беларусі, – піша наш слухач. – Адзінае, у чым Лукашэнка памыліўся, гэта ў саюзе з Расеяй, бо яна ўжо не савецкая, а буржуазная. А што датычыць некаторых зьніклых апазыцыянэраў, я сам засудзіў бы гэтых дзеячоў на сьмяротнае пакараньне. Да іх можна было б дадаць і былога прэм’ера Чыгіра”.

“Слава СССР!” – завяршае свой допіс сп.Захарчанка, які не хавае, што хацеў бы вярнуць “добрыя старыя часы” зь лягерамі для нязгодных і расстрэламі ў Курапатах.

Такія лісты ў пошце Свабоды складаюць нязначную частку, аднак ад іх нельга адмахвацца. Пагатоў, падобныя погляды мае ня толькі сёй-той з замежных слухачоў Свабоды, але й пэўная колькасьць нашых суайчыньнікаў. Яны са сваімі ідэямі й спадзяваньнямі знаходзяцца не ў сувэрэннай Беларусі, а па-ранейшаму ў Савецкім Саюзе, наіўна верачы, што яго яшчэ можна адрадзіць – калі ня ў межах канца 1980-х гадоў, дык, прынамсі, на прасторы ад Берасьця да Віцебску й ад Гомелю да Горадні.

Нязьмерна больш у пошце Свабоды лістоў іншага кшталту. Іхныя аўтары не настальгуюць па незваротных часох СССР і па “моцнай руцэ”. Гэтыя людзі штодня сутыкаюцца з палітыкай той самай адзінай і моцнай рукі, але вераць у іншую будучынь роднай краіны.

“Улада Лукашэнкі заснавана не на падтрымцы народу, а на запалохваньні яго й гвалце, – піша сп.Лясовіч зь Менску, як быццам на адказ Міхаілу Лекаху. – У Дзень Волі супраць сотні людзей са сьцягамі й букетамі кветак улада кідае тысячы сваіх служак у форме й у цывільным. Іншадумцам у нас пагражае страта працы, месца навучаньня, а то й жорсткая фізычная расправа. Аляксандар Лукашэнка ведае, што большасьць народу ўжо супраць ягонае дыктатуры, таму й не адважваецца на сумленныя выбары або рэфэрэндум”.

“12-ці гадоў Лукашэнку, бачыце, мала, – працягвае тэму Віктар Баранаў з Рагачову. – А я хачу запытацца ў Аляксандра Рыгоравіча: ці ня будзе вынік такі самы, як на Кубе? Фідэль Кастра трымае ўладу ўжо болей за 40 гадоў, і да чаго давёў краіну? Можа, да эканамічнага росквіту ці да дэмакратыі, якой зайздросьцяць гаротныя жыхары Злучаных Штатаў Амэрыкі?”

Нашыя слухачы апэратыўна адгукнуліся на прызначэньне даты выбараў у Палату прадстаўнікоў. Праўда, думкі наконт выбарчай кампаніі й самога ўдзелу ў галасаваньні ў аўтараў лістоў моцна разыходзяцца, што, безумоўна, адлюстроўвае адпаведныя настроі ў грамадзтве.

“Цяперашняя вэртыкаль, – упэўнены настаўнік-пэнсыянэр Алесь Ляскоўскі з Ваўкавыскага раёну, – набыла ўжо трывалае, тэхнічна адшліфаванае ўменьне выбіраць самую сябе на бутафорскіх выбарчых шоў-спэктаклях. Такая, як у нас, працэдура галасаваньня, у мяне асабіста асацыюецца з укіданьнем бюлетэняў у рачны вір ці ў паветраны віхор…”

Вось так вобразна характарызуе наш слухач выбары “па-беларуску”.

“Здаровы сэнс, – працягвае ён, – вымагае ад дэмакратычнай часткі грамадзян адпаведным чынам адказаць на нежаданьне ўлады мяняць Выбарчы кодэкс. А менавіта – абвясьціць байкот усім магчымым будучым выбарам і рэфэрэндумам”.

Заканчвае свой допіс сп.Ляскоўскі вершаванымі радкамі:

Ад грамадзтва, паралізаванага страхам, Аддае нафталінам, і тленам, і прахам…

Але сам жа аўтар піша пра тое, што ёсьць у нас людзі, адораныя “розумам ды мудрасьцю, верай ды воляй, сілай духу, мужнасьцю й рашучасьцю” – тымі найкаштоўнымі чалавечымі якасьцямі, з дапамогаю якіх наш народ урэшце пазбавіцца рабства”.

Скажыце, сп.Ляскоўскі: а як змогуць грамадзяне выявіць гэтыя якасьці, калі зоймуць пазыцыю байкоту выбарчай кампаніі?

Асабіста мне ўсё ж бліжэй думкі Аляксандра Сінілы з Валожыну, які лічыць, што ўдзел у выбарах браць трэба.

“Калі прыхільнікі эўрапейскага шляху Беларусі застануцца ў баку ад кампаніі па выбарах у Палату, – піша сп.Сініла, – мы страцім ня толькі пэўную магчымасьць правесьці ў гэтак званы беларускі парлямэнт сваіх прадстаўнікоў. Апрача таго, мы страцім магчымасьць на поўны голас казаць выбарцам пра свае ідэі й мэты, магчымасьць заваёўваць новых прыхільнікаў. Ня будзем забываць пра тое, што ў цяперашняй Палаце прадстаўнікоў усё ж ёсць Фралоў, Скрабец, Парфяновіч ды іншыя, каму сэрца баліць за Беларусь, каго можна сапраўды лічыць прадстаўнікамі народу. Я веру, што ў новым складзе Палаты такіх будзе болей”! Усё залежыць ад нас!” – заканчвае свой ліст сп.Сініла.

На гэтай аптымістычнай ноце хочацца завяршыць і наш сёньняшні агляд.

Дзякуй усім, хто напісаў на Радыё Свабода. Чакаем новых лістоў!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG