Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовілася тлумачыць Выбарчы кодэкс?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфэр і намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Міхалевіч.

(Валер Карбалевіч: ) “22 чэрвеня Палата прадстаўнікоў адмовілася прыўносіць зьмены ў Выбарчы кодэкс, прапанаваныя дэпутатам Фраловым і групай “Рэспубліка”. А потым на апошнім сваім паседжаньні яна падтрымала зварот дэпутата Ўладзімера Навасяда да Цэнтральнай выбарчай камісіі даць тлумачэньні шэрагу артыкулаў выбарчага заканадаўства. У сваю чаргу, Цэнтральная выбарчая камісія на сваім паседжаньні 15 ліпеня пераадрасавала гэтыя пытаньні самой Палаце прадстаўнікоў. Такім чынам, бюракратычнае кола замкнулася. Прычым, фармальна і Палата прадстаўнікоў, і Цэнтральная выбарчая камісія выканалі ўсе патрэбныя працэдуры: правялі паседжаньне, разгледзелі пытаньне, прынялі пастанову. У чым сэнс гэтай бюракратычнай гульні?”

(Сяргей Альфэр: ) “Сэнс гэтай бюракратычнай гульні абсалютна зразумелы: не прымаць ніякіх зьменаў альбо тлумачэньняў да гэтага Выбарчага кодэксу, пакінуць усё, як ёсьць. А як ёсьць – мы ведаем. Гэта пагалоўная фальсыфікацыя падчас выбарчага працэсу. Таму і дзеяньні Палаты прадстаўнікоў, якая не захацела разглядаць паправак у Выбарчы кодэкс, і дзеяньні Цэнтральнай выбарчай камісіі, якая магла, але не захацела канкрэтызаваць пэўныя артыкулы Выбарчага кодэксу, скіраваны на адно й тое ж: даць магчымасьць мясцовым выбарчым камісіям фальсыфікаваць вынікі выбараў так, як яны захочуць”.

(Аляксей Міхалевіч: ) “Я цалкам згодзен з спадаром Альфэрам і лічу, што асноўны сэнс гэтага рашэньня палягае ў тым, каб пакінуць магчымасьць фальсыфікацый – найперш на мясцовым узроўні. І, такім чынам, Цэнтральная выбарчая камісія пацьвярджае, што яна мае прыкрываць тыя фальсыфікацыі, якія будуць адбывацца на ўзроўні ўчастковых і акруговых выбарчых камісій”.

(Карбалевіч: ) “З аднаго боку, Цэнтральная выбарчая камісія адмовілася даваць тлумачэньні Выбарчага кодэксу на той падставе, што гэта знаходзіцца па-за межамі ейнае кампэтэнцыі. А з іншага боку, яна пераадрасоўвае вырашэньне некаторых пытаньняў непасрэдна выбарчым камісіям. Так, напрыклад, на прапанову вызначыць крытэры – што разглядаць як умяшаньне назіральніка ў працу выбарчых камісій – Цэнтральная выбарчая камісія пакінула на рашэньне старшыні выбарчай камісіі. Ці ёсьць нейкая лёгіка ў такой пазыцыі?”

(Альфэр: ) “Лёгіка ў пазыцыі Цэнтральнай выбарчай камісіі, канечне, ёсьць, свая лёгіка. Яна глядзіць на Закон, як у той прымаўцы, быццам на дышла: куды павярнуў, – туды закон і выходзіць. Дарэчы, некаторыя з тых пастановаў, прынятых учора Цэнтральнай выбарчай камісіяй (па іншых пытаньнях), зьяўляюцца якраз пашыраным тлумачэньнем выбарчага заканадаўства. А гэта, паводле Закону, мае права рабіць толькі Палата прадстаўнікоў. То бок Цэнтральная выбарчая камісія, калі лічыць гэта патрэбным, перавышае свае паўнамоцтвы й тлумачыць Закон. А калі ня лічыць гэта патрэбным, то не тлумачыць. Гэтак, робіцца ўсё магчымае, каб зрабіць такія нормы, каб правесьці па такім заканадаўстве нармальныя выбары было немагчыма”.

(Міхалевіч: ) “Гэта абсалютна зразумелыя дзеяньні Цэнтральнай выбарчай камісіі. Яна спрабуе паказаць, што зьяўляецца органам дэмакратычным, ня ўмешваецца ў такія працэсы. Такім чынам ускладаецца адказнасьць на мясцовыя выканаўчыя камітэты й мясцовыя выбарчыя камісіі, на якія й прыпадзе асноўная доля фальсыфікацый падчас выбараў”.

(Карбалевіч: ) “У нядаўнім інтэрвію нашаму радыё старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Мечыслаў Грыб азначыў, што на падставе сёньняшняга Выбарчага кодэксу можна правесьці як свабодныя й дэмакратычныя выбары, так і зусім наадварот. І ўсё залежыць ад таго, якія дырэктывы атрымаюць выбарчыя камісіі ад выканаўчай улады. Ці згодны вы з такім меркаваньнем?”

(Альфэр: ) “Абсалютна згодзен. Я не адзін раз гаварыў: каб наш Выбарчы кодэкс выкарыстоўваўся ў Вялікай Брытаніі, дзе існуе падобная да беларускай сыстэма мажарытарных выбараў, то, думаю, там не было б ніводнага парушэньня выбарчага заканадаўства. Нормы закону ў нас такія, што іх можна ўжыць гэтак, як хоча суб’ект выбарчага працэсу, які мае адпаведную сілу. У нас яны так, дарэчы, і ўжываюцца. Таму з гэтым Выбарчым кодэксам можна правесьці свабодныя й дэмакратычныя выбары – толькі ня ў нас, не ў Беларусі”.

(Міхалевіч: ) “Чым менш дакладна вызначаны ў Кодэксе тыя ці іншыя правілы правядзеньня выбараў – напрыклад, правілы фармаваньня камісій, тым большая адказнасьць кладзецца на тых, хто гэтыя камісіі фармуе. Калі б нават у Кодэксе не было запісана, а выбарчыя камісіі прынялі за правіла, што прадстаўнікі палітычных партыяў, вылучаныя ў камісіі, зацьвярджаюцца там па-за чаргой, то можна было б дасягнуць дэмакратычных выбараў і з гэтым Кодэксам. Аднак у нас ужо ня першыя выбары з гэтым Кодэксам, і мінулая практыка сьведчыць, што выбары ня будуць свабоднымі й дэмакратычнымі”.

(Карбалевіч: ) “У такім разе, ці правільна я зразумеў: чым больш дакладна ў выбарчым заканадаўстве прапісаны ўсе правілы й належныя працэдуры, тым больш падставаў меркаваць, што выбары будуць дэмакратычнымі?”

(Альфэр: ) “Так, асабліва ў тых краінах, дзе ступень дэмакратычнасьці палітычнага рэжыму невялікая”.

(Міхалевіч: ) “Абсалютна дакладна. Чым больш падрабязна будзе прапісаны, напрыклад, працэс фармаваньня выбарчых камісій, чым больш дакладна будзе патлумачана, што такое ўмяшаньне ў дзейнасьць выбарчай камісіі, тым большая верагоднасьць таго, што гэтыя выбары будуць праведзены дэмакратычна”.

(Карбалевіч: ) “Як стасуюцца цяперашнія дзеяньні ўладаў з абавязкамі, якія ўзяла на сябе дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў на Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ? У падпісаным дакумэнце гаворыцца пра судзеяньне свабодным і справядлівым выбарам”.

(Альфэр: ) “Ніяк не стасуецца. Мы ведаем адказ спадарыні Ярмошынай. Яна сказала, што нейкі дэпутат Арда падпісаў нейкае пагадненьне, якое ня мае ніякай юрыдычнай сілы. То бок Арда штосьці падпісвае, а Цэнтральная выбарчая камісія творыць зусім іншае. Яна чыніць усё, каб зрабіць выбары прагназавальнымі для выканаўчай улады. Ставіцца задача правесьці ў Палату прадстаўнікоў тых людзей, якія, як усе кажуць, праходзяць па сьпісах улады”.

(Міхалевіч: ) “Гэта ўжо ня першы выпадак, калі Палата прадстаўнікоў альбо асобныя ейныя дэпутаты бяруць на сябе нейкія абавязкі дзеля таго, каб пазьбегнуць міжнародных санкцый. Нашыя дэпутаты, дый ня толькі дэпутаты, гатовы падпісаць шмат чаго. Прычым, абсалютна зразумела, што ніхто не зьбіраецца гэтага выконваць. У дадзеным выпадку сытуацыя сапраўды менавіта такая. Цэнтральная выбарчая камісія, органы ўлады ня будуць спрыяць правядзеньню свабодных і дэмакратычных выбараў. І гэтыя абавязкі застануцца на паперы”.

(Карбалевіч: ) “На падставе такіх дзеяньняў уладаў ці можам мы спрагназаваць, як пройдуць гэтыя выбары 17 кастрычніка?”

(Альфэр: ) “Я думаю, што для прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці гэтыя выбары будуць вельмі цяжкімі. Досьвед правядзеньня выбараў з 1999 году – мясцовых, парлямэнцкіх, прэзыдэнцкіх – паказвае, што прадстаўнікоў дэмакратычных сіл будуць здымаць з выбарчай гонкі. А там, дзе яны застануцца й будуць мець вялікую перавагу перад канкурэнтамі, вынікі выбараў будуць фальсыфікавацца, пратаколы перапісвацца на карысьць прадстаўнікоў улады. Нашая задача сёньня – зрабіць выбары адкрытымі й празрыстымі, каб зьменшыць магчымасьць уладаў чыніць парушэньні. Таму што гэтыя парушэньні крымінальныя, за якія вінаваты павінны несьці адказнасьць у адпаведнасьці з Крымінальным кодэксам”.

(Міхалевіч: ) “Думаю, што вельмі шмат моцных кандыдатаў ад апазыцыі ня дойдуць да дня выбараў – будуць зьняты. І ў той жа час я перакананы, што тыя, каму ўдасца дайсьці да дня выбараў, будуць атрымліваць вялікую перавагу. І ўпершыню ў Беларусі ўзьнікне такая сытуацыя, калі значная большасьць участковых выбарчых камісій будуць падтрымліваць кандыдатаў апазыцыі. Таму я не зайздрошчу ўладам: ім будзе вельмі цяжка фальсыфікаваць гэтыя выбары, асабліва на ўзроўні ўчастковых выбарчых камісій.

Хаця, як сказаў Лукашэнка, у Беларусі няма нічога немагчымага. І калі будзе вельмі жорсткая ўстаноўка на фальсыфікацыю, то цалкам верагодна, што ўладам гэта ўдасца”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, выбары аб’яўлены 17 кастрычніка, і ніякіх зьменаў у Выбарчы кодэкс, у саму працэдуру выбараў прыўносіцца ня будзе. Гэта азначае, што найбольш верагодна выбары пройдуць па ранейшым, традыцыйным сцэнары. То бок выбары будуць несвабоднымі й недэмакратычнымі. Інакш цяжка зразумець упарты адказ уладаў прыўносіць любыя зьмены ў выбарчае заканадаўства й працэдуру выбараў”.
XS
SM
MD
LG