Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На кожнага патэнцыйнага выбарцу Беларусі зь дзяржаўнага бюджэту выдаткаваны менш, чым адзін даляр


Уладзімер Глод, Менск Гэтая лічба – вынік нескладанай арытмэтыкі: у краіне каля сямі мільёнаў выбарцаў, а на правядзеньне выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў 2004 году дзяржава дае больш за 12 мільярдаў беларускіх рублеў, што ў эквіваленце складае прыблізна шэсьць мільёнаў даляраў.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік перакананы, што беларускія парлямэнцкія выбары, параўнальна з суседзямі, будуць самымі таннымі.

(Лазавік: ) "Наш паказьнік будзе амаль самым меншым, параўнальна з усімі тымі краінамі, якія я наведаў у якасьці назіральніка за выбарамі. Перадусім гэта зьвязана з тым, што часткі выдаткаў мы папросту не аплачваем. Дзяржаўныя ўстановы даюць нам памяшканьні для разьмяшчэньня выбарчых камісій – клюбы, палацы культуры, пакоі ў выканкамах. Мы за гэта ня плацім ні капейкі. Акрамя гэтага, паслугі сувязі ўнутры Беларусі для нас – бясплатныя. Карацей кажучы, вялікую частку затрат бяруць на сябе дзяржаўныя органы".

У суседняй з намі Літве парлямэнцкія выбары пройдуць таксама сёлета, у верасьні. Загадчыца фінансавага аддзелу Галоўнай камісіі ў справе правядзеньня выбараў Ірма Стрэмблэне гаворыць: "У нас каштарыс прыкладна каля 12,5 мільёна літаў, гэта 4 зь лішнім мільёны даляраў. А выбарцаў крыху больш за два з паловай мільёны. Раней выдаткі былі меншымі, але раз ад разу яны пакрыху ўзрасталі. Мы ні з кім ня раімся, не глядзім на іншых, а, зыходзячы з нашых выдаткаў, лічым заўсёды, колькі нам патрэбна..."

Паводле даведкі памочніцы кіраўніка Цэнтравыбаркаму Латвіі Хрысьціны Бярэзінай, дзяржаўныя выдаткі на аднаго патэнцыйнага выбарцу складаюць суму, эквівалентную 1,60 даляра – прыкладна столькі, колькі й у Літве.

(Бярэзіна: ) "У Латвіі памяшканьні для працы выбарчых камісій гарантуюць мясцовыя органы ўлады. Але за эксплюатацыю іх трэба плаціць. Таксама, як і за карыстаньне тэлефоннай сувязьзю".

Як бачна, дзяржаўнае фінансаваньне ва ўсіх трох згаданых краінах сувымяральнае. Але, акрамя таго, і ў Беларусі, і ў Латвіі, і ў Літве існуюць дабрачынныя фонды для правядзеньня выбарчых кампаніяў. І тут розьніца велізарная. Напрыклад, на апошнія парлямэнцкія выбары ў Беларусі чатыры гады таму ахвяравана толькі ... тры тысячы рублёў, дасланыя нейкім пэнсіянэрам.

У Літве ж на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах асобным кандыдатам ахвяравалі да 300 тысяч даляраў. У Латвіі падчас апошніх парлямэнцкіх выбараў на адмысловым рахунку назапашваліся сотні тысяч даляраў.

Чаму так атрымліваецца? Таму, што ў Беларусі ахвяраваныя грошы, згодна з Законам, належыць падзяліць паміж усімі (!) кандыдатамі на дэпутаты, а ў нашых суседзяў, калі нехта дасылае грошы, то ён абавязкова паведамляе, для якой палітычнай партыі гэтае ахвяраваньне. І нікому іншаму гэтыя грошы не дастануцца.
XS
SM
MD
LG