Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фольктэатар “Госьціца” пакажа на Міжнародным фэстывалі сучасных тэатраў у Гданьску беларускую русалку


Галіна Абакунчык, Менск Фальклёрны гурт “Госьціца” прыняў запрашэньне для ўдзелу ў Міжнародным фэстывалі сучасных вулічных тэатраў, які гэтымі днямі праходзіць у горадзе Гданьску. Цягам двух выходных дзён беларускія артысты пакажуць польскім гледачом шэраг спэктакляў, у тым ліку адзін з апошніх – “Русальчын тыдзень”. Напярэдадні ад’езду памянёны спэктакль быў прадэманстраваны мастацкай радзе Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы, якая мелася разгледзець магчымасьць супрацоўніцтва з “Госьціцай”. Станоўчага рашэньня прынята не было.

“Русальчын тыдзень” – гісторыя жыцьця такой містычнай асобы, як русалка, паказаная праз сапраўдныя народныя традыцыі й старадаўнія павер”і. У пастаноўцы спэктаклю – добрая, вытанчаная плястыка й сьпевы без фанаграмы. Вось што пасьля прагляду сказала пра “Русальчын панядзелак” кіназнаўца Вольга Мікалайчык.

(Мікалайчанка: ) “Удалося ўгадаць і паказаць наш “балотны” інтэлект. Беларускі Тыбэт – гэты “Русальчын тыдзень. Я лічу, што гэта наагул геніяльна, бо вельмі ўсё прыгожа: дзяўчаты сьпяваюць аўтэнтычны фальклёр, трымаюць складаныя харэаграфічныя кампазыцыі. Унікальная зьява – я лічу. У іх цяпер вельмі цяжкае становішча, і мы ўсе мусім іх падтрымаць”.

Яшчэ напачатку году Белтэлерадыёкампанія пад кіраўніцтвам тагачаснага старшыні Ягора Рыбакова скасавала працоўныя кантракты з калектывам “Госьціцы” й ягоным кіраўніком Ларысай Сімаковіч зь, нібыта, эканамічных меркаваньняў. Але адмыслоўцы й самі артысты перакананы: за сапраўдную прычыну паўстала тое, што яны прапагандавалі беларускую мову й культуру, а не дзяржаўную ідэалёгію.

Артысты зьвярталіся па дапамогу ў Міністэрства культуры, у сыстэму “Белканцэрту”. Але чыноўнікі адмовіліся чымсьці дапамагчы. Адкрыты ліст на падтрымку “Госьціцы” як прафэсійнага й самабытнага калектыву, які адраджае культуру старажытных народных танцаў і сьпеваў, а таксама выхоўвае нацыянальна сьвядомую моладзь, тады падпісалі вядомыя ў Беларусі дзеячы навукі й культуры – Генадзь Бураўкін, Уладзімер Конан, Ніл Гілевіч і многія іншыя. На знак салідарнасьці з “Госьціцай” Камэрны хор Белдзяржфілярмоніі й ансамбаль “Клясык-авангард” далі супольны канцэрт, падчас якога й адбылася прэм”ера “Русальчынага тыдня”. Цяпер фольктэатар падтрымала й кіраўніцтва Купалаўскага тэатру, паабяцаўшы разгледзець магчымасьць супрацоўніцтва. Але пасьля прагляду “Русальчынага тыдня” папярэдняе рашэньне аказалася адмоўным. Вось як гэта ў інтэрвію Свабодзе патлумачыў дырэктар тэатру Генадзь Давыдзька.

(Давыдзька: ) “Цяжка назваць гэта спэктаклем: гэта, хутчэй, пэрформанс, спроба гучаць у эўрапейскім кантэксьце. Але ў спэктаклі няма вонкавага сюжэту. І я думаю, што ён можа мець месца на фэстывалях, але на тэатральнай сцэне, баюся, у яго няма будучыні. Для мяне – як дырэктара – гэта вельмі важна.”

Аднак артысты “Госьціцы” не падзяляюць меркаваньняў мастацкай рады Купалаўскага тэатру. І вось чаму.

(Артыстка: ) “Наш народ не такі дурны: ён усё разумее. І казаць пра тое, што гледачу незразумела, не паказваючы яму гэтага… Папросту няма такога права”.

(Артыстка: ) “Па-другое, калі ёсьць такая магчымасьць – “падцягнуць” гледача вышэй – чаму не выкарыстаць яе? Бо ў нас надта мала такіх тэатраў і праектаў, на якія насамрэч трэба прыйсьці, паглядзець і падумаць.”

Паводле дырэктара Купалаўскага тэатру Генадзя Давыдзькі, мастацкая рада вернецца да разгляду магчымасьці супрацоўніцтва яшчэ раз. Ад таго, якое будзе прынята рашэньне, залежыць, ці пабачаць аматары нацыянальнага тэатру “Русальчын тыдзень”. А пакуль артысты “Госьціцы” па-ранейшаму застаюцца беспрацоўнымі.
XS
SM
MD
LG