Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах выбарчая кампанія ў Палату прадстаўнікоў для дэмакратаў будзе складанай – кажуць актывісты з рэгіёнаў


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць У часе папярэдніх выбарчых кампаніяў дэмакратычныя сілы з найбольшымі цяжкасьцямі сутыкаліся ў рэгіёнах. Ці будуць для іх складанымі цяперашнія выбары ў Палату прадстаўнікоў у гарадох і мястэчках? Наш карэспандэнт правёў апытаньне на гэты конт актывістаў палітычных партыяў і рухаў некаторых рэгіёнаў.

Андрэй Асмалоўскі прадстаўляе Эўрапейскую кааліцыю “Свабодная Беларусь” у Маладэчне:

(Асмалоўскі: ) “Людзі ёсьць, але пытаньне ў тым, ці дастатковы гэты людзкі рэсурс? І ці ёсьць магчымасьці рэалізаваць гэты чалавечы рэсурс? Тут вось узьнікаюць пытаньні. У нас вось, хто вакол мяне, каманда пяцьдзясят чалавек. Але вось на сёньняшні дзень мы вылучаць кандыдата ня будзем”.

Спадар Асмалоўскі патлумачыў гэта, па-першае, адсутнасьцю пэўнасьці ў перамозе іхнага кандыдата; па-другое,тым, што ў іхнае каманды няма фінансавых сродкаў на ўдзел у выбарчай кампаніі; па-трэйцяе, адсутнасьцю ў Маладэчне паразуменьня паміж прадстаўнікамі гэтай кааліцыі й кааліцыі “5 плюс”.

У Пухавіцкім раёне такое паразуменьне паміж прадстаўнікамі розных дэмакратычных структур ёсьць. Але й тут маюць месца перадвыбарчыя складанасьці. Вось што паведаміў нашаму Радыё сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Алег Чыж:

(Чыж: ) “Складана. Мы якраз зьбіраемся на бюро раёну Пухавіцкага. Будзем размаўляць пра гэта. Будзем зьбіраць подпісы. Можа быць, па партыйных сьпісах яны нашага кандыдата не зарэгіструюць, дык спатрэбяцца подпісы. Будзем рыхтаваць. Мы будзем вылучаць у Пухавіцкім раёне ад нашай партыі двух кандыдатаў. Бо, можа, аднаго не прапусьцяць. Дык другі пройдзе. Ведаеце самі, на каго будзе працаваць гэтая дзяржаўная машына. Мы будзем змагацца толькі мэтадам “ад дзьвярэй да дзьвярэй”.

У Жодзіне, паводле мясцовых дэмакратаў, таксама чакаецца жорсткая выбарчая кампанія. Вось меркаваньне аднаго зь мясцовых лідэраў Народнай кааліцыі “5 плюс” Аляксандра Валчаніна:

(Валчанін: ) “Гэтая кампанія будзе вельмі складанай. Складаней, чымсьці папярэднія кампаніі. Факты гавораць пра тое, што наўрад ці ўлады пойдуць на фармаваньне выбарчых камісіяў менавіта ад партыяў. Сёньня відаць, што ніякіх кансультацый на гэты конт улады ня хочуць весьці. А ў нас яшчэ складаней будзе таму, што па 15-ці акругах будуць давыбары ў гарсавет. Але адно цешыць, што людзі ў горадзе вельмі добра ставяцца да нас”.
XS
SM
MD
LG