Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кіраўнікоў спартовых фэдэрацый змушаюць пісаць расьпіскі, што яны прывязуць з Афінаў мэдалі


Ігар Карней, Менск Супрацоўнікі Нацыянальнага алімпійскага камітэту патрабуюць ад кіраўнікоў спартовых фэдэрацый пісаць расьпіскі, якімі яны гарантуюць, што прывязуць з Грэцыі мэдалі. Хто гэта рабіць адмаўляецца, – пазбаўляецца фінансавай падтрымкі. Такім чынам спартовыя чыноўнікі спрабуюць выканаць устаноўку Аляксандра Лукашэнкі здабыць у Афінах 25 алімпійскіх мэдалёў. Тым ня меней, падпісваюць паперы ня ўсе: стала вядома, што старшыня Фэдэрацыі боксу Аляксандар Грыгараў адмовіўся пісаць “мэдалёвую” расьпіску. Чаму Грыгараў вырашыў пайсьці “супраць цячэньня”?

У інтэрвію для Радыё Свабода Аляксандар Грыгараў патлумачыў: кіраўнікі НАК хочуць перакласьці адказнасьць за вынікі выступаў у Афінах на канкрэтных людзей – кіраўнікоў спартовых фэдэрацый.

(Грыгараў: ) “Яшчэ калі я займаў пасаду намесьніка міністра, мы склалі праграму падрыхтоўкі спартоўцаў-алімпійцаў. Яе ў 2001годзе зацьвердзілі выканкам НАК і калегія Міністэрства спорту. Там у разьдзеле “бокс” пазначаны адзін мэдаль і шэсьць алімпійскіх ачкоў. Адкуль узяліся такія лічбы? З індывідуальных плянаў, абавязацельстваў, якія ўсклалі на сябе самі спартоўцы. Гэтыя абавязкі былі зацьверджаны й зьмешчаны ў кампутарную базу спартовага ведамства. І я не разумею, навошта й якія яшчэ расьпіскі я павінен даваць, калі не адмаўляюся ад таго, што на сябе ўзяў? Бокс – гэта такая справа, што адзіны бой можа стаць апошнім. Тое, што заплянавалі, – застаецца. А навошта яшчэ нейкія паперкі падпісваць – я ня ведаю”.

Затое іншыя старшыні фэдэрацый ведаюць кошт падобных расьпісак. Так, у Фэдэрацыі веласпорту мне сказалі, што ад мэдалёвых прэтэнзій цалкам залежыць аб’ём фінансаваньня канкрэтнай галіны. Лёгіка чыноўнікаў у гэтым сэнсе простая: калі ты ні на што не прэтэндуеш, то зь якой нагоды цябе яшчэ й фундаваць? Таму, як сьведчыць досьвед, расьпіскі напісала бальшыня кіраўнікоў фэдэрацый – прынамсі, на ўсялякі выпадак.

Але, на думку Аляксандра Грыгарава, тым самым сквапныя спартовыя функцыянэры падпісалі сабе прысуды. Бо са спартоўца ці трэнэра нічога ня возьмеш, калі яны не апраўдаюць спадзяваньняў, а вось у кіраўніка фэдэрацыі запытаць можна на самым высокім ўзроўні – на дыване, як кажуць, у прэзыдэнта НАК. Гаворыць Аляксандар Грыгараў.

(Грыгараў: ) “Чаму пачалі зьбіраць з фэдэрацый нейкія расьпіскі? Нехта хоча падстрахавацца, перакласьці на іншых сваю адказнасьць за вынікі алімпійскіх гульняў. Толькі гэтым я магу ўсё патлумачыць. Я рыхтаваў нацыянальныя каманды Рэспублікі Беларусь да Алімпійскіх гульняў чатыры разы, і на мне – як намесьніку міністра спорту – “віселі” чатыры Алімпіяды. І мы ніколі такіх цудаў не выраблялі! Так, мы цікавіліся, хто на што здольны, людзі бралі на сябе абавязацельствы. Але ніякіх расьпісак ніхто не патрабаваў! Як гэта? Узяць са столі нейкую лічбу й сказаць: хлопец, ты абавязаны! Але ж вы ведаеце, што такое спорт!”.

Наагул у асяродку спартоўцаў і спартовых адмыслоўцаў даволі папулярнае такое меркаваньне: перш, чым патрабаваць максымальных вынікаў, нядрэнна было б стварыць хоць мінімальныя ўмовы для падрыхтоўкі патэнцыйных рэкардсмэнаў. Пакуль жа рэальная падтрымка спорту цалкам залежыць ад адданасьці тым, у чыіх руках знаходзяцца фінансавыя патокі. І прыклады з мэдалёвымі расьпіскамі – яскравае пацьверджаньне гэтае сумнае аксыёмы.
XS
SM
MD
LG