Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускую спартовую дэлегацыю ў Афінах ачоліць генэрал – Юры Сівакоў


Ігар Карней, Менск Насуперак прагнозам, кіраўніком беларускай спартовай дэлегацыі на Алімпійскіх гульнях у Афінах прызначаны міністар спорту й турызму Юры Сівакоў. Прадстаўнікі спартовых колаў кажуць, што Сівакова пасылаюць весьці кантроль расходаваньня дзяржаўных сродкаў; апазыцыйныя ж палітыкі прыгадваюць, што ў справаздачы рабочай групы Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Юры Сівакоў зьвінавачваецца за датычнасьць да зьнікненьня апанэнтаў беларускіх уладаў.

У Міністэрстве спорту і турызму паведамленьне пра прызначэньне Юр’я Сівакова кіраўніком спартовай дэлегацыі пацьвярджаюць, але разам з тым не выключаюць, што за час, які застаецца да Алімпійскіх гульняў, можа здарыцца што заўгодна. Гаворыць прадстаўнік Міністэрства Анатоль Арцем’еў.

(Арцем’еў: ) “Так, ён сказаў, што паедзе кіраўніком дэлегацыі на Алімпійскія гульні. Намесьніцай бярэ Галіну Забур’янаву. Калі толькі за гэтыя дні нічога ня здарыцца: ведаеце ж, як у нас, – усё мяняецца кожны дзень. Калегія Мінспорту і НАК плянавалася на 22 ліпеня, а цяпер ужо – на 23. Чакаю, што я здолею пабачыць сьпісы, зацьверджаныя прэзыдэнтам. Пазаўчора яны леглі на ягоны стол, і калі зьявіцца віза Лукашэнкі, то й гэтае прызначэньне можна канстатаваць. Мы толькі спадзяёмся на тое, што ён пасьпеў усё падпісаць да паездкі ў Віцебск”.

Паказальна, што яшчэ тыдзень таму Юры Сівакоў практычна выключаў магчымасьць сваёй камандзіроўкі ў Афіны. Казаў, што генэрала на чале спартовай місіі не зразумеюць, і найперш, у аргкамітэце спаборніцтваў, а таму найлепш будзе камандаваць у Грэцыю першую намесьніцу міністра Галіну Забур’янаву. Праўда, Сівакоў абавязкова дадаваў: калі прэзыдэнт НАК Лукашэнка палічыць за патрэбнае спыніцца на ягонай кандыдатуры, то генэрал толькі возьме “пад казырок”.

Людзі спорту лічаць, што Лукашэнку спатрэбіўся жорсткі кантралёр расходаваньня бюджэтных сродкаў, і лепш за генэрала пракантраляваць працэс ня здолее ніхто. Гаворыць алімпійскі чэмпіён у вэляспорце Ўладзімер Камінскі.

(Камінскі: ) “З улікам нашай асаблівасьці, што фінансы знаходзяцца ў руках дзяржавы, а не грамадзкай арганізацыі, то фармальна Сівакоў мае права ачоліць дэлегацыю. У нас усё ажыцьцяўляецца празь Міністэрства, а фэдэрацыі, дый сам Нацыянальны алімпійскі камітэт – толькі “паштовыя скрынкі”. Міжнародная сыстэма спорту наагул заснавана на грамадзкіх арганізацыях: і ў Алімпійскай хартыі запісана, і ў статутах, што гэта прэрагатыва няўрадавых арганізацый. Але НАК Беларусі ня можа паслаць на Алімпіяду спартоўцаў, бо ня мае грошай. Дзяржава ж не перадае НАКу сродкаў, і ўсё ажыцьцяўляецца празь Міністэрства спорту. Таму Сівакоў будзе ў пэўным сэнсе кантралёрам бюджэтных сродкаў, будзе адказваць за правільнае выкананьне каштарысу, за матэрыяльнае забесьпячэньне, будзе сачыць, каб людзі былі дагледжаны, а таксама вярнуліся на Радзіму”.

Прозьвішча Сівакова сёлета гучала неаднойчы – але не на міжнародных спартовых арэнах, а з высокіх міжнародных трыбун.

У знакамітым дакладзе Хрыстаса Пургурыдэса Сівакоў разам з іншымі афіцыйнымі асобамі Беларусі называўся як адзін з магчымых арганізатараў зьнікненьня апазыцыйных палітыкаў. Аднак сам Сівакоў усе зьвінавачаньні на свой адрас адхіляе, кажучы, што калі б такое было насамрэч, яго даўно шукаў бы Інтэрпол.

Шэраг апазыцыйных палітыкаў, зь якімі я сёньня з гэтай нагоды размаўляў, лічаць, што гэтая пэрспэктыва для Сівакова – яшчэ наперадзе. Дарэчы, у Міжнародным Алімпійскім камітэце ня лічаць прысутнасьць Юр’я Сівакова ў Грэцыі непажаданай: у прэсавым цэнтры МАК сказалі, што рэкамэндацый да пэрсанальных абмежаваньняў у складзе беларускай дэлегацыі не атрымлівалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG