Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мёртвы сэзон” у Беларусі: Аляксандра і Канстанцін, “Сябры” ў Менску і Памідораў на Басовішчы


Зьміцер Падбярэскі, Менск Новая перадача сэрыі “Па-за тактам”.

(Падбярэскі: ) “Дзень добры! Сярэдзіна лета – сэзон у музычным жыцьці, што называецца, “мёртвы”. Нейкіх значных падзей амаль няма, а таму нават звычайная, здавалася б, прэзэнтацыя новага альбому выглядае здарэньнем ледзь не сэнсацыйным. Упершыню ў практыцы праграма “Па-за тактам” складаецца з трох сюжэтаў, якія ў сукупнасьці праінфармуюць вас пра тое, што ўсё ж адбываецца ці будзе адбывацца ў беларускай папулярнай музыцы.

Такім чынам, пачнем з прэзэнтацыі. 12 ліпеня ў музычнай краме “Мистерия звука” дуэт “Аляксандра і Канстанцін” прэзэнтавалі новы альбом, які атрымаў назву “Лепшае”. Альбом улучае запісы розных гадоў на беларускай, расейскай і ангельскай мовах, у тым ліку й песьню “My Galileo”, зь якой артысты выступалі на конкурсе “Эўрабачаньне”. Натуральна, што галоўнай тэмай падчас прэзэнтацыі зрабіліся вынікі выступленьня Аляксандры й Канстанціна ў Турцыі. Вось што сказалі на гэты конт музыканты”.

(Аляксандра: ) “Мы жывём, мы працуем, пішам новыя песьні. І мы вельмі радыя, што менавіта мы былі першымі прадстаўнікамі Беларусі на “Эўрабачаньні”, атрымалі калясальны досьвед. Мы ўлічым усё, што там убачылі, і ўвесь гэты досьвед застанецца з намі. І наступны наш дыск будзе зроблены таксама з высновамі з гэтага фэстывалю”.

(Канстанцін: ) “На гэты дзень мы атрымалі вельмі шмат кантактаў з эўрапейскімі прадусарамі й лэйбламі, мы вядзём розныя перамовы, і таму для нас “Эўрабачаньне” ўжо спрацавала”.

(Падбярэскі: ) “Нягледзячы на выданьне альбому зь лепшымі песьнямі, дуэт рыхтуе чарговую праграму. Пра гэта казала Аляксандра Кірсанава, а Канстанцін Драпеза распавёў пра тое, калі ж можна будзе пачуць гэты калектыў са сцэны”.

(Аляксандра: ). “Матэрыял для наступнага альбому ўжо цяпер падрыхтаваны, з восені мы ўвойдзем у студыю й пачнем пісаць гэтыя песьні. Наш наступны альбом будзе таксама вытрыманы ў стылі фолк-мадэрн на беларускай мове. Гэта будуць апрацоўкі беларускіх народных песень”.

(Канстанцін: ) “Прэзэнтацыйны канцэрт мы адклалі на восень. Магчыма, у верасьні-кастрычніку мы зробім свой сольны канцэрт – сапраўдны, з добрым сьвятлом, добрым гукам, з аркестрам – усё, як мае быць. 17 жніўня ў Наваградку плянуецца падчас рыцарскага турніру наш канцэрт працягласьцю гадзіну”.

(Падбярэскі: ) “Хачу адзначыць, што, канечне, з гэтымі выканаўцамі можна было б пагутарыць і больш падрабязна, тым больш што яны былі ўжо гасьцямі студыі Беларускай Свабоды. Аднак… Як сказалі самі артысты, ім у Дзяржаўным канцэртным аркестры не параілі ўдзельнічаць у праграмах нашага радыё. Тэму існаваньня цэнзуры й забарон у нацыянальнай папулярнай музыцы пакіньма на іншы раз, а цяпер пойдзем далей.

15 ліпеня ў Віцебску пачаўся чарговы фэстываль “Славянский базар”. Ягоная праграма ў цэлым не выглядае арыгінальнай: амаль усё тыя ж выканаўцы, тыя ж песьні, тыя ж лёзунгі. Адзіная інтрыга, як заўсёды, – конкурс маладых выканаўцаў, у якім ад Беларусі выступяць магіляўчанка Ганна Мушак і мінчук Пётар Ялфімаў, у якога, варта прызнаць, шанцы на перамогу вельмі істотныя.

Аднаго з пастаянных удзельнікаў фэстывалю, Анатоля Ярмоленку, атрымалася вызваніць, калі “Сябры” ўжо ехалі ў напрамку Віцебску. Я запытаў спадара Анатоля, чаго, на ягоную думку, можна сёлета чакаць на “Славянском базаре” звыклага й што можа здарыцца нечаканага. Ад прагнозаў спадар Анатоль устрымаўся, але ў якасьці незвычайнага азначыў наступнае”.

(Ярмоленка: ) “Я не магу цяпер сказаць, што будзе, як заўсёды. Новае ж будзе тое, што мы “працуем” канцэрт, які называецца “Сябры” зьбіраюць сяброў”. Гэта такі юбілейны 30-гадовы наш творчы шлях. І ў гэтым канцэрце мы з Таісіяй Павалій будзем выконваць нашую “Купалінку”. Рэпэтыцыя адбывалася ў такім он-лайнавым рэжыме праз кампутар. Новыя тэхналёгіі працы: вэб-камэра ў яе, у мяне… Вывучылі так – усё атрымалася. І мне хацелася б, каб у гэтым канцэрце моладзь, нашыя беларускія артысты сьпявалі нашыя песьні, і тыя артысты, што з іншых краін, таксама выконвалі нашыя беларускія песьні”.

(Падбярэскі: ) “Як паведамлялі інфармацыйныя агенцыі, сёлета бюджэт “Славянского базара” перавышае паўтара мільёны даляраў. Я не ўтрымаўся, каб не запытаць спадара Анатоля, што ён зрабіў бы з такімі грашыма, калі б у яго была магчымасьць распараджацца гэтай сумай. Вось што ён адказаў”.

(Ярмоленка: ) “Я ня ведаю, наколькі дакладная менавіта такая вось сума. Але я так разумею, што гэта проста сродкі саюзныя выкарыстоўваюцца, больш нават Расея спансуе гэта. Калі б гэтыя сродкі пайшлі толькі ў казну мастацтва беларускага, дык мы ўзьнялі б на новы якасны ўзровень наагул усю беларускую эстраду. Гэты фэстываль патрэбен, таму што празь яго ідзе заяўка пра Беларусь па ўсім сьвеце. Павінен быць гэты фэстываль. А сродкі? Колькі ні дай на нашую культуру, – іх усё адно будзе мала”.

(Падбярэскі: ) “23 ліпеня пад Беластокам распачнецца яшчэ адзін фэстываль – “Басовішча”. Адбор удзельнікаў конкурсу зь беларускага боку сёлета быў ускладзены на Аляксандра Памідорава й Славу Кораня. Насёньня, адрозна ад папярэдніх гадоў, беларускія ўдзельнікі конкурсу адбіраліся на падставе фанаграм – жывога адборачнага канцэрту не было. Не сакрэт, што ў апошнія гады некаторыя калектывы дзеля таго, каб трапіць на гэты фэстываль, падладжваюцца пад ягоныя ўмовы. Пра гэта, а таксама пра тое, што новага будзе на 15 па ліку “Басовішчы”, разважае Аляксандар Памідораў”.

(Памідораў: ) “Калі шчыра казаць, дык па гэтым годзе і ў мяне, і ў Кораня такое вельмі дзіўнае стаўленьне, бо ўзровень канкурсантаў ніжэйшы, чым у мінулым ці, скажам, пазамінулым годзе. З амаль што 30 камандаў у выніку засталося сем. Мне так здаецца, што ўсё-ткі нейкі лёгкі перакорм прысутнічае. Калі тут у нас праходзяць такія занадта патэтычныя акцыі, дзе так ужо дэманструецца гэтая беларускасьць, што надта ўжо гэта пачынае выглядаць фальшыва… А маладыя людзі – яны больш чуйныя да рознага фальшу, і таму гэта адварочвае людзей і ад мовы, і ад асэнсаваньня менавіта такой музыкі, асэнсаваньня нашай спадчыны музычнай, і рок-музычнай… У гэтым годзе большасьць гуртоў едуць альбо зь перакладзенымі тэкстамі, альбо яны маюць сваю асноўную праграму на ангельскай ці на расейскай мовах. Патэтычныя канцэрты – гэта адно, а рэальна нічога ня робіцца ў пляне контрапрапаганды. Маладыя вушы, маладыя галовы, маладыя сэрцы – яны больш адкрытыя таксама да рознай якасьці: яны яшчэ ня могуць асэнсоўваць, што сапраўднае, што – не. Потым, праз год які, можа, асэнсуюць. Такім чынам, зь Беларусі ў гэтым годзе едуць сем гуртоў, з Польшчы выступяць два ў конкурсе. Да таго ж яшчэ, у гэтым годзе фэстываль спрабуе выйсьці на нейкія эўрапейскія ўзроўні. Таму будзе зладжана такая рэч, як адкрытая сцэна: на той жа пляцоўцы, на тым жа апараце той, хто хоча, прыяжджае за ўласныя грошы, як гэта робіцца зазвычай, і выступае”.

(Падбярэскі: ) “Ёсьць усе спадзяваньні на тое, што ваш карэспандэнт сёлета трапіць на “Басовішча”, а таму здолее расказаць пра фэстываль непасрэдна зь месца падзей. Цалкам магчыма, што менавіта “Басовішча” й зробіцца галоўнай падзеяй летняга сэзону ў беларускай папулярнай музыцы, і пераканае нас усё ж у тым, што й у “мёртвы”, здавалася б, сэзон музычнае жыцьцё не спыняецца. А таму – да сустрэчы ў апошні дзень ліпеня ў праграме “Па-за тактам”!”

У перадачы прагучалі фрагмэнты песень “My Galileo” ў выкананьні дуэту “Аляксандра й Канстанцін”, “Полька беларуская” ў выкананьні ансамблю “Сябры” й “Нікому нічога” ў выкананьні аднаго з удзельнікаў конкурсу на сёлетнім “Басовішчы” групы “Taxi”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG