Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая “нарэзка” выбарчых акругаў – тыповы прыклад амэрыканскага джэрымандэрынгу, лічаць незалежныя экспэрты


Алесь Дашчынскі, Менск Цэнтральная камісія па выбарах і правядзеньні рэфэрэндумаў апублікавала Пастанову аб утварэньні выбарчых акругаў па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Параўнальна з папярэднімі выбарчымі кампаніямі, зьменены межы 20 акругаў. Незалежныя экспэрты цьвердзяць, што ажыцьцёўлены так званы клясычны варыянт амэрыканскага джэрымандэрынгу, калі межы выбарчых акругаў робяцца так, каб як мага больш абцяжарыць працу палітычным апанэнтам у гэтых акругах ці зрабіць працу для “сваіх” людзей лягчэйшай.

Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына тлумачыць перамены ў межах выбарчых акругаў мэтазгоднасьцю.

(Ярмошына: ) “Справа ў тым, што ў 2000 годзе выбары праводзіліся паводле новага заканадаўства, і выбарчыя акругі былі сфармаваны з пэўнымі недахопамі. Мела месца няроўнасьць, ня вельмі ўдала разьмяшчаліся межы, што пагаршала кіраваньне выбарчым працэсам. Да прыкладу, акругі не заўсёды ўкладаліся ў рамкі адной адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, альбо аднаго раёну”.

Цэнтравыбаркам улічыў прапановы абласных выканаўчых камітэтаў і Менскага гарадзкога выканкаму пры ўнясеньні зьменаў у акругі. Паводле Ярмошынай, перамены адбыліся практычна ва ўсіх вобласьцях.

(Ярмошына: ) “Мне здаецца, горад Менск у большай ступені памяняў свае выбарчыя акругі. Аднак гэта ня мае значэньня. Магчыма, гэта мае значэньне толькі для цяперашніх дэпутатаў, якія будуць абірацца паўторна, бо ў іх памяняліся ўмовы гульні. Але гэта, магчыма, і лепш: гэта ставіць іх у больш роўныя ўмовы адносна астатніх кандыдатаў на дэпутаты”.

Паводле Ярмошынай, пасьля папярэдніх выбараў адбыліся зьмены ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле.

(Ярмошына: ) “Сельскія саветы, новыя мікрараёны – зьмянілася насельніцтва ў той ці іншай частцы. Да Віцебску прырэзалі частку Віцебскага раёну, частку Аршанскага раёну прырэзалі да Воршы, частка Магілеўскага раёну перайшла да Магілёву. Па Менску ўвайшло ўсё ў межах кружной дарогі. Гэта натуральны працэс. Мяняюцца межы тэрыторый – і, адпаведна, мяняюцца межы выбарчых акругаў”.

Аднак ці мела месца такая сытуацыя, калі пры нарэзцы акругаў мяняўся склад насельніцтва, бо вядома, што гарадзкое насельніцтва галасуе іначай, чым вясковае? На гэта Лідзія Ярмошына тлумачыць:

(Ярмошына: ) “Мы гэтага не аналізуем, бо гэта не ёсьць клопатам Цэнтральнай камісіі. Пра гэта могуць клапаціцца палітолягі ці палітычныя партыі, палітыкі, якія ўдзельнічаюць у выбарах. Закон на гэту тэму нічога не патрабуе, таму самае галоўнае для нас – захаваньне міжнароднага стандарту: адхіленьне не павінна перавышаць 10%, акругі павінны ўлучаць памежныя тэрыторыі.

Абласныя ўлады Магілёўскай вобласьці памянялі, да прыкладу, межы акругаў, дзе мінулым разам балятаваліся старшыня Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў і ягоны намесьнік Уладзімер Канаплёў. Акруга Папова называлася Асіповіцкай, і ў яе ўваходзілі Клічаўскі й Асіповіцкі раёны. Цяпер гэтая акруга называецца Клічаўскай, і цэнтар перамешчаны ў Клічаў. Сюды дададзены пяць сельскіх саветаў Магілёўскага раёну. Колькасьць выбарнікаў вырасла амаль на 10 тысяч.

Цяпер паглядзім, якая сытуацыя ў акрузе Канаплёва. Як і ў мінулыя выбары, яна завецца Шклоўскай (цэнтар – Шклоў). Сюды далучаны яшчэ тры сельскія саветы Магілёўскага раёну. Аднак колькасьць выбарнікаў паменшылася амаль на дзьве тысячы. Як бачна, акругі Папова й Канаплёва значна падрэзаны”.

Паводле незалежных крыніц, па Менску перарэзаны ўсе выбарчыя акругі. Меркаваньне адмыслоўца ў выбарчых тэхналёгіях Сяргея Альфэра.

(Альфэр: ) “Можна казаць пра клясычны варыянт амэрыканскага джэрымандэрынгу, калі межы выбарчых акругаў робяцца такім чынам, каб як мага больш абцяжарыць працу сваім палітычным апанэнтам у гэтых акругах ці зрабіць для “сваіх” людзей працу лягчэйшай”.

А як вы ставіцеся да тлумачэньня Лідзіі Ярмошынай, што перамены ў выбарчых акругах мяняюць правілы гульні для цяперашніх дэпутатаў, якія паўторна пойдуць на выбары?

(Альфэр: ) “Ярмошына – жартаўніца. Яна заўжды любіць жартаваць, альбо не разумее, што гаворыць. Справа ў тым, што для дэпутатаў, якія ідуць па сьпісе, неістотна, якая нарэзка. Усё роўна яны поўнасьцю разьлічваюць на адміністрацыйны рэсурс, ці на зьняцьцё кандыдатаў ад апазыцыі, ці на ўкіданьне пад сябе вялікай колькасьці фальшывых бюлетэняў. Істотна для нас, бо мы не маглі адрасна працаваць з насельніцтвам, і ў большай ступені працавалі бязадрасна”.

Экс-старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб лічыць, што правілы гульні могуць памяняцца для абодвух бакоў.

(Грыб: ) “Па цэлым шэрагу акругаў, дзе ў нашай Сацыял-дэмакратычнай грамады меліся свае зарэгістраваныя першасныя партыйныя суполкі, цяпер іх няма. І атрымалася так, што ў адной акрузе партыйных суполак ёсьць тры, можа нават і чатыры, а ў іншых акругах – ніводнай. Я думаю, што ўсё гэта было зроблена наўмысна, і калі паглядзець на мапу па нарэзцы акругаў па Менску, то фігуры, створныя ў выніку гэтай нарэзкі, вельмі й вельмі цікавыя. Такія кускі выразаюць, туды загінаюць, такія хвасты нейкія робяць – ніяк нельга зразумець, навошта гэта робіцца”.

(Карэспандэнт: ) “Ці паказвае гэта на жаданьне ўладаў такім чынам як мага больш абцяжарыць працу палітычным апанэнтам у акругах і, наадварот, зрабіць працу для “сваіх” людзей лягчэйшай?”

(Грыб: ) ”Тут ідзе аднабаковы працэс: каб зрабіць больш цяжкою працу для сваіх апанэнтаў. Калі яны для сябе будуць карыстаць гэтак званы адміністрацыйны рэсурс, то ім усё роўна, дзе, каму й як дапамагаць”.

І апошняе: наконт тэрміну джэрымандэрынг, які ўжыў спадар Альфэр. У 1812 годзе губэрнатар Масачусэтса дэмакрат Элбрыдж Джэры зрабіў такую нарэзку акругаў па выбарах у заканадаўчы сход штату, якая забясьпечыла перамогу дэмакратаў. Калі прапанаваная губэрнатарам нарэзка абмяркоўвалася ў заканадаўчым сходзе, нехта заўважыў, што штучныя, выгнутыя контуры акругаў нагадваюць саламандру. “Хутчэй, “джэрымандру” – пажартаваў нехта, намякаючы на прозьвішча хітрага губэрнатара. З тае пары джэрымандэрынг зрабіўся устойлівым тэрмінам амэрыканскага палітычнага лексыкону. Але гэтая зьява здараецца ня толькі ў Злучаных Штатах Амэрыкі.
XS
SM
MD
LG