Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Амэрыканскія дактары: максымальная дапушчальная норма халестэрыну ў крыві павінна быць яшчэ ніжэйшая


Канстусь Бандарук, Прага Новая перадача сэрыі “Навіны сучаснай мэдыцыны”: Амэрыканскія спэцыялісты лічаць, што ўзровень халестэрыну павінен быць яшчэ ніжэйшы, чым той, які дагэтуль лічыўся бясьпечным. У выяўленьні раку лёгкіх на раньняй стадыі дапаможа кампутарная тэхніка.

Амэрыканскія экспэрты зьнізілі дапушчальны ўзровень халестэрыну са 130 да 100 міліграмаў у 100 мілілітрах плязмы. Рэкамэндацыю з новымі нормамі апублікавалі на старонках навуковага часопісу “Circulation” тры арганізацыі: Нацыянальны інстытут сэрца, лёгкіх і крыві, Амэрыканскае таварыства сэрца і Амэрыканскі каледж кардыялёгіі. Аўтары артыкулу кажуць, што зьмена дапушчальнага ўзроўню была прадыктаваная вынікамі 5 клінічных дасьледаваньняў.

Цягам дасьледаваньняў выявілася, што людзям з адносна высокім узроўнем рызыкі захворваньня на сардэчна-судзінныя хваробы трэба павялічыць дозы лекаў-статынаў і зьнізіць узровень халестэрыну да яшчэ ніжэйшай адзнакі. Пад “адносна высокім узроўнем рызыкі” разумеўся паджылы ўзрост, высокі крывяны ціск, дыябэт і курэньне. Наяўнасьць гэтых фактараў у чалавека павялічвае рызыку хваробаў сэрца на 20%.

Нагадаем, што халестэрын – гэта арганічнае рэчыва, стэроід, які неабходны для правільнага функцыянаваньня арганізму. Без халестэрыну было б немагчымае аднаўленьне клетак, вытворчасьць полавых гармонаў, вітаміну D, а таксама жоўцевых кіслотаў, якія забясьпечваюць правільнае страваваньне тлушчаў.

Недахоп халестэрыну ў арганізьме вядзе да розных інфэкцыяў і ракавых захворваньняў. Аднак няма прычынаў хвалявацца – у здаровым арганізьме яго ў дастатковай колькасьці вырабляе печань. Значна часьцей праблемай зьяўляецца якраз-ткі ягоны лішак. Халестэрын у вялікай колькасьці паступае ў арганізм зь ежай, асабліва зь мясам, яйкамі й маслам. Халестэрын цыркулюе ў крыві ў складзе гэтак званых “транспартных” ліпапратэінаў.

Ключавое значэньне для здароўя крывяносных судзінаў маюць два віды ліпапратэінаў, ад якіх залежыць узровень рызыкі разьвіцьця артэрыясклерозу. Найбольш шкодны халестэрын – гэта ліпапратэін нізкай шчыльнасьці (LDP, low-density lipoproteins). Гэта так званы “дрэнны” халестэрын, які лёгка асядае на сьценках артэрыяў, блякуе іх, што можа эвэнтуальна выклікаць інфаркт альбо інсульт. Другі від – гэта ліпапратэін высокай шчыльнасьці (HDP, high-density lipoproteins). Гэта так званы “добры” халестэрын, бо ён здольны супрацьстаяць шкодным эфэктам, учыненыя “дрэнным” халестэрынам. Ліпапратэіны высокай шчыльнасьці зьбіраюць шкодны халестэрын са сьценак артэрыяў і пераносяць яго ў печань, дзе ён перарабляецца ў жоўцевыя кіслоты. Людзі, у якіх нізкі ўзровень “добрага” халестэрыну (ніжэй за 35 міліграмаў на 100 мілілітраў плязмы), часьцей хварэюць на сардэчна-судзінныя хваробы.

Варта адзначыць, што яшчэ 20-30 гадоў таму дапускалася значна вышэйшы ўзровень халестэрыну. “Калі я вучыўся на мэдычным факультэце, агульны ўзровень 300 міліграмаў халестэрыну лічыўся цалкам нармальным”, – кажа кардыёляг з клінікі ў Кліўлэндзе, Стывэн Нісэн. Потым дапушчальны максымальны ўзровень быў паніжаны да 200 міліліграмаў, і цягам дзесяцігодзьдзяў лічылася, што дапушчальны ўзровень “дрэннага” халестэрыну – 200 міліграмаў. Цяпер жа дактары рэзка зьнізілі плянку. Спэцыялісты рэкамэндуюць трымаць узровень халестэрыну ў два разы ніжэйшым і нават паспрабаваць зьменшыць яго да 70 міліграмаў. Доктар Фустэр з Інстытуту сардэчна-судзінных хваробаў у Нью-Ёрку лічыць, што ў недалёкай будучыні нават такі ўзровень будзе лічыцца занадта высокім.

Што азначаюць на практыцы новыя рэкамэндацыі? Каля 10 мільёнаў амэрыканцаў прымаюць цяпер лекі для зьніжэньне халестэрыну. Зараз ім трэба будзе павялічыць дозы лекаў, а яшчэ як мінімум 8 мільёнаў чалавек будуць павінны пачаць лячэньне, каб зьнізіць узровень халестэрыну ў крыві. Экспэрты падлічылі, што ў сярэднім кошт лячэньня статынамі ў ЗША складае 100 даляраў у месяц. “Гэта разумны выдатак, бо статыны зьніжаюць рызыку хваробаў сэрца на 30-40 %, а лячэньне гэтых хваробаў абыходзіцца ў сотні мільярдаў даляраў”, – кажа доктар Джэймс Клімэн, каардынатар Нацыянальнай праграмы адукацыі ў пытаньнях халестэрыну.

***

А зараз – да іншай тэмы. Амэрыканскім рэнтгенолягам у хуткім часе пачне дапамагаць кампутар, які зможа выяўляць рак лёгкіх на самай раньняй стадыі. Амэрыканская ўправа харчаваньня і лекаў (FDA) дапусьціла да шырокага ўжытку распрацаваную каліфарнійскай кампаніяй “R2 Technology” сыстэму “ImageChecker CT-LN 1000”.

“Кампутарны аналіз стане свайго кшталту дадатковай парай вачэй для рэнтгеноляга і будзе ўжываецца пасьля таго, як той правядзе стандартны агляд здымкаў”,– паведамілі прадстаўнікі кампаніі. Кампанія правяла дасьледаваньне з удзелам 15 рэнтгенолягаў, і прадставіла ва Ўправу харчаваньня і лекаў доказы эфэктыўнасьці новай сыстэмы. Кампутарны аналіз здымку дазваляе выявіць невялікія ўтварэньні, якія могуць застацца незаўважанымі рэнтгенолягам. Звычайна бальшыня гэтых дробненькіх вузельчыкаў – дабраякасныя, але некаторыя зь іх могуць быць злаякаснымі і азначаць пачатак разьвіцьця раку лёгкіх.

Выяўленьне раку лёгкіх на раньняй стадыі мае ключавое значэньне ў змаганьні з гэтай хваробай. Гэта становіцца асабліва ясна зразумелым, калі ўлічыць, што ў ЗША, толькі 14% пацыентаў з такім дыягназам жывуць больш як 5 гадоў. Калі выяўляць пухліну на раньнім этапе, гэты паказчык павялічваецца да 42%. У Злучаных Штатах з прычыны раку лёгкіх памірае ў сярэднім 157 тысяч чалавек штогод.

У Эўропе сыстэма “Image Checker” атрымала дазвол раней і ўжо эксплюатуецца з сакавіка мінулага году.
XS
SM
MD
LG