Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хабарніцтва – найбольш распаўсюджанае злачынства ў асяродзьдзі міліцыянтаў


Любоў Лунёва, Менск За апошнія 6 месяцаў пракуроры накіравалі ў менскія суды некалькі крымінальных справаў супраць міліцыянтаў. Толькі цягам гэтага тыдня ў суды Кастрычніцкага і Заводзкага раёнаў паступілі крымінальныя справы на двух супрацоўнікаў міліцыі.

Сяргей Юдзін і Аляксандр Пранякін працавалі оперупаўнаважанымі. Адзін у Маскоўскім РУУС, другі – у Заводзкім. Калі Юдзіна абвінавачваюць у хабарніцтве, то Пранякіна – яшчэ ў шэрагу злачынстваў, зьвязаных са службовымі злоўжываньнямі.

Справа Сяргея Юдзіна даволі тыповая. Ён спыніў кіроўцу новага аўтамабіля і, спаслаўшыся на тое, што яму трэба зрабіць праверку нумароў на кузаве, паставіў машыну на штрафную стаянку. Каб падштурхнуць кіроўцу на хабар, ён паведаміў, што машына будзе стаяць больш за месяц: маўляў, то экспэрты будуць доўга рабіць заключэньне, то супрацоўнікі аддзелу будуць правяраць, ці ня скрадзеная машына, то яшчэ нейкія тэхнічныя прычыны... На просьбу вырашыць пытаньне як мага хутчэй міліцыянт папрасіў 200 даляраў. Абураны ўладальнік аўтамабіля пайшоў у пракуратуру, і толькі пасьля гэтага маладога супрацоўніка міліцыі затрымалі ў момант перадачы хабару.

Што тычыцца Аляксандра Пранякіна, то тут сытуацыя сапраўды дэтэктыўная. Ён ведаў пра крымінальную справу, якую распачалі супраць цыганкі, якую абвінавачвалі ў гандлі наркотыкамі. Аляксандр Пранякін прыйшоў на кватэру да яе маці і прапанаваў ёй заплаціць яму за цэнную інфармацыю. Пры гэтым Пранякін паабяцаў зрабіць адпаведныя захады, каб дапамагчы дачцы пазьбегнуць турмы. Атрымаўшы ў першы раз 2 000 даляраў, міліцыянт папярэдзіў гаспадыню дому аб тым, што яе другая дачка таксама падазраецца ў распаўсюдзе наркотыкаў.

Наступным разам за яшчэ адзін грашовы ўзнос – дзьве з паловай тысячы даляраў – міліцыянт папярэдзіў цыганку, што хутка будзе ператрус, і што трэба зьнішчыць усе доказы злачынства. Што і было зроблена. Ніхто б не даведаўся пра гэтую справу – але калі цыганка ўбачыла, што першую дачку пасадзілі, а супраць другой пачалося сьледзтва, яна пайшла ў КГБ і распавяла пра міліцыянта. Цяпер ён чакае суду. У жніўні стане вядома, якія гэтым міліцыянтам вынесуць прысуды.

Можна сказаць, што хабарніцтва – гэта самы распаўсюджаны від злачынства сярод міліцыянтаў. На першым месцы хабарніцтва, потым ідуць злоўжываньні службовым становішчам, але за гэтым выразам могуць быць і тое ж хабарніцтва, і зьбіцьцё затрыманых, і вымаганьне грошай. Апошнім часам крымінальных справаў супраць міліцыянтаў у судах стала значна меней. Адмыслоўцы кажуць, што справа тут ня ў тым, што супрацоўнікі міліцыі раптам зьмяніліся і сталі зьдзяйсьняць меней злачынстваў. Насамрэч, да суду даходзяць далёка ня ўсе справы, а толькі тыя, якія цяжка ўтаіць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG