Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

950 гадоў таму хрысьціянскі сьвет афіцыйна падзяліўся на каталіцкую й праваслаўную цэрквы


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 16 і 17 ліпеня

16 ліпеня лічыцца днём пачатку падзелу хрысьціянскай царквы на каталіцкую і праваслаўную. Менавіта ў гэты дзень 950 гадоў таму рымскі папа Леў ІХ наклаў анафэму на канстантынопальскага патрыярха Міхаіла. Для Беларусі гэтая падзея стала знакавай, а царкоўны падзел наклаў адбітак на ўсю нашу гісторыю аж да сёньняшняга дня. Беларуская нацыя, пабыўшы і каталіцкай, і праваслаўнай, і ўніяцкай, застаецца падзеленаю паводле канфэсійнай прыкметы.

16 ліпеня 1918 году ў Екацярынбургу бальшавікі расстралялі расейскага цара Мікалая ІІ разам зь ягонай сям’ёй. А 16 ліпеня 1979 году, 25 гадоў таму, прэзыдэнтам Іраку стаў дыктатар Садам Гусэйн.

16 ліпеня ў 1872-м годзе нарадзіўся Раальд Амундсэн, славуты нарвэскі палярнік, падарожнік і першаадкрывальнік. Што да славутых беларусаў, дык яны 16 ліпеня не прыходзілі на сьвет, а пакідалі яго. Гэта беларускі паэт і менскі культурны герой свайго часу Янка Лучына, які трох гадоў не дажыў да ХХ стагодзьдзя. Гэта беларускі архітэктар Іван Жалтоўскі, родам зь Пінску, які рабіў пляны рэканструкцыі такіх буйных гарадоў, як расейская Масква і беларускі Гомель. Ня стала Жалтоўскага 16 ліпеня 1959 году. Гэта гісторык Мікола Арэхва, які пісаў кнігі пра Заходнюю Беларусь пад польскай уладай у міжваенны пэрыяд. Арэхва пакінуў гэты сьвет 16 ліпеня 1990 году.

Цяпер пра памятныя даты заўтрашняе суботы.

17 ліпеня 1399 году памерла польская каралева Ядвіга, жонка Вялікага Князя Літоўскага Ягайлы. Іхны шлюб адбыўся пасьля заключэньня Крэўскае вуніі паміж Польшчай і Вялікім Княствам. З гэтага моманту найвышэйшыя кіраўнікі дзяржавы нашых продкаў часьцяком зьяўляліся яшчэ й польскімі каралямі. Заключаная ў Крэве унія дзейнічала ажно чатырыста гадоў – да самых падзелаў Рэчы Паспалітай. А было каралеве Ядвізе напрыканцы ейнага жыцьця ўсяго 25 гадоў. Зрэшты, і замуж у тыя часы выходзілі раней, чым цяпер. Ядвіга ажанілася зь Ягайлам, маючы ўсяго 13 гадоў.

17 ліпеня 1924 году, 80 гадоў таму, быў уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусі. Краіна дзялілася на 10 акругаў і 100 раёнаў. Новы падзел быў зьвязаны з так званым узбуйненьнем БССР, калі Беларусі былі часткова вернутыя тэрыторыі Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губэрняў, адабраныя Расеяй у часе рэвалюцыі.

Сярод знакамітых падзеяў 17 ліпеня згадаем стыкоўку савецкага касьмічнага карабля “Саюз” і амэрыканскага “Апалён”, што адбылася ў 1975 годзе. Яшчэ ў гэты дзень у 1790-м годзе памёр клясык палітэаканоміі, шатляндзкі эканаміст Адам Сміт, а ў 1888-м годзе нарадзіўся ізраільскі пісьменьнік Шмуэль Агнон, які стаў у сваёй літаратурнай галіне нобэлеўскім ляўрэатам.
XS
SM
MD
LG