Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня гарадзенскай суполкі БНФ напярэдадні выбараў: “На гэты раз памылак ня будзе”


Сяргей Астраўцоў, Горадня У гарадзенскай гарадзкой арганізацыі партыі БНФ некалькі асобаў зьбіраюцца ўдзельнічаць у восеньскіх выбарах у Палату прадстаўнікоў. Пра некаторыя падрабязнасьці мы даведаліся ад кіраўніка гарадзкой суполкі партыі БНФ Міколы Ворана.

Мікола Воран гаворыць, што нарэшце абвешчана дата правядзеньня выбараў – 17 кастрычніка, таму партыйная арганізацыя БНФ пачынае прадумваць свае дзеяньні падчас будучай выбарчай кампаніі.

(Воран: ) “Стратэгія і тактыка нашай партыі на маючых адбыцца выбарах – вельмі простая. Мы маем намер вылучыць кандыдатаў ад сваёй партыйнай арганізацыі па трох гарадзкіх акругах. Гэта – Алесь Астроўскі, якога мы мяркуем вылучыць па Заходняй выбарчай акрузе, гэта спадар Кірэеў, які мае намер ісьці па Занёманскай акрузе, і спадар Сяргей Антусевіч, які будзе балятавацца па Цэнтральнай акрузе”.

Спадар Воран зазначае, што тэрытарыяльна акругі яшчэ ня вызначаны, і ў іхняй арганізацыі арыентуюцца пакуль на тыя акругі, што існавалі на мінулых выбарах чатыры гады таму назад. Тады былі тры гарадзенскія гарадзкія акругі і адна сельская. Дарэчы, у апошняй меў думку балятавацца сам Мікола Воран, але адмовіўся ад яе, даведаўшыся, што там мяркуе выступіць у якасьці незалежнага кандыдата вядомы сваімі дэмакратычнымі поглядамі Тадэвуш Гавін.

Аднак трэба сказаць, што на апошніх мясцовых выбарах уладам удалося не дапусьціць да рэгістрацыі некалькіх дэмакратычных кандыдатаў, у тым ліку прафэсара Астроўскага. У падпісных лістах знайшліся дробныя недакладнасьці.

(Воран: ) “Мы гэта ўлічылі. У той раз каманда Астроўскага не была цалкам падрыхтаваная. Некаторыя зборшчыкі подпісаў рабілі даволі грубыя памылкі пры зборы подпісаў, што дало магчымасьць выбарчай камісіі адмовіць у рэгістрацыі спадара Астроўскага. На гэты раз, я спадзяюся, гэтых памылак ня будзе. Мы пастараемся подпісы сабраць як мага хутчэй і як мага лепш, і здаць іх у выбарчую камісію тады, калі мы будзем на сто адсоткаў упэўнены, што гэтыя подпісы пройдуць”.

У Горадні зьбіраюцца вылучацца і іншыя прадстаўнікі кааліцыі “5+”. Папярэдне вядома, што ў адной з трох акругаў разам зь сябрам партыі БНФ мяркуе вылучацца таксама прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Дарэчы, такі выпадак быў на апошніх выбарах у гарадзкі савет: абодва кандыдаты не прайшлі. У гарсавет трапіў, дзякуючы добрай камандзе, Сяргей Антусевіч ад партыі БНФ. Ён будзе вылучацца і ў Палату прадстаўнікоў. Наколькі вядома, у горадзе зьбіраюцца ўдзельнічаць у выбарах і некалькі асобаў з дэмакратычнымі поглядамі, але яны будуць кандыдатамі незалежнымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG