Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нямецкамоўныя СМІ: “Свабодныя й празрыстыя выбары ў Беларусі?”


Ул. інф. У Беларусі, якую аглядальнікі нямецкамоўных СМІ называюць “апошняй дыктатурай Эўропы” альбо “Савецкім Саюзам у мініятуры”, аб’яўлена выбарчая кампанія. “Ці будуць парлямэнцкія выбары 17 кастрычніка свабоднымі й празрыстымі?” – задаюць пытаньне аўтары шэрагу артыкулаў у нямецкай прэсе.

Паводле швэйцарскай "Basler Zeitung", Лукашэнка як кіраваў, так і працягвае кіраваць былой савецкай рэспублікай у стылі старога СССР. Крытыкі рэжыму з пэўным скепсісам ставяцца да таго, што выбарчая кампанія ў Беларусі будзе праходзіць сумленна.

Як падкрэсьліваюць аглядальнікі, відавочна, што апошнім часам ціск на апанэнтаў Лукашэнкі ні на колькі ня зьменшыўся. Вядучыя апазыцыйныя палітыкі па-ранейшаму перасьледуюцца: іх зьбіваюць невядомыя асобы альбо проста кідаюць у турмы.

Тым часам кіраўнічка рабочай групы ПА АБСЭ Ута Цапф, якая ў Эдынбургу падпісала сумесныя пагадненьні зь беларускім бокам і чые словы цытуюць шэраг нямецкамоўных выданьняў і інтэрнэт-сайтаў, называе відочнай зацікаўленасьць многіх беларусаў у маючых адбыцца выбарах, у тым, каб гэтыя выбары прайшлі зусім інакш, чым ў 2000 годзе.

“Я лічу”, сьцьвярджае Ута Цапф, “што ў гэтым накірунку адбываецца пэўны прагрэс. Нашая задача – вельмі ўважліва назіраць за ўсім. Я бачу таксама пэўны прагрэс у тым, што такі чалавек, як кіраўнік беларускай дэлегацыі Міхаіл Арда паставіў свой асабісты подпіс пад дакумэнтам”.

Аглядальнік нямецкай службы “Deutsche Welle” камэнтуе словы дэпутаткі Бундэстагу наступным чынам:

“Відавочна, што ПА АБСЭ робіць стаўку на дыялёг з адказнымі асобамі ў Менску й такім чынам зьбіраецца ўплываць на разьвіцьцё падзеяў у краіне. За 10 апошніх год краіна на чале з Лукашэнкам апынулася ў самаізаляцыі. Эўразьвяз практычна ня мае зь ёй ніякіх палітычных дачыненьняў”.

Тым ня менш, спасылаючыся на словы прадстаўнікоў беларускай апазыцыі Міколы Статкевіча й Анатоля Лябедзькі, аглядальнік “Deutsche Welle” зазначае, што беларускія прадстаўнікі, якія падпісалі эдынбурскую дэклярацыю, ня маюць паўнамоцтваў і не нясуць ніякай адказнасьці. Больш за тое, вядомы прэцэдэнт, калі свой подпіс пад стамбульскімі пагадненьнямі паставіў сам Лукашэнка, што не перашкодзіла яму забыцца пра гэта на наступны дзень. У тым, што беларуская апазыцыя сумняваецца ў раптоўнай зьмене лукашэнкавага курсу і ў адпаведнай празрыстасьці выбарчай кампаніі, няма аніякага цуду – рэзюмуе “Deutsche Welle”.

Тым часам некаторыя нямецкамоўныя выданьні паведамляюць пра намер вядучых беларускіх апазыцыйных партыяў узяць удзел у кастрычніцкіх выбарах. “Rheinischer Merkur” піша пра імкненьні сацыял-дэмакратаў зарэгістраваць як мага болей філіяў сваёй партыі ў беларускай правінцыі. Як вядома, балятавацца ад партыяў па выбарчых акругах могуць толькі прадстаўнікі зарэгістраваных аб’яднаньняў. “На вялікай мапе Беларусі, што вісіць у штаб-кватэры “Народнай грамады”, у выглядзе чатырох- і трохкутнікаў задакумэнтаваныя ўсе мясцовыя аддзелы партыі. Чатырохкутнікі – гэта тыя філіі, што маюць дзяржаўную ліцэнзію, чырвоныя трохкутнікі – філіі, што былі за апошні час гэтае ліцэнзіі пазбаўленыя. Колькасьць трохкутнікаў куды большая”, піша “Rheinischer Merkur" – і падае словы Міколы Статкевіча: “Той, хто актыўна працуе на партыю, нярэдка губляе працу”.
XS
SM
MD
LG