Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцэрт Кіркорава на фэстывалі “Славянскі базар у Віцебску” прайшоў без эксцэсаў


Браніслава Станкевіч, Віцебск Нягледзячы на ўсе пагрозы, “кароль рымэйкаў” Філіп Кіркораў ня быў закіданы яйкамі ды памідорамі, а Аляксандар Лукашэнка нават паабяцаў паляпшэньне надвор’я.

Выступ расейскай эстраднай зоркі Філіпа Кіркорава быў першым пасьля вядомага скандалу ў часе прэсавай канфэрэнцыі, дзе ў адказ на пытаньне пра колькасьць рымэйкаў у ягоным рэпэртуары сьпявак публічна абразіў журналістку Ірыну Араян. Таму ў Віцебску таксама хадзілі чуткі пра магчымасьць нейкіх эксцэсаў. І віцебскія міліцыянты асабліва пільна сачылі за тым, каб ніхто з гледачоў не пранёс у летні амфітэатар яйкі або памідоры, якімі заклікалі “закідаць” Кіркорава наведнікі некаторых беларускіх інтэрнэтавых сайтаў.

Нічога падобнага не адбылося. Адзінае, што першы выхад Кіркорава на сцэну ў часе адкрыцьця фэстывалю гледачы сустрэлі крыху насьцярожана. Ён выйшаў на сцэну ў саколцы з надпісамі “Кароль рымэйкаў” ды “Я люблю рымэйк”, але так імпэтна выканаў уласны варыянт песьні Аллы Пугачовай “Бей сваіх, каб чужыя баяліся”, што пэўная няёмкасьць хутка зьнікла.

І ў часе начнога сольнага канцэрту Кіркораў пачуваў сябе на сцэне куды больш упэўнена, зьявіўшыся на сцэне ў атачэньні дзяўчат у ружовыя кашулях, якія таньчылі вакол яго з газэтамі ў рукох – увасабляючы, мабыць, тую самую журналістку Ірыну Араян з “Газэты Дону”. І хаця ў розных кутках залі гледачы зрэдзьчасу скандавалі тое самае слова “рымэйк”, якое было так абразіла сьпевака, Кіркораў на гэткія правакацыі не паддаваўся. І пэўнае прадчуваньне скандалу, якое нібыта лунала над фэстывальнай сцэнай, так ні ў што канкрэтнае і не ўвасобілася.

Дарэчы, прысутныя на канцэрце журналісты заўважылі, што выступ Філіпа Кіркорава вельмі спадабаўся Аляксандру Лукашэнку. А той, у сваю чаргу, падзякаваў беларусам за гасьціннасьць ды нечаканую падтрымку.

У часе адкрыцьця “Славянскага базару” Аляксандар Лукашэнка ўручыў прэміі саюзнае дзяржавы кампазытарцы Аляксандры Пахмутавай ды мастаку Валянціну Сідараву. А таксама, нібыта між іншым, зазначыў, што ўсе 10 год свайго кіраваньня нястомна апякуецца віцебскім фэстывалем.

Прэзыдэнты Расеі ды Ўкраіны гэтым разам у Віцебск не прыехалі, але даслалі свае віншаваньні ды пажаданьні. Дарэчы, вітаньне ад Леаніда Кучмы было па-ўкраінску, тым часам як Аляксандар Лукашэнка традыцыйна выступаў па-расейску.

Напрыканцы свайго выступу ён прадказаў, што ўжо сёньня ў Віцебску спыніцца дождж ды выблісьне сонца. І гэта было б няблага, бо ўчора з прычыны дрэннага надвор’я мусілі адмяніць марш-парад духавых аркестраў – відовішча, якое мела адбыцца ў межах фэстывалю ўпершыню. Што да іншых фэстывальных падзеяў першых сутак, то ўжо прайшла жараб’ёўка спаміж маладых выканаўцаў, прычым прадстаўніцы Беларусі Ганьне Мушак, напэўна, ня дужа пашанцавала: у паўфінале яна будзе выступаць пад першым нумарам.

Учора таксама адчыніўся міжнародны прэсавы цэнтар, дзе кіраўнік Міжнароднай фэдэрацыі фэстывальных арганізацыяў Марыё Марэна, які сёлета ачольвае журы “Славянскага базару”, уручыў дырэкцыі фэстывалю адмысловы ганаровы дыплём. Прайшлі і першыя сустрэчы журналістаў зь вядомымі артыстамі ў межах праекту “Зорная гадзіна”. Дарэчы, сёлета фэстывальныя падзеі асьвятляюць больш як 300 прадстаўнікоў СМІ з розных краінаў сьвету

Сёньня, 16-га ліпеня, на “Славянскім базары ў Віцебску” пройдзе “Дзень культуры Ўкраіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG