Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар ЗША Джорж Крол выдаткоўвае грошы на рэканструкцыю шпіталю хуткай мэдычнай дапамогі ў Гомелі


Казімер Яноўскі, Гомель Сёньня ў Гомелі амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Джорж Крол падпісаў кантракт на выдаткаваньне 200 тысяч даляраў на працяг рэканструкцыі гарадзкога шпіталю хуткай мэдычнай дапамогі. Фінансуе гэты праект камандаваньне ўзброеных сілаў ЗША ў Эўропе праз сваю праграму гуманітарнай дапамогі.

Да рэканструкцыі Гомельскага гарадзкога шпіталю хуткай мэдычнай дапамогі спрычыніліся ўсё тры амэрыканскія амбасадары, якія апошнім часам працавалі ў Беларусі: Дэніэл Спэкгард, Майкл Козак і вось цяпер Джорж Крол.

У выніку для жыхароў Гомелю створаны сучасны цэнтар пераліваньня крыві. З завяршэньнем трэцяга этапу рэканструкцыі будзе поўнасьцю адноўлены вялікі корпус, збудаваны яшчэ сто гадоў таму княгіняй Ірынай Паскевіч. Шпіталь разьмесьціць тут новыя палаты. Гэта значна палегчыць сытуацыю з недахопам месцаў.

Паводле Джоржа Крола, амэрыканцы памятаюць пра цяжкія наступствы Чарнобыльскай катастрофы й патрэбу штодзённай хуткай мэдычнай дапамогі гомельскім жыхаром. І рэканструкцыя шпіталю – гэта малая доля дапамогі, якую урад ЗША аказаў Беларусі.

(Крол: ) “З 1992 году наш урад перадаў Беларусі дапамогу на суму звыш 597 мільёнаў даляраў, улучаючы гуманітарныя грузы, дастаўленыя дэпартамэнтам абароны й прыватнымі асобамі”.

У зьвязку з блізкімі парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі я пацікавіўся ў спадара Крола, у якой ступені ўзгоднена з амэрыканскім бокам падпісаньне ў Вялікай Брытаніі, у Эдынбургу, прадстаўніком АБСЭ Утай Цапф і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Міхаілам Ардою сумеснай дэклярацыі?

(Крол: ) “Канечне, мы хочам, каб парлямэнцкія выбары, якія адбудуцца ўвосень у Беларусі, былі свабоднымі й дэмакратычнымі. Спадзеў на гэта маюць і амэрыканцы, і, я думаю, і беларусы. Будучыня Беларусі залежыць ад дэмакратызацыі, ад пасьпяховых і дэмакратычных выбараў. Наколькі я ведаю, пазыцыя АБСЭ ў Эдынбургу – гэта жаданьне, каб на выбарах у Беларусі захоўваліся дэмакратычныя нормы, якіх трымаюцца ўсе заходнія краіны. Мы падтрымліваем усё, што робіцца, каб выбары ў Беларусі былі праведзены дэмакратычным шляхам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG