Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійскі калейдаскоп: колькі мэдалёў заваюе беларуская дружына?


Міхал Стэльмак, Менск У сёньняшнім калейдаскопе: конны спорт і цяжкая атлетыка.

Беларусь у спаборніцтве па конным спорце на Алімпійскіх гульнях у Грэцыі будзе прадстаўляць Ірына Ліс. Гэтая спартоўка, як паведаміла 15 ліпеня нашаму Радыё дзяржаўны трэнэр Натальля Юранава, зараз праходзіць перадалімпійскую падрыхтоўку ў Аўстрыі. 5 жніўня Ірына Ліс накіруецца ў Грэцыю, дзе 20 жніўня пачнецца барацьба за мэдалі Алімпіяды. Выступаць яна будзе на кані па клічцы “Проблеск”. Дарэчы, Беларусь у гэтым відзе не плянуе ўзнагародаў. “Калі мы зоймем 20-е месца, гэта будзе вялікім посьпехам”,– зазначыла спадарыня Юранава. Разам з тым, месца ніжэй 25-га будзе разглядацца як няўдача. Галоўнымі прэтэндэнтамі на алімпійскае “золата”, як прадказваюць спэцыялісты, будуць спартоўцы Нямеччыны і Галяндыі.

***

“На мэдалі разьлічваем, але ўсякае можа быць”, – заявіў у чацьвер карэспандэнту Радыё Свабода галоўны трэнэр зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы Аляксандр Ганчароў. Паводле ягоных словаў, нацыянальнай камандзе ў гэтым відзе спорту вызначаны плян атрыманьня двух узнагародаў. Пры гэтым, абавязацельства па “пробе” мэдалёў, якія мусяць быць заваяванымі ў Афінах, кіраўніцтва цяжкаатлетаў ня брала. Змаганьне за іх сярод мужчынаў будуць весьці пяць спартоўцаў. 15 ліпеня афіцыйна абвешчаны і іх пэрсанальны склад: Аляксандпр Анішчанка, Віталь Дзербянёў, Сяргей Лаўрэнаў, Андрэй Рыбакоў і Міхаіл Аўдзееў. Каму зь іх належыць заваяваць два плянавыя мэдалі – трэнэры не вызначалі.

***

Бульба і сала ўваходзяць у рацыён лепшай беларускай спартоўкі па цяжкай атлетыцы Ганны Бацюшка. Пра гэта 15 ліпеня карэспандэнту Радыё Свабода паведаміла сама 22-гадовая цяжкаатлетка, якая будзе выступаць у складзе жаночай каманды Беларусі на спаборніцтвах у Грэцыі. У вазе да 63 кіляграмаў Ганна на сёньняшні дзень ёсьць рэкардсмэнкай сьвету ў рыўку –113,5 кіляграмаў. Летась яна стала “бронзавым” прызёрам чэмпіянату сьвету. Аднак да сваіх магчымасьцяў атрыманьня ўзнагароды на цяперашняй Алімпіядзе Ганна ставіцца асьцярожна. Паводле ейных словаў, на сёньняшні дзень яна яшчэ не дасягнула “піку” формы. Аднак спадзяецца, што да пачатку спаборніцтваў яе спартовы стан палепшыцца і яна выступіць лепш, чымсьці на мінулай Алімпіядзе ў Сыднэі, дзе беларуская дзяўчына заняла 8-е месца. Усяго ў складзе нацыянальнай жаночай каманды па цяжкай атлетыцы ў Афінах выступяць тры атлеткі. Апроч Ганны Бацюшка, гэта Тацяна Стукалава і Анастасія Новікава.
XS
SM
MD
LG