Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: аўтар “антыпрэзыдэнцкага” верша ня знойдзены


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Горадні далі прэсавую канфэрэнцыю адвакат Валер’я Леванеўскага Аляксандар Бірылаў і Аляксандар Васільеў – другі, пасьля Леванеўскага, зьвінавачаны па крымінальнай справе аб публічнай абразе прэзыдэнта Беларусі. Сам сп. Леванеўскі 2,5 месяцы сядзіць за кратамі. Сьледзтва па гэтай справе днямі было падоўжана яшчэ на месяц і да 15 жніўня падоўжаны таксама тэрмін знаходжаньня зьвінавачанага ў сьледчым ізалятары.

Адвакат Аляксандар Бірылаў паведаміў, што Валер Леванеўскі кожны дзень піша па некалькі скаргаў і заяваў, але іх перасталі рэгістраваць. А гэта, паводле адваката, уціскае ягоныя правы. Няма, напрыклад, пацьверджаньня, што заявы зьвінавачанага трапілі ў Нацыянальны сход.

(Бірылаў: ) “Зьвінавачаньне, выстаўленае да Леванеўскага, датычнае асобы прэзыдэнта – за зьдзяйсьненьне супраць яго цяжкага злачынства. Паводле ўсёй працэдуры, у нас праверка ўсіх крымінальных справаў, фактаў у паведамленьнях аб злачынствах адносна прэзыдэнта ідзе толькі праз Нацыянальны сход”.

Паводле адваката, сп. Леванеўскі напісаў больш скаргаў і заяў, чымсьці ўсе вязьні турмы. Зьвінавачаны лічыць пэўныя абмежаваньні адносна сябе перасьледам за крытыку турэмных парадкаў. Яму, напрыклад, не даюць спаць удзень, не дазволілі абвянчацца з жонкай паводле царкоўнага абраду. Цягам цэлага месяца Валер’я Леванеўскага адмаўляюцца стрыгчы нават за грошы. Яшчэ адна скарга: дворыкі для прагулак ня маюць лавачак і падстрэшкаў, таму ў дождж шпацыраваць немагчыма.

Аляксандар Бірылаў выказаў меркаваньне, што суд над Леванеўскім можа адбыцца увосень. Другім зьвінавачаным па гэтай справе ёсьць Аляксандар Васільеў. Іх зь Леванеўскім сьледзтва зьвінавачвае за распаўсюд ўлётак зь вершам, у якім нібыта маецца публічная абраза прэзыдэнта Лукашэнкі. У пракуратуры сп. Васільева азнаёмілі з дзьвюма экспэртызамі верша, надрукаванага ва ўлётцы. Экспэртызу праводзілі выкладчыкі Гарадзенскага ўнівэрсытэту.

(Васільеў: ) “Адзін зь іх напісаў, што там няма абразы, а другі – што можа быць ускосная абраза”.

Пракуратура таксама дасылала ў Менск вершы самога сп. Васільева й бюлетэні, якія ён выпускаў. Сталічная экспэртыза ня здолела давесьці, што ён мог бы быць аўтарам таго верша, з-за якога распачата крымінальная справа супраць яго й Леванеўскага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG