Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС запэўнівае, што зь міжнароднымі назіральнікамі праблемаў ня будзе


Любоў Лунёва, Менск Намесьнік кіраўніка ўпраўленьня інфармацыі МЗС Беларусі Руслан Есін запэўніў журналістаў, што зьнешнепалітычнае ведамства краіны гатова разгледзець прапановы ад групы назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ наконт іхнага знаходжаньня ў Беларусі ў часе выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

У часе брыфінгу ў МЗС спадар Есін спаслаўся на Выбарчы кодэкс, згодна зь якім падчас выбараў прадугледжана знаходжаньне міжнародных назіральнікаў.

(Есін: ) "Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь прадугледжана запрашэньне іншаземных і міжнародных назіральнікаў з замежных краін і міжнародных арганізацый. На ўсіх выбарах, якія праходзілі ў нашай краіне, прысутнічалі назіральнікі. Гэтыя выбары ня стануць выключэньнем".

Радыё Свабода Руслан Есін паведаміў: квоты на колькасьць назіральнікаў МЗС вызначаць ня будуць. Што ж тычыцца прадстаўнікоў БДІПЧ АБСЭ, спадар Есін патлумачыў:

(Есін: ) "БДІПЧ дае прапановы па накіраваньні назіральніка – як доўгатэрміновых, так і кароткатэрміновых. Таму прапановы, якія зьявяцца, мы ўлічым".

Прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацый – "Human Rights Watch","Amnesty International" і "Article 19"зь Вялікай Брытаніі – мелі праблемы зь візамі ў часе прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Некаторым зь іх беларуская амбасада адмовілася даць дазвол наведаць краіну.

Дырэктар Маскоўскага прадстаўніцтва "Human Rights Watch" Ганна Нэйстат паведаміла Радыё Свабода, што сёлета іхныя прадстаўнікі будуць сачыць за хадою выбарчай кампаніі.

(Нэйстат: ) "Папярэдні досьвед сьведчыць пра тое, што ў часе практычна ўсіх выбарчых кампаніяў – ці то прэзыдэнцкіх, ці то парлямэнцкіх выбараў былі зафіксаваныя шматлікія парушэньні правоў чалавека. Часам і такія, якія пазбаўлялі таго ці іншага кандыдата магчымасьці ўдзельнічаць у выбарах. Мы, безумоўна, будзем сачыць за сытуацыяй, і ня толькі за самім працэсам выбараў, але й да таго, як яны пачнуцца. Бо менавіта ў гэты пэрыяд і адбываюцца асноўныя парушэньні. Рашэньне пра тое, як мы будзем назіраць за выбарамі ў Беларусі, яшчэ не прынята, але так ці інакш мы за сытуацыяй будзем сачыць і на яе рэагаваць".

Прадстаўнікі ўплывовых міжнародных праваабарончых арганізацый "Артыкул 19" і "Міжнародная амністыя" паведамілі Радыё Свабода, што таксама будуць сачыць за хадой выбарчай кампаніі й бліжэйшым часам вырашаць пытаньне аб накіраваньні ў Беларусь сваіх прадстаўнікоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG