Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 ліпеня завершыліся найбуйнейшыя за апошнія часы камандна-штабныя манэўры “Саюзная бясьпека-2004”


Алег Грузьдзіловіч, Менск У манэўрах былі задзейнічаны расейскія й беларускія вайскоўцы. Сцэнар прадугледжваў акупацыю Беларусі войскамі НАТО й прэвэнтыўны ядравы ўдар з боку Расеі. Аглядальнікі не выключаюць, што ў плянах гэты ядравы ўдар мяркуецца скіраваць на тэрыторыю Беларусі.

Камандна-штабныя манэўры “Саюзная бясьпека-2004” зусім не афішаваліся крыніцамі зь беларускага вайсковага ведамства, хаця, зыходна з умоўнага памеру, гэта найвялікшая вайсковая гульня за ўсю постсавецкую гісторыю. У манэўрах задзейнічаны войскі Маскоўскай і Прыволска-Уральскай акругаў Расеі, а таксама штабы некаторых вайсковых частак Беларусі. Якіх – высьветліць ў Міністэрстве абароны Беларусі гэтак і не ўдалося. Чым тлумачыцца такая сакрэтнасьць?

Незалежныя назіральнікі ў Беларусі й Расеі зьвяртаюць увагу на асаблівасьці сцэнару чарговых сумесных манэўраў. Паводле зьвестак, якія патрапілі ў расейскія незалежныя мэдыі зь Міністэрства абароны Расеі, сцэнар вайсковай гульні “Саюзная бясьпека-2004” прадугледжваў акупацыю Беларусі й захаду Расеі войскамі НАТО й сумесныя расейска-беларускія дзеяньні па вызваленьні акупаваных тэрыторыяў. У тым ліку з дапамогай прэвэнтыўнага ядравага ўдару. Ці сапраўды расейскае й беларускае войскі такія слабыя, што ў выпадку вайны могуць адкаціцца да Ўралу?

Незалежны вайсковы аглядальнік з Масквы Павал Фэльгенгаўэр цалкам згодзен з такой ацэнкай баяздольнасьці – у паасобку, расейскага войска. Аглядальнік спасылаецца на падзеі ў Чачні.

(Фэльгенгаўэр: ) “Уся Чачэнія 80 кілямэтраў на 60. Прычым, трэйцяя частка да ракі Церак – гэта голы стэп, які прайшлі за 2 дні. Дык астатняе захоплівалі 6 месяцаў, да Грознага набліжаліся з двух бакоў 2 месяцы. Адмыслоўцы сыходзяцца ў меркаваньні, што толькі нейкія абарончыя дзеяньні могуць весьці, і тое не эфэктыўна. Такім чынам, фактычна войска небаяздольнае”.

Меркаваньне Паўла Фэльгенгаўэра падзяляе вайсковы аглядальнік газэты “Беларускі рынак” Аляксандар Алесін. Паводле ягоных разьлікаў, моц блёку НАТО ў 10 разоў перавышае па агульных узбраеньнях моц Расеі, і ў выпадку канфлікту з Захадам Расея разьлічвае зусім не на беларускае войска, а на свае ядравыя ракеты. “Вайсковая дактрына сучаснай Расеі дазваляе першы ядравы ўдар, чаго не было ў дактрыне Савецкага Саюзу, – “нагадвае аналітык. Аляксандар Алесін не выключае, што ў пэўных умовах гэты ўдар можа прыйсьціся й па Беларусі.

(Алесін: ) “Яны разьлічваюць у сваіх плянах, што гэтая зброя будзе выкарыстана супраць краін-суседзяў, але раз сцэнар прадугледжвае вайну з пакіданьнем тэрыторыі Беларусі, тады ня выключана, што расейскі бок можа ўжыць тактычную ядравую зброю якраз па той пакінутай тэрыторыі. Калі на ёй будуць вартыя ўвагі аб’екты. А што? Вайскоўцы выкарыстоўваюць усе сродкі, якія ў іх ёсьць. І я ня бачу прычын, паводле якіх яны гэтага не зрабілі б”.

Ці вераць тыя, хто плянуе вайсковыя гульні з атамнымі бомбамі, у рэальнасьць пагрозы Беларусі й Расеі з захаду? Расейскі аглядальнік Павал Фэльгенгаўэр лічыць, што небясьпека такой пагрозы ў Расеі разьдзімаецца штучна, каб забясьпечыць дадатковае фінансаваньне войска.

(Фэльгенгаўэр: ) “Усе разумеюць, што ніякай пагрозы няма. Папросту НАТО – вельмі прыдатны супраціўнік, які ніколі не нападзе, а грошы пад гэтую пагрозу выбіваць магчыма”.

Павал Фэльгенгаўэр лічыць, што рэвізія рэальных пагроз Расеі запатрабуе перагляду вайсковай дактрыны, а зь ёй – і скарачэньня войска ды яго рэфармаваньня, што разыходзіцца з інтарэсамі расейскіх генэралаў.

Гэткую ж залежнасьць прасочвае й вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін зь “Беларускага рынку”. Ён дадае , што пошукі ворагаў на захадзе ў Беларусі таксама абумоўлены інтарэсамі кіроўных палітычных колаў.
XS
SM
MD
LG