Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка падпісаў Указ “Аб развіцці гістарычнага цэнтру Менску”


Ігар Карней, Менск Паводле новага дакумэнту, да 2010 году мусяць быць рэстаўраваны й адноўлены асобныя раёны беларускай сталіцы ў межах гістарычнага цэнтру: Верхні Горад, Траецкае й Ракаўскае прадмесьці, археалягічны запаведнік “Менскае замчышча”. Навукоўцы ўхваляюць сам факт клопату дзяржавы пра будаўнічаю рэабілітацыю старога гораду. Але й выказваюць засьцярогу, што могуць паўтарыцца папярэднія спробы рэканструкцыі, якія завяршаліся зьнішчэньнем архітэктурнай спадчыны.

Яшчэ ў сярэдзіне 1980-х гадоў, паводле “Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”, у цэнтральнай частцы Менску заставалася болей за 200 помнікаў архітэктуры. Сёньня ж навукоўцы налічваюць іх каля дзясятка. Такі вынік папярэдніх рэканструкцый гораду. І, у прынцыповым пляне, з погляду мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага, Указ Лукашэнкі варта вітаць.

(Харэўскі: ) “У савецкія часы ніхто не цікавіўся гэтым Верхнім горадам, у прынцыпе. Былі пляны зьнішчэньня й стварэньня на ягоным месцы каскаду фантанаў. Тое, што кіраўнік дзяржавы зацікавіўся гэтым аб’ектам, – ужо добра. Таму што разам зь ім зацікавяцца й іншыя людзі”.

Сёньня інфармацыйныя агенцыі перадаюць толькі галоўныя палажэньні Ўказу: унікальную спадчыну трэба захаваць; яна павінна служыць патрыятычнаму выхаваньню. Гэта сутнасна не выклікае пярэчаньняў. Аднак у людзей, не абыякавых да лёсу нацыянальнай спадчыны, дакумэнт выклікаў разам з радасьцю й трывогу. Бо нярэдка высокія чыноўнікі адной рукой падпісваюць указы аб захаваньні й аднаўленьні культурнай спадчыны, а другой – яе разбураюць.

Некалькі месяцаў таму Аляксандар Лукашэнка загадаў аднавіць у цэнтры Менску гатэль “Эўропа” на падмурку разбуранага гарадзкога тэатру, тым самым пазбавіўшы надзеі на пэрспэктывы аднаўленьня выдатнага помніка культуры. Цяперашні ягоны Ўказ зьяўляецца ў той час, калі будаўніцтвам сяміпавярховага паркінгу завяршаецца зьнішчэньне Нямігі. Вось і паўстае ў навукоўцаў зусім натуральнае пытаньне: наколькі гэтым разам ашчадна паставяцца тыя, хто будзе “аднаўляць, рэканструяваць і добраўпарадкаваць”, да таго нешматлікага, што яшчэ засталося зь мінуўшчыны?

Ці гарантуецца гэта новым дакумэнтам? – пацікавіўся я ў намесьніка кіраўніка ўпраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігара Чарняўскага. Аднак і ён на гэтае пытаньне ня мае пэўнага адказу.

(Чарняўскі: ) “Я хацеў бы пабачыць тэкст цалкам. Бо ведаю, што ў тым варыянце, які мы ўзгаднялі, нейкія літары й коскі былі папраўлены. Таму, ня бачыўшы самога тэксту, гаварыць што-небудзь не выпадае”.

(Карэспандэнт: ) “А ці не занадта позна ўзяліся на дзяржаўным узроўні вырашаць праблемы Верхняга гораду?”

(Чарняўскі: ) “Чаму занадта позна? Гэта даўно вырашаецца. Гэта адзін з чарговых этапаў. Яно ня позна й ня рана. Быў пэрыяд, калі працавала акцыянэрнае таварыства “Стары Менск”. Цяпер выйшлі на новы этап – і зьявіўся новы дакумэнт. Зрэшты, ён ня столькі новы, колькі ўдакладняе сытуацыю”.

Менавіта на былым досьведзе аднаўленьня Верхняга гораду й Траецкага прадмесьця базуецца скэптыцызам мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага:

(Харэўскі: ) “Нельга лічыць муляжы, зробленыя ў Верхнім горадзе, помнікамі. Але тыя, хто зьбіраецца ахоўваць гэтыя помнікі, не ўсьведамляюць сабе вартасьці любога каменя, што там знаходзіцца. Яны ня могуць усьведаміць сабе помнік як помнік – не для рэстарацыі, не для паркінгу, увогуле ня дзеля прагматычнага выкарыстаньня – а помніка як каштоўнасьці памяці. Тыя людзі, хто сёньня заняўся Нямігай, празь дзень зоймуцца Верхнім горадам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG