Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацалунак у культурнай традыцыі беларусаў


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае этнакультуроляг Тацяна Валодзіна.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) У жыцьці кожнага з нас надараецца бясконцы шэраг рэчаў і сытуацый, да таго звыклых і будзённых, што пра значэньне, і тым больш паходжаньне, іх мы ніколі не задумваемся. Штодня ходзім на працу, адпачываем, сьпім, ямо, гуляем, цалуемся. Цалуем каханага чалавека, дзяцей, бацькоў, цалуем руку сьвятара, з пацалункамі сустракаем і праводзім гасьцей. У той жа час ёсьць народы, якім пацалункі здаюцца чымсьці брыдкім і незразумелым. Прыкладам, японцы альбо кітайцы. А вядома й звычка "цалавацца" насамі – гэтак робяць на поўначы. Вось і паўстае пытаньне: а як і ў якіх абставінах прынята цалавацца ў нас, у беларусаў? І які сэнс у гэта ўкладаецца?

(Тацяна Валодзіна: ) Пацалунак адносіцца да шэрагу актаў гэтак званай невэрбальнай камунікацыі. Наагул вылучаюць тры віды пацалункаў: пацалунак каханьня, палюбоўны; рытуальны й этыкетны. Усе яны ў пэўным сэнсе судачыняюцца, але маюць і шэраг адрозьненьняў. У мітапаэтычных адносінах пацалунак сымбалізуе зьліцьцё чалавечых душ, замацаваньне роднасных стасункаў, выражэньне шэрагу ідэй сацыяльнай іерархіі.

(Ракіцкі: ) Найперш усё ж цікава, як наагул чалавек навучыўся цалавацца? Дзе вытокі гэтага звычаю?

(Валодзіна: ) Адказаць на гэтае пытаньне цяжка, і наўрад ці магчымы адназначны адказ. Аднак адмыслоўцы выказваюць меркаваньні, што асноваю для разьвіцьця такой зьявы як пацалунак стала смактаньне ў дзяцінстве матчыных грудзей. Хутчэй за ўсё, якраз прыроджаны смактальны рэфлекс спарадзіў гэты сродак пачуцьцёвых дачыненьняў. На першым годзе жыцьця менавіта рот – галоўная крыніца задаваленьняў кожнага з нас. Таму шляхам працяглых пераўтварэньняў кармленьня дзіцяці – ад смактаньня грудзей да нажыўленьня з роту ў рот – і ўзьнікла гэтая, так бы мовіць, дзея.

(Ракіцкі: ) … якая атрымала назву – пацалунак. А чаму менавіта такую назву?

(Валодзіна: ) Прыгледзімся да самога слова ПАЦАЛУНАК. У ім вылучаецца корань цал-, які выяўляе выразную сувязь са словам цэлы. Прыметнік цэлы мае два асноўныя значэньні: увесь, у поўным аб''ёме: прыкладам, "зьеў цэлы кусок", і непашкоджаны, без заган: цэлая кашуля, не парваная. Таму сам корань цэл– нясе значэньне жаданьня быць цэлым, цэльным, здаровым. Пацалунак у традыцыйным этыкеце й суправаджаецца зычаньнем здароўя. Прыкладам, беларускія жанчыны пры сустрэчы, нахіліўшы галаву й сказаўшы «здаровінька!», цалаваліся міжсобку ў вусны. І мы сёньня надта не задумляемся, калі па старым звычаі цалуем дзіця, супакойваючы яго, цалуем пабітае месца – і верым, што так хутчэй загоіцца.

(Ракіцкі: ) Гэтак чыніцца ў паўсядзённым жыцьці. А што памятае й перадае праз пакаленьні фальклёр, народная культура – якую знакавую сэмантыку пацалункаў?

(Валодзіна: ) Там пацалунак наўпрост разумеецца як сродак разбурэньня злых чараў. Ува ўсясьветным фальклёры шырока вядомы сюжэт пра зачараваную прынцэсу, якую царэвіч абуджае да жыцьця якраз пацалункам. У беларускіх жа казках вядомы сюжэт пра зачараванага ведзьмаю каралевіча, якога ратуе простая дзяўчына:

І пачаў пачвара з сьвіным лычом пець песні, пачаў пець так гожэ, што аж голас лезе аж у самую душу й разам хочэцца плакаць і сьмяяцца. Пяе ён з такімі любошчамі, што затапіў у дзеўчыны і голаў, і сэрцэ. Сама не ведамо зачым, схапіла яна страшэннаго чалавека за голаў да й пацалавала. У той момант абернуўся ён у гожаго каралевіча, схапіў яе на берэме да й панёс да гасподы. І сталі яны жыць да пажываць да бедных людзей не забываць.

(Ракіцкі: ) Беларускія легенды актуалізуюць і яшчэ адзін, вельмі важны аспэкт – нежаданы пацалунак, пацалунак нялюбага чалавека…

(Валодзіна: ) Так, захавалася легенда пра царыцу Кацярыну, вельмі ахвочую да прыгожых хлопцаў. Але беларус-прыгажун абірае лепей страшэнную будучынь, чым пацалунак нялюбай жанчыны.

А царыца ні чого не ўважае, абы толькі ёй абняць таго гожаго хлопца. От велела яна, й прывелі яго к ёй. Толькі яна хацела яго абняць да пацалаваць, аж зірне – яго твар абернуўса ў свіное рыло. Крыкнула тут царыца, а з яе й дух вон выперло.

(Ракіцкі: ) Эстэтыка казкі, легенды сьцьвярджае сьвет ідэальны, мрою. Але жыцьцё – рэч даволі супярэчная, і сытуацыі складаюцца самыя розныя. Як наагул ставіліся нашыя продкі да пацалункаў – у аднастайныя будні альбо, наадварот, у сьвяты?

(Валодзіна: ) Трэба нават заўважыць, што ў вясковай традыцыі пацалунак разумеўся нечым кшталту прывітаньня, доказу прыязнасьці, сардэчнага паклону. Пацалункамі суправаджаліся шматлікія зборышчы нежанатай моладзі, так званыя вячоркі. Пацалунак – складнік асобных моладзевых гульняў: выпадала, што ўсе ўдзельнікі карагоду неаднаразова перацалоўваліся адзін з адным. У час калядных ігрышчаў, як пісалі зьбіральнікі: "гульні заканчваюцца шумным гуляньнем, што даходзіць часам да празьмернасьці – абдымкам, пацалункам, жартам няма ліку. Асобныя вольнасьці дапушчаліся самім характарам гульні. У смаленскіх беларусаў у час гульні "Жаніцьба бахара" да кіраўніка-"бацькі" гульцы падводзілі хлопцаў і дзяўчат, а ён ім загадваў: "Цалуйцеся!" А дзяўчаты ў крык, ня хочуць цалавацца, а хлопцы – хоп! – і пазадзіраюць ім адзеньне. Тут яшчэ больш сьмеху. А іхныя віцебскія суседкі на Каляды "жанілі Цярэшку", прыпяваючы:

"Паіла коніка ў вядрэ, Відзіла я рыбку на дне. Смачная рыбка карась, Пацалуй, дзядулька, хоць раз. Смачная рыбка язёк, Цалуй і йшчэ разок".

(Ракіцкі: ) Ну, а моладзевыя гулянкі зазвычай заканчваюцца вясельлем. Сёньня вясельля й уявіць нельга без такога ўжо звыклага скандаваньня "Горка!", калі малады з маладою мусяць цалавацца. Што гэта за звычай, і ці заўсёды гучаў гэты вокліч на беларускіх вясельлях?

(Валодзіна: ) Калі перагартаць усе вядомыя запісы вясельля, дык, бадай, да сярэдзіны 20 стагодзьдзя такіх паказьнікаў няма. Праўда, апісвалася перадусім сялянскае вясельле. Магчыма ж, ведалі гэты звычай гараджане. Але міталягічныя падставы судачыненьня воклічу “Горка!” й пацалунку выразныя, і паралелі між інтымнымі пацалункамі й прыйманьнем ежы прасочваюцца вельмі пасьлядоўна. Бо гэтым словам зазвычай папярэднічае заўвага кагосьці з гасьцей, што страва салёная, нясмачная, горкая, і яе трэба абавязкова падсаладзіць. Мы ж почасту кажам: салодкі пацалунак, салодкія вусны, паглынаць адзін аднаго ў пацалунках. Цалаваліся, дарэчы, калі садзілі цыбулю, каб горкаю не была. Да ліку абавязковых страваў на вясельлі адносіўся мёд – згадаем тут і выраз "мядовы месяц". Таму сувязь смакавых пачуцьцяў і пацалунку цалкам заканамерная.

(Ракіцкі: )Атрымліваецца, на колішнім вясельлі маладыя й не цалаваліся?

(Валодзіна: ) Асабліва гэта не акцэнтавалася. У той жа час на вясельлі абавязковымі й рытуальна значнымі былі пацалункі іншага характару. Да прыкладу, маладая кланялася сьвякроўцы, цалавала ёй руку, твар, і з прапановы дружкі абедзьве яны пілі адна да адной па чарцы гарэлкі – каб замацаваць назаўсёды згоду:

Асабліва ўзрушвае час бацькоўскага благаславення. Бацька падыходзіў да стала і цалаваў праз стол дачку, кажучы пры гэтым: "Няхай Бог благаславіць!" Гэта таксама робіць і маці. Затым усе падыходзяць да нявесты і цалуюць яе, выказваючы пры гэтым свае добрыя пажаданні. Перад адпраўленнем маладога за нявестай сват частуе ўсіх гарэлкай, а бацька яго нясе на талерцы закуску. Пасля сват бярэ ў рукі каравай; убачыўшы гэта, малады падыходзіць да бацькоў, а потым па чарзе да ўсіх іншых, цалуючы ў рукі, – кожны ў адказ робіць над яго галавой знак крыжа.

(Ракіцкі: ) А што азначае "цалуе кожнага ў руку"?

(Валодзіна: ) Так. Пацалунак у вусны, шчокі выражае пачуцьцё прыязнасьці й сяброўскай еднасьці. Іншы характар – пашаны й павагі – мае пацалунак рукі альбо пляча, а то й ног: тады пацалунак дэманструе скрайнюю ступень залежнасьці й падпарадкаваньня. Калісьці пацалункі рук і ног у Эўропе былі звыклай зьявай, цяпер жа цалуюць руку толькі сьветару, ці зрэдзь часу асобныя мужчыны асобным жанчынам.

(Ракіцкі: ) Але ж цалуюць і нябожчыка на разьвітаньне – і таксама вельмі часта рукі, ці лоб. Прычым, на вёсках робяць гэта ня толькі сваякі.

(Валодзіна: )

У народнай традыцыі і сустрэчы і развітаньні не абыходзяцца без пацалункаў. Любое расстаньне, хай сабе часовае ці вечнае, на глыбінных роўнях прадугледжвае ўзаемнае дараваньне грахоў, а пацалунак і прызваны замацаваць гэтае дараваньне. Вядомы яшчэ звычай прасіць адзін у аднаго прабачэняня перад Вялікім постам. Пры гэтым таксама цалаваліся ўсе сямейнікі.

(Ракіцкі: ) А на Вялікдзень цалуюцца ня толькі сямейнікі, але й госьці, сустрэчныя. Мы цалуемся ў царкве з зусім не знаёмымі людзьмі.

(Валодзіна: ) Гэтае хрыстосваньне мела некалі нават міжсаслоўны характар і сьцьвярджала роўнасьць людзей перад агульначалавечай радасьцю – уваскрошаньнем Хрыста. У беларусаў, як і ў іншых народаў, шырока распаўсюджана таксама цалаваньне сакральных аб''ектаў: абразоў, крыжа, якое магло суправаджацца прамаўленьнем клятвы ці прысяганьня. Вядома ў нас і клятва зямлёю, пры якой зямлю елі альбо цалавалі. Дарэчы, есьці зямлю дазвалялася толькі мужчынам, жанчына мела права яе пацалаваць.

(Ракіцкі: ) Як вынікае з нашай гаворкі, пацалункі выдаюць перадусім станоўчыя эмоцыі, прыемныя адчуваньні. Ці заўсёды так? Ведае ж сьвет і пацалунак Юды…

(Валодзіна: ) Так. Гэта дзіўна, але панятак пацалунку, бывае, зьяўляецца нават у сварцы. На Палесьсі Чэслаў Пяткевіч запісваў:

«бывае такая сварлівая баба, што сустрэнецца з кім-небудзь, дык па добраму гаворыць, як толькі воласу перагарэць, а далей сварыцца, сварыцца. А калі ўжо вельмі надаесць, то задзярэ сарочку і андарак па самы пуп і крычыць: Пацалуй мяне сюды! – да завернецца задам: І туды!» А казаць «пацалуй мяне ў сраку» вялікі грэх, знявага крыжа, бо хрышчоны чалавек цалуе крыж.

(Ракіцкі: ) І ўсё ж палешукі такія пацалункі “ўчынялі” адно ў задзірлівых выразах, у жыцьці, аднак, насалодна практыкуючы, як мы гаварылі напачатку, пацалункі інтымныя й этыкетныя. Хай жа такія множацца й у нас…
XS
SM
MD
LG