Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Вячорка: “Рэзка ўзмацнілася рэпрэсіўная сытуацыя, створаная дзеля нагнятаньня страху”


Алесь Дашчынскі, Менск Лідэры пяці ўплывовых палітычных партый – АГП, партыі БНФ, БСДГ, ПКБ і Партыі працы – заявілі на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, што выканаўчая ўлада абрала самы жорсткі, антыдэмакратычны й непразрысты варыянт правядзеньня парлямэнцкіх выбараў. Ужо сёньня можна цьвердзіць, што апанэнты рэжыму ў часе кампаніі будуць весьці перадвыбарную барацьбу ў няроўных умовах, пад моцным адміністратыўным і маральным ціскам.

Выбарчая кампанія фактычна супала з кампаніяй ўзмацненьня ціску на палітычныя партыі з боку беларускіх уладаў. Міністар юстыцыі Віктар Галаванаў тэрмінова патрабуе зарэгістраваць народную кааліцыю ”5 плюс”. У адваротным выпадку, паводле Мінюсту, да партыяў будуць ужыты захады пакараньня як да парушальнікаў заканадаўства. Прычым, чыноўнікі спасылаюцца на нейкія публікацыі ў СМІ й у сеціве Інтэрнэт. Старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка падкрэсьліў:

(Вячорка: )”Менавіта рост папулярнасьці альтэрнатывы, якую мы прапаноўваем нашаму грамадзтву, і выклікаў цяперашнюю агрэсіўную рэакцыю з боку Міністэрства юстыцыі, і мы ня маем найменшай ілюзіі наконт таго, што за Міністэрствам юстыцыі стаяць Лукашэнка й ягоная адміністрацыя. Мінюст – толькі інструмэнт”.

Як юрыдычныя асобы партыі не прымалі рашэньняў пра ўтварэньне кааліцыяў. Тым больш, што слова “кааліцыя” наагул не прапісана ні ў водным з заканадаўчых актаў ці праўных дакумэнтаў, якія дзейнічаюць у краіне. Працягвае Вінцук Вячорка.

(Вячорка: )” Іншая справа, што сябры нашых партыяў падзяляюць палажэньні плятформы “Пяць крокаў да лепшага жыцьця”, падзяляюць супольныя каштоўнасьці, дэмакратыю, правы чалавека, насьпеласьць пераадоленьня ганебнай міжнароднай ізаляцыі нашай краіны. Менавіта за тое, што сябры нашых партыяў трымаюцца гэтых каштоўнасьцяў, аспрэчыць якіх ня можа й сам рэжым, нам рыхтуюць наступнае папярэджаньне й фактычна маюць намер зьліквідаваць нашыя палітычныя партыі”.

Прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы “5 плюс” ужо даслалі свае тлумачэньні Міністэрству юстыцыі й цягам двух месяцаў дамагаюцца сустрэчы зь міністрам Галаванавым, які “распачаў” стварэньне “кааліцыі “5 плюс”. Што да прапанаванай міністрам рэгістрацыі, то, як цьвердзіць старшыня ПКБ Сяргей Калякін…

(Калякін: ) ”Як можна зарэгістраваць ідэю – я не ўяўляю. Гэтага не ўяўляе й Міністэрства юстыцыі. Яшчэ раз паўтараю: няма чаго рэгістраваць. Гэта тое самае, што рэгістраваць нейкую ідэю, якая нараджаецца ў галовах людзей. Так мы дойдзем да абсурду”.

Паводле Калякіна, нельга зразумець, чаго дамагаюцца чыноўнікі Мінюсту: магчыма, яны заблыталіся… Бо ж адпачатку гаворка вялася пра плятформу “Пяць крокаў да лепшага жыцьця”.

(Калякін: ) ”Сэнс ад пачатку палягаў у пяці кроках: з гэтага складаецца “пяць” і ў гэтым палягае “плюс”.

Старшыня БСДГ Станіслаў Шушкевіч выступіў з парадай міністру Галаванаву:

(Шушкевіч: ) “Кааліцыі” не існуе ў беларускім заканадаўстве. Таму я думаю, што спадару Галаванаву трэба пачытаць беларускія законы”.

Што да пачатку выбарчай кампаніі, то ад імя кіраўнікоў пяці дэмакратычных партыяў старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка заявіў на прэс-канфэрэнцыі:

(Вячорка: )”Нашы партыі даўно рыхтуюцца да гэтых выбараў, працуючы над выбарчымі плятформамі й пасланьнем да беларускага народу, рыхтуючы сваіх кандыдатаў і разглядаючы гэтыя выбары як прапанаваньне беларускаму народу альтэрнатывы, каштоўнаснай, сыстэмнай і пэрсанальнай цяперашняму рэжыму й той лініі, якую ён цягам 10 гадоў праводзіць. Мы канстатуем, што выбары аб’яўлены ў сытуацыі, калі ніводная з чатырох вядомых умоваў АБСЭ, ухваленых афіцыйным Менскам на Стамбульскім саміце, ня толькі ня выканана, але па кожнай з чатырох умоваў можна канстатаваць “адкат”. За апошнія месяцы рэзка ўзмацніліся рэпрэсіі дзеля нагнятаньня страху. Падпадаюць пад мэтанакіраваны перасьлед тыя людзі, якія, зь меркаваньня ўлады, могуць быць больш пэрспэктыўнымі кандыдатамі пад час будучых выбараў”.
XS
SM
MD
LG