Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адзначаць беларусы сёлетнія ўгодкі Грунвальдзкай бітвы?


Іна Студзінская, Менск Сёньня – 594-я ўгодкі Грунвальдзкай бітвы. У пераможнай бітве галоўных сілаў Вялікага Княства Літоўскага ды Польскага Каралеўства з Тэўтонскім Ордэнам, найбуйнейшай бітве Сярэднявечча, якая вызначыла лёс не аднаго эўрапейскага народа, бальшыню войска Вітаўта Вялікага складалі беларусы. І хоць афіцыйны Менск звычайна не адзначае гадавіну Грунвальдзкай бітвы, лепшыя прадстаўнікі беларускіх рыцарскіх клюбаў шмат гадоў запар па традыцыі езьдзілі гэтымі днямі ў Польшчу і ўдзельнічалі у грандыёзных сьвяткаваньнях.

Таксама ўчора больш за дзьве з паловаю сотні рыцараў зь Беларусі накіраваліся ў мястэчка Грунвальд, што ў перакладзе з нямецкай азначае “Зялёны гай”. Толькі зь Менску адправілася 5 аўтобусаў з рыцарамі. Паехалі таксама прадстаўнікі Горадні, Берасьця, Полацку, Ліды. Усе яны – прадстаўнікі канфэдэрацыі “Рыцары Вялікага Княства”. Вось што распавёў перад самым ад’ездам кіраўнік канфэдэрацыі, старшыня клюбу “Княжы гуф” Фёдар Міхееў:

(Міхееў: ) “Усяго Канфэдэрацыя налічвае 14 клюбаў. Зь іх 6 маюць намер быць на гэтай бітве”.

(Карэспандэнтка: ) “Фёдар, а хто там будзе з Эўропы, якія Вашы старыя знаёмыя, зь якімі вы ўжо біліся і каго перамаглі?”

(Міхееў: ) “Тут не ідзе гаворка аб тым, каб перамагчы, тут галоўнае – паказаць людзям, у першую чаргу, маладому пакаленьню, як гэта ўсё было. І падтрымка традыцыяў – каб людзі не забывалі сваю гісторыю. Як заўсёды, будуць там чэхі, італьянцы, палякаў шмат, прадстаўнікі Літвы, Украіны, Расеі. Амаль дзьве тысячы ўдзельнікаў бітвы выходзяць на Грунвальдзкае поле, робяць імпрэзу, інсцэніроўку падзеяў. Там вершнікаў шмат, пяхоты, гарматы грымяць, стрэлы сьвішчуць дажджом. Гледачоў зьбіраецца 70-80 тысячаў”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы гатовыя, падрыхтаваныя – дасьпехі, амуніцыя, усё пры поўным парадзе?”

(Міхееў: ) “Мы заўсёды гатовыя. Але тут цяжкая справа была – набыць візы, усё арганізаваць. А клюбы – яны заўсёды рады паехаць на фэстываль”.

Сьвяткаваньні ў мястэчку Грунвальд адбудуцца з 16 па 18 ліпеня. Будуць там і рыцарскія бойкі, гульні, конкурсы, самыя розныя спаборніцтвы, выступленьні артыстаў і вайсковы парад. А галоўная імпрэза – інсцэніроўка самой бітвы, дзе будуць удзельнічаць амаль дзьве тысячы рыцараў – заплянаваная на суботу. Увечары, пасьля бітвы, адбудзецца традыцыйная рыцарская гулянка.

На сьвяткаваньне ўгодкаў Грунвальдзкай бітвы сёлета запрошаныя і прадстаўнікі беларускай амбасады ў Варшаве. Вось што распавёў мне Павал Латушка, Надзвычайны і паўнамоцны пасол Беларусі ў Польшчы.

(Латушка: ) “У мінулым годзе была вельмі цікавая інфармацыя на гэты конт на Радыё Свабода. Было паінфармавана аб удзеле ва ўгодках сьвяткаваньня афіцыйных дэлегацыяў і з Украіны, і зь Літвы. А вось афіцыйная дэлегацыя зь Беларусі нібыта не прыняла ўдзел ва ўрачыстасьцях мінулага году. Насамрэч, не прымалі ўдзел дэлегацыі ні Літвы, ні Ўкраіны, а на беларускую дэлегацыю нават ніякага запрашэньня не было скіравана.

У мінулым годзе я правёў размову з вуйтам той гміны, дзе адбываюцца ўрачыстасьці, і напярэдадні гэтых сьвяткаваньняў мы атрымалі запрашэньне на амбасаду ў Варшаве прыняць удзел у афіцыйных урачыстасьцях. Плянуецца, што прадстаўнік пасольства наведае Грунвальдзкае поле, ускладзе кветкі да помніка”.

У Менску ж на афіцыйным узроўні ніякіх імпрэзаў не плянуецца. Раней ў сталічным кафэ “Грунвальд” зьбіраліся рыцары, сьвядомыя беларусы, ладзілі цікавыя вечарыны. Але сёлета і гэтага не будзе. Вось што мне распавёў дырэктар кафэ “Грунвальд”:

(Дырэктар: ) “Напэўна, не атрымаецца нічога. Мы плянавалі, але…Да таго ж, улады горада зараз глядзяць на гэта зусім па-іншаму. Тады быў Ярмошын, адны погляды былі… Гэта не тэлефонная размова. Мы плянавалі і летась. Але паспрабавалі – справа ў тым, што ўзгадняць трэба з гарадзкімі ўладамі. І атрымалі ў гэтым пляне – дакладна, ясна і зразумела…”

Перамога ў Грунвальдзкай бітве ў 1410 годзе выратавала беларускі народ ад вынішчэньня і спыніла нямецкія напады. Пасьля гэтага цягам 500 гадоў нага ўзброенага немца не ступала на беларускую зямлю. Але афіцыйны Менск, на жаль, дагэтуль не адзначае гэта як сьвята.
XS
SM
MD
LG