Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь – адзіная краіна Ўсходняй Эўропы, дзе алімпійскія прызёры ня маюць пажыцьцёвых стыпэндыяў


Севярын Квяткоўскі, Менск У адрозьненьне ад суседніх краінаў, Беларусь адзначае сваіх алімпійскіх чэмпіёнаў аднаразовымі прэміямі. Сёлета за золата, срэбра і бронзу беларускія алімпійцы могуць разьлічваць на сумы адпаведна 60, 30 і 20 тысяч даляраў. Зусім нядаўна, 3 ліпеня, афіцыйная тэлевізія з гонарам дэманстравала беларусаў-алімпійцаў, якія ў савецкія часы і ў апошнія гады праслаўлялі Беларусь у сьвеце. А як складаецца лёс былых чэмпіёнаў, цяперашніх вэтэранаў спорту?

Галоўная розьніца між Беларусьсю й суседнімі краінамі ў ушанаваньні алімпійскіх прызёраў палягае ў тым, што ў Беларусі для іх няма пажыцьцёвых стыпэндыяў. Для прыкладу: і ў Польшчы, і ў Расеі, і ва Ўкраіне былыя алімпійскія чэмпіёны маюць такія стыпэндыі. У Польшчы штомесячная сума стыпэндыі прыблізна роўная дзьвюм з паловай тысячам даляраў, у Расеі – пяцістам далярам, ва Ўкраіне яна складае каля дзьвюхсот даляраў. Падобная ж карціна і ў іншых усходнеэўрапейскіх краінах, і ў краінах СНД.

Ня мае значэньня, ці зьдзейсьніў чалавек свой спартовы подзьвіг у савецкія часы, ці нядаўна: за такі ўчынак як перамога на Алімпіядзе дзяржава дзячыць пажыцьцёва. Але нашыя алімпійцы пасьля сыходу зь вялікага спорту застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі.

Варта зазначыць, што спорт забірае ў людзей здароўе. Лёсы складаюцца па-рознаму: хтосьці здольны рабіць уласны бізнэс, хтосьці ўладкоўваецца на якую дзяржаўную пасаду. А хтосьці вымушаны жыць на пэнсію. Напрыклад, залаты прызёр Манрэальскай алімпіяды 1976 году Аляксандар Газаў 27 гадоў аддаў стралковаму спорту, у якім ён выступаў за клюб ЦСК. Цяпер ён жыве ў вёсцы Калодчына Вілейскага раёну толькі за кошт вайсковай пэнсіі, якая роўная прыблізна ста пяцідзесяці далярам:

(Газаў: ) “Нікуды не запрашаюць, ні на якія падзеі, мерапрыемствы й г.д. На парад запрашалі – за ўсе гады першы раз”.

Аляксандар Газаў – адзін з трыццаці алімпійскіх чэмпіёнаў, якія два гады таму напісалі зварот на імя прэзыдэнта Лукашэнкі з просьбай заснаваць у Беларусі пажыцьцёвыя стыпэндыі. Чаму ён быў скіраваны менавіта на імя прэзыдэнта, а не ў Міністэрства спорту? Вось камэнтар неаднаразовага алімпійскага чэмпіёна й сябры Нацыянальнага Алімпійскага камітэту Ўладзімера Парфяновіча:

(Парфяновіч:) “У такой краіне як Беларусь да чыноўнікаў няма сэнсу зьвяртацца. Толькі канкрэтна да спадара прэзыдэнта”.

Што да рэакцыі Аляксандра Лукашэнкі, дык яе за два гады не было. Такім чынам, захоўваецца статус-кво: Беларусь – адзіная сярод суседніх краінаў, дзе алімпійскія прызёры ня маюць пажыцьцёвых стыпэндыяў.
XS
SM
MD
LG