Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтрвыбаркам мае намер разгледзець прапановы дэпутата Ўладзімера Навасяда


Уладзімер Глод, Менск На 15 ліпеня прызначанае паседжаньне Цэнтрвыбаркаму Беларусі, на якім будзе афіцыйна зацьверджаны каляндарны плян асноўных этапаў падрыхтоўкі й правядзеньня выбараў. Чакаецца, што на гэтым паседжаньні будуць разгледжаныя прапановы дэпутата Ўладзімера Навасяда наконт паляпшэньня ўмоваў правядзеньня выбараў. Ці можна гэта зрабіць, не мяняючы выбарчае заканадаўства?

Уладзімер Навасяд упэўнены, што такое магчыма праз пастановы ды інструкцыі самой ЦВК. Калі Цэнтрвыбаркам дасьць свае афіцыйныя тлумачэньні да асобных артыкулаў Выбарчага кодэксу, шмат праблем можна будзе зьняць. Паводле ягоных словаў, для выкананьня толькі аднаго патрабаваньня дэпутатаў-галадоўнікаў Уладзімера Парфяновіча, Сяргея Скрабца ды Валерыя Фралова – аб увядзеньні ў склад выбарчых камісіяў усіх узроўняў прадстаўнікоў палітычных партыяў – неабходна, каб быў зьменены Выбарчы кодэкс. Усё астатняе можна, так бы мовіць, падцягнуць да эўрапейскага ўзроўню праз службовыя рашэньні Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Што канкрэтна прапаноўвае спадар Навасяд? Напрыклад, да сёньняшняга дня не прадпісаныя крытэры, паводле якіх фармуюцца выбарчыя камісіі. І гэта дае магчымасьць мясцовым уладам – фармальна без парушэньня заканадаўства – не дапускаць у камісіі прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі.

Спадар Навасяд просіць унесьці адпаведныя тлумачэньні і па іншых этапах выбарчага працэсу: напрыклад, наконт дакладна прапісанага кантролю за захаваньнем скрынак для бюлетэняў, асабліва падчас датэрміновага галасаваньня. Хачу нагадаць, што, па сутнасьці, гэта ўжо зварот не аднаго дэпутата – прапанову падтрымала значная бальшыня дэпутатаў. На думку кіраўніка групы “Рэспубліка” Сяргея Скрабца – магчыма, таму, што “Рэспубліка” прапаноўвала зьмены ў Выбарчым кодэксе, а тут размова ідзе толькі пра практыку выбарчай кампаніі, якую праводзіць Цэнтрвыбаркам.

А вось як сам Уладзімер Навасяд ацэньвае шанцы на тое, што ягоныя прапановы будуць прынятыя Цэнтрвыбаркамам:

(Навасяд: ) “Відавочна, што будуць нейкія дэкляратыўныя рэчы ў Пастанове Цэнтрвыбаркаму, спасылкі на статуты й артыкулы Выбарчага кодэксу. Але нешта з гэтага дакумэнту можна будзе “выцыганіць”, калі можна так казаць. Вельмі важна, што мы будзем нешта мець на руках. Тады можна будзе весьці размову пра будучыню гэтага дакумэнту і наогул пра будучае выбараў”.
XS
SM
MD
LG