Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выгляд новых памятных манэтаў Нацыянальнага банку не зусім здавальняе адмыслоўцаў


Ігар Карней, Менск Нацыянальны банк Беларусі сёньня выпускае ў абарачэньне першыя памятныя манэты “Купальле” з новай сэрыі “Сьвяты і абрады беларусаў”. Ухваляючы саму ідэю выпуску калекцыйных манэт з сюжэтамі паводле нацыянальнай гісторыі і культуры, навукоўцы адначасна заўважаюць пэўныя гістарычныя і мастацкія хібы ў яе рэалізацыі.

“Купальле” – гэта ўжо шостая памятная манэта, якую сёлета выпусьціў у абарачэньне Нацыянальны банк. Першыя чатыры былі прысьвечаныя 60-годзьдзю вызваленьня Беларусі. Тры дні таму зьявілася манэта, прысьвечаная Магілёву, з сэрыі “Гарады Беларусі”. І вось сёньня “Купальлем” банк распачаў “Сьвяты і абрады беларусаў”.

Як выглядаюць новыя манэты? На пярэднім баку магілёўскай манэты – рэльефны відарыс сёньняшняга Дзяржаўнага гербу, а на адваротным – рэльефная выява панарамы Магілёва з гравюры 18 стагодзьдзя, ды ўверсе – невялікае адлюстраваньне гербу горада. У цэнтры пярэдняга боку манэты “Купальле” – салярны знак у выглядзе васьміканцовай зоркі, традыцыйны арнамэнт, а ўверсе – невялікая выява дзяржаўнага гербу. На адваротным баку – малюнак міталягічнай папараць-кветкі.

Днямі гісторык і археоляг Алег Трусаў прафэсійным позіркам заўважыў істотныя, зь ягонага гледзішча, хібы, зьвязаныя перадусім з магілёўскай манэтай.

(Трусаў: ) “На гэтай манэце адлюстраваная гравюра 18-га стагодзьдзя. Але… Ёсьць думка, што гэта ня той Магілёў. Існуе вэрсія, што гэта Магілёў-Падольскі. Адносна гэтай гравюры спрэчкі ў гісторыкаў працягваюцца. Але вельмі прыемна бачыць герб гораду, які грамадзкасьць адстаяла, калі яго нядаўна хацелі памяняць. Гэты герб быў зацьверджаны ў сярэдзіне 17 стагодзьдзя ў зьвязку з вызваленчым паўстаньнем магілёўцаў ад царскай акупацыі”.

Сапраўды, увекавечваць на калекцыйных вырабах спрэчную нават для гісторыкаў гравюру – вельмі рызыкоўна. А хто ж выконвае выявы на манэтах? Ці супрацоўнічае Нацбанк з кімсьці з прафэсійных мастакоў, і ці кансультуецца пры гэтым з навукоўцамі?

Як высьветлілася, усё робіцца практычна ўласнымі сіламі банку: усе сэрыі падрыхтавала дызайнэр, вядучы спэцыяліст-мастак Сьвятлана Заскевіч. А вось што распавяла яна сама:

(Заскевіч: ) “Нацыянальны банк штогод распрацоўвае плян тэматычных манэтаў. Гэта ўзгадняецца з галіновымі ведамствамі ў справах культуры, прыродных рэсурсаў, аховы помнікаў, спорту і г.д. Усё бярэцца не ад галавы, а пад канкрэтныя даты, мерапрыемствы, спартовыя дасягненьні. Нам, дарэчы, актыўна дапамагае Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Нацыянальнай акадэміі навук, дае парады, бо любы, нават самы мінімальны элемэнт у манэце, мае вялікае значэньне: пачынаючы кожную новую тэму, мы застаемся дылетантамі, нічога асаблівага ня ведаем, таму зьвяртаемся да адмыслоўцаў у гэтых галінах”.

Дарэчы, спэцыялісты хоць і адзначаюць пэўныя недахопы, у прынцыпе вітаюць захады Нацыянальнага банку ў прапагандзе беларускай культуры. Вось яшчэ адно меркаваньне Алега Трусава:

“Трэба аддаць належнае Нацыянальнаму банку, які вытрымлівае моўную палітыку: усе нашыя купюры, а цяпер і памятныя манэты, аформленыя выключна па-беларуску. Аднак, калі паглядзець на рэльеф, на сымболіку – тут шмат творчай фантазіі… Асабліва мяне зьдзівіла выява гэтак званай “папараць-кветкі”, якую ніхто ніколі ня бачыў. Мастачка, як думала, гэтак і намалявала. А замежныя калекцыянэры, магчыма, будуць думаць, што гэта сапраўды кветка папараці, якой няма ў сьвеце”.

Нацыянальны банк і надалей будзе працягваць выпуск памятных манэтаў. Адна з бліжэйшых сэрыяў будзе прысьвечаная беларускім спартоўцам, якія стануць героямі Алімпійскіх гульняў у Афінах.
XS
SM
MD
LG