Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Роўна 594 гады таму адбылася Грунвальдзкая бітва


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 15 ліпеня

Найважнейшая каляндарная дата сёньняшняга дня – чарговыя ўгодкі Грунвальдзкай бітвы, якая адбылася 15 ліпеня 1410 году і прынесла нашым продкам вырашальную перамогу над Тэўтонскім ордэнам. Было гэта каля вёсак Грунвальд і Танэнбэрг у цяперашнім Альштынскім ваяводзтве ў Польшчы. Плян бітвы быў распрацаваны каралём Ягайлам і вялікім князем Вітаўтам, які стаў галоўным пэрсанажам Грунвальду і галоўным пераможцам.

15 ліпеня 1675 году нарадзіўся Станіслаў Панятоўскі, вайскаводзец, прадстаўнік найвышэйшай беларускай магнатэрыі. У часе расейска-швэдзкай вайны генэрал Панятоўскі змагаўся на баку швэдаў і прадстаўляў тую частку нашых продкаў, што займалі антырасейскія пазыцыі.

15 ліпеня – дзень нараджэньня адразу некалькіх беларускіх паэтаў. У гэты дзень у 1876 годзе ў цяперашнім Шчучынскім раёне пачалося жыцьцё Алаізы Пашкевіч – Цёткі. Апроч вершаў і ўдзелу ў палітычнай барацьбе, Цётка шмат падарожнічала. Пасьля вучобы ў Вільні яна працягвала адукацыю ў Пецярбургу, Львове і Кракаве, пабывала ў Нарвэгіі і Швэцыі.

Таксама 15 ліпеня ў 1900-м годзе прыйшоў на сьвет Уладзімер Дубоўка – адзін з найвялікшых беларускіх паэтаў ХХ стагодзьдзя. Паходзіў Дубоўка зь вёскі Агароднікі на Пастаўшчыне і быў ці ня самым прыкметным завадатарам літаратурнага жыцьця ў савецкай Беларусі. Эстэтыку Дубоўка ставіў вышэй за ідэалёгію, таму ўжо ў 1931 годзе яго пакаралі пяцігадовай высылкай углыб Расеі. Пасьля гэтага быў новы арышт і новая высылка – на 10 гадоў. У адрозьненьне ад многіх іншых паэтаў, Дубоўка пазьбегнуў сьмяротнага пакараньня, але быў надламаны лягерным жыцьцём і ў Беларусь ужо не вярнуўся.

О, Беларусь, мая шыпшына, Зялёны ліст, чырвоны цьвет! У ветры дзікім не загінеш, Чарнобылем не зарасьцеш,

пісаў паэт свае прарочыя радкі ў 1925-м годзе.

15 ліпеня 1963 году выйшаў у сьвет “Дыялектычны атляс Беларусі” – фундамэнтальная мовазнаўчая праца, якую шмат гадоў рабіў вялікі калектыў навукоўцаў. Атляс – гэта збор лінгвістычных мапаў, на якіх адлюстраваныя асаблівасьці жывой гаворкі ў кожным месцы Беларусі. Калі людзі абмяркоўваюць беларускую мову, яны звычайна кажуць “А ў нас так гавораць, а ў нас так ня кажуць”. Дыялектычны атляс Беларусі якраз і паказвае, дзе, як і што кажуць беларусы.
XS
SM
MD
LG