Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Славянскі базар” будуць ахоўваць 1300 міліцыянтаў


Міхал Стэльмак, Менск Агляд незалежнай прэсы

“Кур’ер з Барысава” у сьвежым нумары паведамляе пра мітынг прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці, што адбыўся ў Барысаве ў мінулую суботу. Адметнасьцю акцыі, паводле газэты, стаў візыт у гэты горад фактычна ўсіх сёньняшніх лідэраў беларускай апазыцыі. Не пакінулі без увагі гэты візыт і прадстаўнікі праваахоўчых ворганаў, якія здымалі ўдзельнікаў акцыі на відэастужку. На гэтай відэастужцы, як зазначае выданьне, павінна было захавацца аднадушнае ўхваленьне ўдзельнікамі мітынгу яе рэзалюцыі. У прыватнасьці, у ёй гаворыцца пра пратэст барысаўчанаў супраць трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі. Ухвалена таксама неабходнасьць актыўнага ўдзелу жыхароў Барысава ў парлямэнцкіх выбарах і супрацьдзеяньня магчымай фальсыфікацыі іх вынікаў.

Газэта “Віцебскі кур’ер” знаёміць сваіх чытачоў з парадкамі на сёлетнім фэстывалі “Славянскі базар”, які адчыняецца ў Віцебску. Мінулыя гады засьведчылі, што ў часе фэстывалю на віцебскіх вуліцах павялічваецца колькасьць нецьвярозых грамадзянаў. Як правіла, гэтая публіка прыносіла шмат непрыемнасьцяў шараговым жыхарам: і сваімі ўчынкамі, і зьнешнім выглядам. Сёлета, паводле выданьня, на ахове грамадзкага парадку будзе задзейнічана 1300 супрацоўнікаў міліцыі і ўнутраных войскаў. Апроч мясцовых міліцыянтаў, ахоўваць гэты парадак будуць міліцыянты зь іншых раёнаў вобласьці. Ужо зараз асаблівую занепакоенасьць праваахоўчых органаў выклікае моладзь. Як сьведчыць фэстывальны досьвед, у часе гэтага мерапрыемства ў Віцебску расьце колькасьць п’яных падлеткаў–хлопчыкаў і дзяўчынак. Перад уваходам у амфітэатар міліцыянты, як зазначае газэта, будуць прыдзірліва аглядаць кожнага гледача, а асабліва падазроных мяркуюць накіроўваць на асабісты дагляд.

“Віцебскі кур’ер” зьвяртае ўвагу і на яшчэ адну культурніцкую падзею, што праходзіць зараз у вобласьці – зладжаную ў Воршы выставу “Браня і крылы апэрацыі “Багратыён”, прысьвечаную 60-м угодкам вызваленьня Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў. Паводле газэты, незразумела, чаму гэтую выставу разьмясьцілі ў музэі пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча. Выданьне зьдзіўляе таксама і яе экспазыцыя. У прыватнасьці, вайсковая амуніцыя, якая нібыта ня мае ніякага дачыненьня да эпохі 60-гадовай даўніны. Як вынікае з публікацыі, некаторыя экспанаты былі ўзятыя на складах сучаснага войска. Гэтак, у пісьменьніцкім музэі разьмясьцілі маскіровачную сетку. І наогул у Воршы, паводле “Віцебскага кур’еру”, такой сеткай чамусьці пачынаюць маскіраваць зараз і іншыя аб’екты гораду.
XS
SM
MD
LG