Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле дадзеных сацыялягічнага апытаньня, алькагалізм закранае ўсе роўні беларускага грамадзтва


Юлія Шарова, Менск Алькагалізм перастае быць тыповай хваробай малазабясьпечаных людзей, нізкакваліфікаваных работнікаў. Сярод тых, хто становіцца залежным ад сьпіртовых напояў, усё часьцей трапляюцца нават рэспэктабэльныя людзі. Менскі інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных праблемаў правёў чарговае сацыялягічнае апытаньне жыхароў краіны. Высьветлілася, што сярод тых, хто ўжывае алькаголь штодня, найболей прадпрымальнікаў.

Сацыялягічнае апытаньне паказала, што траціна менчукоў не ўжывае алькаголь наагул. 2,3 адсоткі апытаных робяць гэта практычна штодня – у гэтай катэгорыі рэспандэнтаў аказалася найболей прадпрымальнікаў. Больш за палову жыхароў сталіцы каштуюць сьпіртовыя напоі колькі разоў на месяц, 10 адсоткаў – колькі разоў на тыдзень. Тут найболей працоўных. Усяго ж у краіне ўжо калі мільёну алькаголікаў.

Намесьнік галоўнага доктара Менскага гарадзкога наркалягічнага дыспансэра Вадзім Кірылюк гаворыць, што гэтая хвароба ўсё часьцей абірае сабе ахвяры сярод забясьпечаных і прыстойных людзей.

(Кірылюк: ) “Закранутыя цяпер усе слаі насельніцтва. І асобы з адукацыяй пакутуюць ня менш за простых працоўных. А можа ў сапраўднасьці яны цяпер і пераскокваюць, бо стрэсы і гэтак далей. Яны, магчыма, хітрэйшыя, разумнейшыя й ня так часта трапляюць у поле зроку міліцыі”.

Мой суразмоўца кажа, што яго такія тэндэнцыі палохаюць: чалавек, які займацца інтэлектуальнай працай, на тле алькагалізму можа стаць нават небясьпечным.

Як хутка звычайны аматар выпіць ператвараецца ў алькаголіка? Са словаў Вадзіма Кірылюка, існуюць нейкія стандартныя дозы ўжываньня алькаголю, пры якіх залежнасьць не ўзьнікае. Для сярэдняга чалавека такая стандартная доза складае 20-30 мілілітраў чыстай гарэлкі, прычым за адзін заход можна выпіваць ня болей за дзьве такія дозы. Пры гэтым ужываць алькаголь трэба не часьцей за два разы на тыдзень.

Галоўнае, кажа нарколяг, каб паміж ужываньнем сьпіртовых напояў былі значныя прамежкі цьвярозасьці. Умоўна кажучы, калі звычайны чалавек у аўторак і ў суботу будзе піць да 50 грамаў гарэлкі, то ў алькаголіка ён не ператворыцца. Спадар Капусьцін, аднак, заўважае, што гэта не ўнівэрсальнае правіла, бо ўсё залежыць ад канстытуцыі кожнага чалавека. Ва ўсялякім разе, ён раіць каштаваць віно, гарэлку й нават піва як мага радзей.

Ня так даўно галоўны нарколяг краіны Ўладзімер Максімчук заяўляў пра тое, што існуючы пункт экспэртызы алькагольнага ап’яненьня ў Менску ўжо не ўпраўляецца, бо працуе з трайной нагрузкай. За апошнія 10 год колькасьць тых, хто трапіў у гэты пункт, узрасла ў дзесяць разоў. Усяго ў Беларусі летась правялі 134,3 тысячы такіх экспэртызаў, зь іх 18,4 тысячы – у Менскім пункце. Таксама летась экспэртыза выявіла алькагольнае ап’яненьне ў 80 тысяч беларускіх кіроўцаў.
XS
SM
MD
LG