Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску заўтра пачынаецца “Славянскі базар” – на канцэрт Філіпа Кіркорава зь яйкамі й памідорамі пускаць ня будуць


Браніслава Станкевіч, Віцебск Фэстываль распачнецца заўтра, і арганізатары спадзяюцца, што ўсе фэстывальныя імпрэзы будуць мець посьпех у гледачоў ды пройдуць безь непрыемных эксцэсаў, нягледзячы на тое, што парадкавы нумар сёлетняга фэстывалю нібыта нешчасьлівы – трынаццаты.

Дырэкцыя фэстывалю “Славянскі базар у Віцебску” абсалютна пераканана, што лічба “13” ня можа перашкодзіць правядзеньню чарговага міжнароднага сьвята мастацтваў. Пэўнай гарантыяй у гэтым сэнсе сталася й спраўнае фінансаваньне фэстывалю: упершыню ўсе грошы, выдаткаваныя на “Славянскі базар”, атрыманы больш ці менш своечасова. Прычым, зь беларускага бюджэту сёлета выдаткавана на 200 000 даляраў больш, як летась.

Безнаяўныя грошы набываюць сваё ўвасабленьне проста ўвачавідкі: традыцыйна рамантуюцца дарогі, фарбуюцца фасады. Надарыліся й некаторыя неспадзяванкі: з тае прычыны, што раптам знайшліся грошы на замену драўляных лавак плястыкавымі крэсламі ў амфітэатры, некаторым гледачом даводзіцца мяняць набытыя білеты, бо глядацкія шэрагі з новай мэбляй пакарацелі.

І ўсё ж бальшыня жыхароў Віцебску задаволена, што горад хаця б раз на год парадкуюць, дый адбудоўваюць яшчэ які-небудзь аб’ект. Сёлета, да прыкладу, упершыню прыме гасьцей новы гатэль “Лучоса”, які ніяк не маглі дабудаваць апошнія сем год. У пэўнай ступені гэта дапаможа вырашыць праблему разьмяшчэньня артыстаў, якіх на фэстываль прыехала 6 тысяч.

Аднак выканаць усе ўмовы дасланых напярэдадні так званых “райдэраў” – сьпісаў з патрабаваньнямі “зорак” да месца пражываньня – супрацоўнікі гатэлю пакуль што ня могуць. І адміністратарцы Сьвятлане Зайцавай даводзіцца ўгаворваць гастралёраў, каб яна не былі задужа патрабавальнымі.

(Зайцава: ) “Усе іхныя пажаданьні мы выканаць папросту фізычна ня можам, нават у нашым гатэлі. Але ж артысты жывуць і на базах адпачынку, і ў школах-інтэрнатах… Даводзіцца іх угаворваць, і яны нам часьцей за ўсё саступаюць”.

Асабліва загадкавай ды небясьпечнай арганізатарам сьвята падаецца хіба асоба расейскага сьпевака Філіпа Кіркорава, канцэрт якога будзе першым выступам пасьля нядаўняга канфлікту на растоўскай прэсавай канфэрэнцыі, дзе ён публічна абразіў журналістку Ірыну Араян.

Дырэктарт віцебскага фэстывалю Радыён Бас падкрэсьліў, што ўласную прэсканфэрэнцыю зь ім арганізатары праводзіць не плянуюць, але канцэрт адбудзецца абавязкова, бо кантракт са сьпеваком падпісаны яшчэ ў верасьні мінулага году.

Дарэчы, адмысловыя захады па захаваньні бясьпекі ў часе канцэрту Філіпа Кіркорава заплянавала віцебская міліцыя: у глядзельнай залі будуць знаходзіцца 300 міліцыянтаў у цывільным, якія мусяць спыніць магчымыя подступы недобразычліўцаў. На ўваходзе ў амфітэатар адмысловы патруль будзе правяраць зьмесьціва сумак гледачоў, якім забаронена прыносіць з сабою халодную зброю, напоі ў шкляным посудзе, а таксама – жартуюць міліцыянты – нясьвежыя яйкі й памідоры.

Наагул ахоўваць грамадзкі парадак у фэстывальным Віцебску будуць каля 1300 міліцыянтаў. На думку дырэкцыі, гэта зусім ня шмат, калі ўлічыць, што гандаль сьпірутусовымі напоямі ў фэстывальным цэнтры гарадзкія ўлады адмяняць ня сталі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG