Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Рэчыцы райвыканкам забавязаў мясцовых прадпрымальнікаў ахвяраваць па 1 тысячы даляраў на плітку для ходнікаў


Казімер Яноўскі, Рэчыца Рэчыцкі райвыканкам змушае мясцовых прадпрымальнікаў ахвяраваць буйныя сумы грошай на асталяваньне ходнікаў бэтоннай пліткай.

Напачатку ліпеня дзясяткі дробных прадпрымальнікаў Рэчыцы атрымалі лісты з подпісам першага намесьніка старшыні райвыканкаму Пятра Шостака. Кожны з прадпрымальнікаў абавязаны ўзяць удзел ва ўпарадкаваньні вуліцы Савецкай і пералічыць, як сказана, на ўкладваньне ходнікаў бэтоннай пліткай 2 мільёны 200 тысяч рублёў. Гэта, дарэчы, адпавядае 1 тысячы даляраў.

Распавядае кіраўнік Рэчыцкай арганізацыі грамадзкага аб`яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Леанід Невар:

(Невар: ) “Пасьля страйку 17 чэрвеня кіраўнікі выканкаму спадары Баранаў, Шостак сталі выклікаць да сябе прадпрымальнікаў і патрабаваць пералічыць на адмысловы рахунак такія буйныя сумы грошай. Прадпрымальнікі, што арэндуюць гандлёвыя плошчы ў Доме побыту, патлумачылі, што ня маюць такіх сродкаў. У адказ Пётар Шостак заявіў: у такім разе з будучага году дамовы на арэнду памяшканьня ня будуць падоўжаны. Яшчэ адзін намесьнік старшыні выканкаму, Генадзь Каротчанка, патрабаваў ад прадпрымальнікаў “Славянскага рынку” заплаціць унёскі ў фонд сацыяльнага страхаваньня, пачынаючы з 2002 году. Гэта таксама велізарныя сумы – паўтара-два мільёны рублёў”, – паведаміў Леанід Невар.

Паводле распараджэньня выканкаму, палову 1000-даляравай сумы на плітку для ходнікаў дробныя бізнэсоўцы мусяць пералічыць да 15 ліпеня.

Гаворыць прадпрымальніца Галіна. Яна арандуе плошчу ў Доме побыту:

(Галіна: ) “Ніхто не плаціў. Людзі ў шоку: сума немаленькая. Многія зрабілі рамонт, аднавілі памяшканьне. Фактычна сталі крыху ўзьнімаць галаву. І тут абухом па гэтай галаве: заплаціце на плітку тысячу даляраў”.

Сёньня ўвечары прадпрымальнікі зьбяруцца на сход – абмеркаваць свае дачыненьні зь мясцовым выканкамам. Дадамо, што, апрача пералічэньня грошай на плітку для ходнікаў, унёсак за мінулыя гады ў фонд сацыяльнага страхаваньня, на прыватныя прадпрыемствы і бізнэсоўцаў “накінулі” яшчэ й разнарадку на набыцьцё квіткоў грашова-рэчавай латарэі “Гамяльчанка”.
XS
SM
MD
LG