Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле абноўленай мапы радыяцыйнай забруджанасьці, чыстых земляў у Беларусі паболела


Галіна Абакунчык, Менск Камітэт па праблемах катастрофы на Чарнобыльскай АЭС падрыхтаваў і выдаў новую мапу радыяцыйнай забруджанасьці Беларусі. За ейнымі межамі засталіся каля 130 населеных пунктаў, у тым ліку гарады Жлобін і Рагачоў, насельніцтва якіх складае каля 100 тысяч чалавек.

Гэты дакумэнт яшчэ не пазбаўляе жыхароў пэўных паселішчаў права на атрыманьне ільгот, прадугледжаных Законам аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, але ўжо ёсьць падставаю для прыняцьця такога рашэньня Ўрадам краіны.

Складальнікі памянёнае мапы заяўляюць, што яна рабілася дзеля інфармаваньня насельніцтва пра ўзровень забруджаньня тамтэйшых зямель. Але гэтыя ж дасьледаваньні выкарыстоўваюцца таксама пры складаньні новых сьпісаў населеных пунктаў, якія пазбаўляюцца статусу забруджаных, – паведаміў у інтэрвію Радыё Свабода кіраўнік аддзелу рэабілітацыі забруджаных тэрыторый Дзяржкамчарнобылю Генадзь Анцыпаў.

(Анцыпаў: ) “Мапа – гэта агульны погляд. Бяз гэтага таксама кіроўныя рашэньні не прымаюцца. А для дэталізацыі ёсьць лічбавая інфармацыя, якую падчас падрыхтоўкі новага пераліку мы заўсёды рэпрэзэнтуем. Цяпер гэтая праца ідзе: у 2004 годзе будзе новы пералік, адносна гэтага ёсьць Пастанова Ўраду”.

Паводле спадара Анцыпава, з жаданьня мясцовых гаспадарнікаў гэтыя землі могуць быць уведзеныя ў севазварот. Але чыстымі іх можна назваць толькі ўмоўна – кажа намесьнік дырэктара Інстытуту “Белрад” Аляксандар Давойна.

(Давойна:) “Ідзе распад радыяактыўны, і, фармальна кажучы, – землі патрэбна пераводзіць у іншы разрад. Гэта па мапе. Але жыцьцё паказвае, што найбольшай небясьпекай ёсьць прадукты харчаваньня ў прыватным сэктары. Цэзій-137 таксама вельмі любіць грыбы й ягады. Ды й лясная дзічына – яна ж на мапу не глядзіць, куды ёй бегчы ці ляцець”.

Паводле дзейнага заканадаўства, мапа радыяцыйнай забруджанасьці мусіць пераглядацца не радзей, чым кожныя пяць гадоў, але апошні раз яе абнаўлялі ў 2001 годзе. Незалежныя адмыслоўцы цьвердзяць, што кантроль пацярпелых зямель ёсьць міжнароднай практыкай, аднак у Беларусі гэта робіцца ў большай ступені з эканамічных меркаваньняў. Вось што ў інтэрвію Радыё Свабода сказаў вядомы навуковец і палітык Станіслаў Шушкевіч.

(Шушкевіч: ) “Усе людзі, якія апынуліся ў зоне, азначанай як небясьпечная, маюць права на падтрымку. Нашая дзяржава, калі яна абмяжоўвае зону падтрымкі, – паказвае, што ейныя эканамічныя магчымасьці нікчэмныя. Таму, акрамя як ахоўваць прэзыдэнта, яна нікога ня здольна падтрымліваць”.

Паводле мінулагодняга перапісу населеных пунктаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, зь пераліку радыяцыйна забруджаных былі выведзены 140 вёсак і гарадоў. Сёлета на падставе складзенай мапы са сьпісу могуць быць выдалены яшчэ 130 паселішчаў.
XS
SM
MD
LG